Перайсці да зместу

Вываз крыўскіх культурных цэннасьцяў у Польшчу ў часе польска-расійскай вайны 1918—1919 гг.

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Выдатнейшыя крывічы (беларусы)-высяленцы ў Масковію Вываз крыўскіх культурных цэннасьцяў у Польшчу ў часе польска-расійскай вайны 1918—1919 гг.
Артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1925 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 10 (2), ліпень-сьнежань 1925 г., б. 108-110
Рэзаць, кроіць, стругаць, кружаць

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЫВАЗ КРЫЎСКІХ КУЛЬТУРНЫХ ЦЭННАСЬЦЯЎ У ПОЛЬШЧУ Ў ЧАСЕ ПОЛЬСКА-РАСІЙСКАЙ ВАЙНЫ 1918-1919 гг. Паводле справаздачы „Таварыства Украіннай Старожы“ (Towarzystwa Straży Kresowej), надрукаванай у месячніку „Wschod Polski“ (№ 6-7 (17-18) 1921 г.), у мэтах зьбіраньня нашых культурных цэннасьцяў „пры кождай польскай вайсковай часьці былі назначаны вайсковыя чыноўнікі ў характары рэфэрэнтаў“, якія, паслуговуючыся вайсковым апаратам, згодна інструкціям Таварыства, зьбіралі і вывозілі ў Варшаву, Кракаў і др. гарады Польшчы нашы культурныя цэннасьці. Для зьбіраньня забыткаў старасьветчыны пры вайсковых рэфэрэнтах былі сарганізаваны кружкі з мяйсцовых „обываталяў“-палакаў, ў якія ўходзілі людзі ўсякага веку і стану як агенты. Кружкоў такіх названае Таварыства мела 180, між іншымі, — у такіх масцовасьцях: у Магілеве, Менску, Вільне, Несьвіжы, Слуцку, Міры, Пінску, Заслаўлі. Высілкамі гэтых кружкоў і вайсковых рэфэрантаў ў часе адходу палякаў з Менска ў 1919 годзе між іншым вывезена: музэй ім. Ельскіх з Менска, ў якім было некалькі сот, па акрэсьленьню справаздачы, „бязмерна цэнных“ абразоў і сабрацьне Александра Ельскага з Замосьця (ў Меншчыне, сабраньні Радзівілаў, Тышкевічаў, Чапскіх і інш. З аднаго Менску вывезена абразоў, кніг, старых дакумантаў, тканін і інш. 255 пакаў, а з усяго краю ў адну толькі Варшаву на склады Таварыства прыбыло ў часе эвакуаціі 2.100 пакаў абразоў, тканінаў, дыванаў, серабра, бронзы, парцэляны, шкла, гравюр і кніг.

Аднак, акція зьбіраньня і вывожаньня нашых культурных цэннасьцяў вялася палякамі сыстэматычна і раней, што відаць са стацьці Казіміра Соханевіча „Sprawa rewindykacji archiwow i mienia kulturalnego Polski od Rosji“ („Wschod Polski“, № 8-9 (19-20) 1921 г.). З гэтай мэтай названым таварыствам быў ў 1917 годзе сарганізаваны асобны яго аддзел „Таварыства апекі над забыткамі“, мэтай якога было выведываць і рэгістраваць усякія культурныя забыткі і ў часе рэволюційнай завірухі хаваць, або вывозіць іх у Польшчу. Аддзелы гэнага Таварыства „апекі“ у часе польскай акупаціі працавалі ў кантакце з вайсковымі рафорэнтамі і былі па такіх гарадох.

У Клецку аддзел „Т-ва апекі“ сарганіваваны з ініціятыны Багуцкага і Бельскага ў 1918 годзе.

У Менску, сарганізаваны ў 1918 годзе, сваей дзейнасьцю абыймаў ўсю Меншчыну, акром Слуцка. На чале гэтай установы па грабленьню нашых культурных цэннасьцяў стаялі: Ст. Неканда-Трэпка, як старшыня, Ст. барон Дангель (Падгорная, 4) і сэкрэтар Рышард Біске, Менскі аддзел „апекі“ над забыткамі падзяляўся на сэкціі: 1) артыстычную, 2) архітоктонічную, 3) бібліатэчна-гістарычную, 4) старога Менска, 5) культурную. Да гэтага трэба дадаць, што, між іншымі спосабамі сабіраньня цэннасьцаў, Таварыства вяло аб‘езды па ўсей Меншчыне з мэтай рэгістраціі цэннасьцяў, якія пазьней рэквізавалі вайсковыя рэфэрэнты.

У Магіліве (Шклоўская вул., 8) аддзел сарганізаваны ў красавіку 1917 г. старэньнем ксяндза Жыскара, Старшынёй аддзеду быў адвакат Об‘езерскій (Лютаранская вуліца, свой дом), як аб‘ездныя агенты працавалі М. Клобукоўскаяі А. Мар‘яноўскі (апошні галоўна інвэнтарызаваў цэннасьці, намечаныя ім да вывазу. (Гл. яго справаздачу ў „Muzeum Polskie“ 1917, ., 93 і 1918, б. 203.)

У Несьвіжы працавалі агенты п. Неканды Трэпкі („Wschod Polski“, 1921 г., № 8-9, б. 377).

У Полацку аддзел,сарганізаваны ў канцы 1917 г. пры „Польскім Доме“, ня выказаў асаблівай чыннасьці.

У Слуцку ў канцы 1918 г. старэньнем менскага „Польскага Кружка“ (Kolo Polskie) быў сарганізаваны асобны аддзел „Т-ва Апекі над забыткамі“.

У Смаленску была сарганізавана „апека“ старэньнем ксяндза доктара А. Окол-Кулак, які быў старшынёй, а віцэ старшынёй — С. Гедройць-Юрага і Ванда Халецкая. Пад апекай гэтага Таварыства знаходзілася бібліатэка графоў Пржэздзецкіх, вывезеная з Паставаў. Нехта Раціборскі, сябра гэтага Т-ва „заапякаваўся“ зьместам старасьвецкіх башт, напоўненых архівамі, і сарганізаваў працу „упарадкаваньня“ іх. У „апецы“ гэтага-ж Т-ва знаходзіўся і архіў Троцкіх караімаў.

У Вялікіх Луках аддзел паўстаў ў 1918 годзе.

У Вітабску аддзел сарганігаваны ў 1917 годзе пад старшэнствам генэрала Лесьнеўскага (Мікцінская вул., 40).

Сколькі і калі вывязьлі гэтыя ўсе аддзелы крыўскага дабра у Польшчу „Wschod Polski“ ня хваліцца. Мяркуючы аднак па розмаху дзейнасьці гэтых няпрошаных „апякуноў“, плоднасьць іх працы была ня меншай, чым Менскага аддзелу ў часе эвакуаціі 1919 году.

Гэтак, яшчэ і ашчэ раз папоўняцца польскія музэі нашымі культурнымі помнікамі, якія будуць Палякі выдаваць (як слуцкія паясы, урэчскае шкло, музыку Манюшкі, творы Сыракомаі, Міцкевіча і многа, многа іншага падобнага) за выквет польскага генія… Так, Палякі умеюць геніяльна грабіць крыўскія культурныя і матэр‘яльныя цэннасьці, гэта трэба ім прызнаць. З гэтага польскі геній ровен маскоўскаму.

С. К.