Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/Дзе-б і праўда жыла…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Як пайду я, пайду… Дзе-б і праўда жыла…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Рвуцца сілы…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дзе б і праўда жыла…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДЗЕ-Б І ПРАЎДА ЖЫЛА…

Дзе-б і праўда жыла, дзе-б і доля цьвіла
Не стагналі-б дзе людзі над горам-бядой,
Сьлёзаў дзе-б не цякло, кроў-бы дзе ня плыла,
Паляцеў-бы туды, паляцеў-бы з душой.

І запеў-бы там песьню, эй, думку сваю,
Нібы той салавейка у цёмным бары,
Каб той сьвет мяне чуў, як шчасьліва пяю,
Сьлёз ня льлю, як цяпер, ад зары да зары.

Дый ня мне сьніці, пець аб шчасьлівых краёх:
Кругом бачу і сьлёзы, і кроў, і бяду;
Неспакойнай душой надарыў мяне бог,
І з такой у магілу напэўна зыйду.

Пакуль волі ня ўбачу над роднай зямлёй,
Ці-ж бы радасьцяй песьні азвацца маглі?
І пакуль буду бачыць, як плача брат мой,
Мне праўдзівага шчасьця ня знаць на зямлі.

Шуміць вецер, лісты абівае з бяроз,
Абламляе гальлё, не цярпіць, а гудзіць.
Хто сьмяецца са сьлёз — сам прычынай тых сьлёз,
Хто ня ўмее будзіць — сам зато крэпка сьпіць.

Прэч з дарогі, мужык, абарванец ліхі!
Што? паноў не пазнаў са двара ты сваіх?
Ну, хамула, на бок! а што? вышаў сухі?!
Чорт ляціць і крычыць і быдляча ўсё, ўсіх.