Перайсці да зместу

Выдатнейшыя крывічы (беларусы)-высяленцы ў Масковію

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Крыўскія рытаўнікі Выдатнейшыя крывічы (беларусы)-высяленцы ў Масковію
Жыцьцяпісны слоўнік, артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1925 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 10 (2), ліпень-сьнежань 1925 г., б. 106-108
Вываз крыўскіх культурных цэннасьцяў у Польшчу ў часе польска-расійскай вайны 1918—1919 гг.
У арыгінальнай публікацыі слоўнік не падпісаны, але найбольш верагодны аўтар — Вацлаў Ластоўскі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЫДАТНЕЙШАЯ КРЫВІЧЫ (БЕЛАРУСЫ)-ВЫСЯЛЕНЦЫ Ў МАСКОВІЮ. Гіляры Рогалеўскі, ураджэнец Меншчыны, да 1728 году быў ігуменам Лубенскага манастыра, а пасьля эміграваў у Масковію, дзе быў архімандрытам Маскоўскага Данскога манастыра. У 1732 годзе — біскуп Казанскі і ў 1735 годзе пераведзены ў Чарнегаў. У 1738 годзе пайшоў „на пакой“ у Кіява-Пячэрскі манастыр, дзе ў хуткім часе і памер.

Сава Шпакоўскі, ураджэнец Меншчыны. Быў архімандрытам Нежынскага Благавошчанскага манастыра і ў 1739 годзе — біскуп архангелагорадзкі, у 1749 годзе пераведзены ў Каломну і памер ў 1749 годзе.

Амбражэй Юшкевіч, ураджэнец Віленшчыны. Спачатку вучыўся ў віленскай езуіцкай акадэміі, а пасьля—ў Кіява-Магілянскай. Быў вучыцелем у Кіява-Магілянскай акадэміі, выкладаў у ніжшых клясах славянскую граматыку. Пазьней быў архімандрытам Сьвя-Духаўскага манастыра ў Вільні. У 1734 г. эміграваў у Масковію, дзе жыў У маскоўскім Сіманаўскім манастыры. Ад 1739 году—біскуп Валагодзкі, а ад 1740—біскуп ноўгародзкі. У Ноўгарадзе Юшкевіч заснаваў духоўную сэмінарыю, на вучыцялёў у якую запрасіў Інацэнта Мігалевіча, Язэпа Ямніцкага і Інацэнта Міткевіча — ураджэнцаў крыўскіх зямель і выхаванцаў Кіява-Магілянскай акадэміі. Памер у 1745 годзе.

Гедэон Вішнеўскі, родам з Ашмяншчыны, Скончыўшы Кіява-Магілянскую акадэмію, выехаў заграніцу, дзе атрымаў ступеню доктара. Вярнуўшыся, быў вучыцелем паэтыкі, а пасьля рыторыкі ў Кіяве, Ад 1714 году быў прафэсарам філёзофіі ў Маскоўскай акадэміі, а ад 1722—рэктарам яе. У 1728 годзе назначаны на біскупа Смаленскага, дзе сарганізаваў славяна-лацінскую школу і некалькі іншых школ у Смаленшчыне.

Гіляры Грыгаровіч, першы прэфэкт Харкаўскай калегіі, пазьней — архімандрыт Сьвятагорскага Ізюмскага манастыра. У 1744 годзе яму было даручана разам з Якубам Блонніцкім, паправіць славянскую Біблію; пасьля скончаньня гэтай працы дастаў Крутыцкае біскупства, Памер ў 1760 годзе.

Сьцяпан Каліноўскі, прафэсар Кіяўскай акадэміі. Эміграваў у Масковію, дзе быў сьпярша вучыцелем у Заікона-Спаскай школе ў Маскве, ад 1734 году—рэктарам яе. У 1735 годзе пераведзены ў Александра-Неўскую лаўру, дзе яму было даручана арганізаваць школу, пазьней ператвораную ў акадэмію. Ад 1737 году—біскуп Пскоўскі і ад 1743—архібіскуп ноўгародзкі. Памер у 1753 годзе.

Кірык Кандратовіч. Пасьля акончаньня Кіяўскай акадэміі быў запрошаны ў 1726 годзе Гаўрыелям Бужынскім у Казань да арганізаваньня там славяна-лацінскай школы; ад 1730 году быў перакладчыкам пры Акадэміі Навук у Пецярбурзе. Выдаў (у 1786 годзе ў С.П.Б.) першы расійскі батанічны слоўнік.

Гэрман Концэвіч (Кунцэвіч?). Да 1726 году вучыцель у Маскоўскай славяна грэцка-лацінскай акадэміі, пасьля—прэфэкт яе, а ад 1728 г.—рэктар. У 1731 годзе назначаны біскупам Архангелагорадзкім, дзе заснаваў славяна-лацінскую. школу.

Сафрон Мігалевіч. Атрымаўшы запросіны ў Маскву, быў ў 1726 годзе вучыцелем рыторыкі ў Акадэміі і ад 1727 г. — прэфэктам, а ад 1730г.—рэктарам. У 1732 годзе разстрыяіаны і сасланы ў манастыр.

Платон Петрункевіч, вітэблянін, у 1742 годзе архімандрыт Спаскага манастыра ў Сеўску; з 1748 г.—біскуп у Валадзімеры-на-Клязьме, дзе залажыў дух. сэмінарыю. Памер у 1757 годзе.

Ілья Копіеўскі, ураджэнец Вітабшчыны, быў пасланы Пятром Вялікім у 1691 годзе ў Голяндзію перакладаць на расійскую мову і друкаваць кнігі, якія ён выдаваў у заложанай ім самім друкарні і ў друкарні Яна Тэссінга. Копіеўскі апрацаваў і выдаў гэткія першыя друкаваныя гражданкай на расійскай мове кнігі: 1) Введеніе во всякую исторію. 2) Руковедоніе во Арытметику. 3) Поверстаніе круговъ небесныхъ съ толкованіемъ. 4) О дѣлѣ воинственномъ. 5) Номенкляторъ на Россійск. Лат. и Нѣм. язык. 6) Вокаболы стихами, Латинскіе и Рускіе. 7) Притчи Езоповы на Руск. и Латинск. 8) Грамматика Латинск. и Руск. 9) Шиперная книга морского плаванія. 10) Квинтусъ Курціушъ о великомь Александрѣ Македонскомъ. 11) Лѣтописаніе отъ созданія міра на всяко лѣто что дѣялалося. 12) Синопсисъ Кіевская на латинскій языкх переведена. 13) Образъ позору политичного Польски. 14) Парадыгма склоненія и спряженія, на Нѣм. Лат. и Россійскомъ. 15) Ораторія Латинская. 16) Риторика Латинская. 17) Разговоръ въ 40 главахъ на Лат. Російск. и Нѣм. яз. 18) Лексиконъ на Латин. и Россіиск, яз. 19) Описаніе четырехъ монархій, 20) Конкордація на Рускомъ яз. на всю Библію Московскую. 21) Горацій Флаккусъ о добродѣтели, стахами поэтицкими.

Сымон Полацкі (Сымон Пятроўскі-Сітняковіч). Радзіўся ў Полацку. Каля 1660 году быў запрошаны ў Маскву да арганізаваньня там першай славяна-лацінской школы, ў якой быў вучыцелем і адначасна выхаваўцам царскіх дзяцей. Памер ў 1680 годзе.

Лявон Магніцкі, ураджэнец гор. Горадні, быў вучыцелем матэматыкі ў Маскоўскай Акадэміі. Напісаў для расійцаў першы падручнік матэматыкі пад агалоўкам: „Ариѳметика сирѣчь числительная, съ разныхъ діалектовъ на словенскій языкъ переведенная“… (Масква, 1703 г.).

Варлаам Галянкоўскі, намесьнік Кіява-Пячэрскай, а пасьля Александра-Неўскай лаўры, заснавец першай у гэтым манастыры школы, з якой пасьля утварылася Пецярбургcкая Духоўная Акадэмія.

Захар Карніловіч, ігумен Кіяўск. Златаверхаўскага Міхайлаўскага манастыра; 1701 г. — біскуп Пераяслаўскі. Памер у 1715 г.

Сыльвэстар Крайскі, рэктар Заікона-Спаскай школы ў Маскве, з 1705 г.—архібіскуп Архангельскі; 1707 г.—мітрапаліт Смаленскі. Памер у 1712 г.

Вышэй прыведзены сьпісак выдатных нашых эмігрантаў і ў тысячнай часьці не высьвятляя таго аграмаднага цывілізаційнага уплыву, які аказвалі крыўскія эмігранты на маскоўскі ўсход. Аб гэтым расійскі вучоны (ураджэнец Масковіі) Безсонов так кажа:

„Культурна-грамадзянскі уздойм (у крыўскіх землях) сваімі рушыўшымі сіламі пераступіў межы Крыўскага (Беларускага) сьвету і разьліўся далёка ва ўсіх кірунках.

Крыўскія (Беларускія) школы з іх школярнасьцю папярэдзілі з гоэтай стараны Украіну (аўтор піша „Малороссію“) і ў многім прышчапілі ёй свой тып, а ў Маскоўскае царства ў канцы XVI ст. тып, гэтых (крыўскіх) школ цалком перанесены. Літэратурная крыўская мова… сталася агульнай для ўсей Заходнай Русі, не выключаючы і Украіны, і увайшла вельмі уплывовым інгрэдзіентам у Вялікарускую (Маскоўскую) пісьменнасьць. Гэтым-жа шляхам (праз школу і пісьменнасьць) крыўскі дыялект з яго акананьнем перарабіў сабой з палавіны XVII ст. цэнтральны Маскоўскі дыялект, што сталася сягоньня адрожніваючай азнакай апошняга. Навука з асновай сярэднявечнай схолястыкі, але з часьцю элемэнтаў рэформацкага адраджэньня, абхапіла ўсе галіны веды, ад граматыкі да тэорыі музыкі і сьпеву, да багаслоўскага катохізму і полемічнага багаслоўяе“…

„Прыходцы (крыўскія) занялі тут (у Масковіі) самыя выдатныя і уплывовыя мейсцы ад іерархаў да кіравецтва кансысторыямі, імі устроенымі, і ад выхаваўцаў царскай сям‘і ад настаяцелаў манастыроў, рэктароў, прэфэктаў і вучыцялёў імі-ж проэктаваных школ, да кабінэтных і друкарскіх вучоных, кіраўнікоў, дзякоў і сэкрэтароў. Немаль усё падлягло іхнай рэформе, прынамні—няўнікнёнаму ўплыву: багаслоўскае вучэньне, паправа сьвятарнага і богаслужэбнага тэксту, друкарства, справы раскольніцкія, царкоўная адміністрація, пропаведзь, храмавое, грамадзкае і царкоўнае сьпеўніцтва, ноты, зьнешнасьць архіерэйскіх дамоў, спосаб іх (архірэйскага) жыцьця, экіпажы, упраж, адзеньне служыцяалёў (прыкладам архірэйскіх пеўчых), выгляд і склад школ, навукі і спосабы навучаньня ў іх, утрыманьне бібліатэк, правопісма, выгавар жывой мовы і ў чытаньні (царкоўнае мяккое г замест звонкага), грамадзкія гульні і відовішчы і г. д. і г. д.

„Але, — справядліва, кажа далей Безсонаў, — сколькі ня прынясла гэта сіла карысьці ці шкоды другім краём, Крыўскі (Беларускі) ўласны край яна пакрыла славай, і гэтулькі-ж, дый больш, падарвала яго незалежнасьць, вытушчыла (свой край) лепшымі прадстаўнікамі: эмігранты не вярталіся на бацькаўшчыну, заблутаныя на старане ў палітычныя і дзяржаўныя справы… гінулі яны немаль бязсьледна для мяйсцовых пакінутых інтарасаў…“

Гэту забытую балону гісторыі трэба нашай гісторапісі высьветліць, каб спыніць сучасную маскоўскую спэкуляюцію на пустых галовах, якая баіць аб культурным і другім старшэнстве маскалёў над крывічамі,—бытцым то „малодшай“ галіной вялікарускай народнасьці.