І як тут не сьмяяцца…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
І як тут не сьмяяцца…
Верш
Аўтар: Янка Купала
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/70



На нашым хітрым сьвеце
      Ўсяляк жыве народ:
Адзін жыве па-людску,
      Другі жыве, як скот.

Адзін другім гандлююць,
      Купляюць, як той квас, —
Падноскі падбіваюць
      Стаячаму ня раз.

І як тут не сьмяяцца
І праўды не сказаць:
Варон на сьвеце многа,
Ды некаму страляць.

                 *

Вось мчыцца пан на парцы,
      Упражка зіхаціць!
І конікі абмыты,
      І панскі лоб блішчыць.

На цэлы сьвет з пагардай
      Дзікім глядзіць казлом,
А быў жа ён нядаўна
      Авечак гандляром.

І як тут не сьмяяцца
І праўды не сказаць:
Варон на сьвеце многа,
Ды некаму страляць.

                 *

Вось хцівец грошы многа
      З працэнтаў назьбіраў.
І фабрыку паставіў —
      Людзям заробак даў.

Працуе душ галодных
      Там соценькі са дзьве,
А ненасытны хцівец
      Крывавы пот гняце.

І як тут не сьмяяцца
І праўды не сказаць:
Варон на сьвеце многа,
Ды некаму страляць.

                 *

Вось доктар, пан вяльможны,
      Лякар мужчын, кабет,
Вядзе убогіх, хворых
      Ў асобны кабінет.

Пукнуў, паслухаў троху
      І кажа рубля даць,
А сам, як быў студэнтам,
      Шоў бедным памагаць!..

І як тут не сьмяяцца
І праўды не сказаць:
Варон на сьвеце многа,
Ды некаму страляць.

                 *

Вось ксёндз, служэбнік Божы,
      Ўвесь навучае люд,
Каб у касьцёл хадзілі,
      Каб не грашылі тут.

Каб к жонкам на вячоркі
      Ня бегалі чужым,
Бяднейшым памагалі;
      А сам?.. ну, Бог і зь ім!

І як тут не сьмяяцца
І праўды не сказаць:
Варон на сьвеце многа,
Ды некаму страляць.

                 *

Вось аканом пузаты,
      На чым ёсьць сьвет, раве,
Хоць клёку за капейку
      Ня мае ў галаве.

І лае так сусьветна
      Вясковых ён людзей;
А пасьвіў жа нядаўна
      У вёсцы той сьвіней.

І як тут не сьмяяцца
І праўды не сказаць:
Варон на сьвеце многа,
Ды некаму страляць.

                 *

Вось шляхціц, марны шэршань,
      Той выскачак адзін,
Душу заціркай муча, —
      Ужо ён гаспадзін!

Бяднейшаму ўжо брату
      Рукі не падае,
Хоць сам такія ж лапці
      На ногі надзяе.

І як тут не сьмяяцца
І праўды не сказаць:
Варон на сьвеце многа,
Ды некаму страляць.

                 *

Вось мужычок быў хітры, —
      Абралі старшыной;
Як чорт перамяніўся,
      І свой яму ня свой!

З ураднікам у шайцы
      І зь пісарам у лад
Ён мужыкоў, як ліпак,
      Абдзёрці ва ўсім рад.

І як тут не сьмяяцца
І праўды не сказаць:
Варон на сьвеце многа,
Ды некаму страляць.

                 *

Цяпер свае прыпеўкі
      Я кіну да пары,
Бо шмат каму, напэўна,
      Яны не па нутры.

Бо, як там кажуць: шапка
      На злодзеі гарыць
Ці — парасё хто ўкрадзе,
      Таму ў вушах пішчыць…

І як тут не сьмяяцца
І праўды не сказаць:
Варон на сьвеце многа,
Ды некаму страляць.

(12.V.1906.)