Дзе б і праўда жыла…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Дзе б і праўда жыла…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1905—1907
Крыніца: http://rv-blr.com/pages/book_contents.jsp?idLit=2663#658



Дзе б і праўда жыла, дзе б і доля цьвіла,
Не стагналі б дзе людзі над горам-бядой,
Сьлёзаў дзе б не цякло, кроў бы дзе не плыла, —
Паляцеў бы туды, паляцеў бы з душой.

І запеў бы там песьню, эй, думу сваю,
Нібы той салавейка у цёмным бары,
Каб той сьвет мяне чуў, як шчасьліва пяю,
Сьлёз ня лью, як цяпер, ад зары да зары.

Дый ня мне сьніці, пець аб шчасьлівых краёх:
Кругом бачу і сьлёзы, і кроў, і бяду;
Неспакойнай душой надарыў мяне Бог,
І з такой у магілу, напэўна, сыйду.

Пакуль волі ня ўбачу над роднай зямлёй,
Ці ж бы радасьцяй песьні азвацца маглі?
І пакуль буду бачыць, як плача брат мой,
Мне праўдзівага шчасьця ня знаць на зямлі.

Шуміць вецер, лісты абівае зь бяроз,
Абламляе гальлё, не цярпіць, а гудзіць.
Хто сьмяецца са сьлёз — сам прычынай тых сьлёз,
Хто ня ўмее будзіць — сам зато крэпка сьпіць.

Прэч з дарогі, мужык, абарванец ліхі!
Што? паноў не пазнаў са двара ты сваіх?
Ну, хамула, набок! а што? выйшаў сухі?!
Чорт ляціць, і крычыць, і быдляча ўсё, ўсіх.

(1905—1907)