Заходзіць сонцэ пагодняго лета,
І веіць вецер з заходніх нябёс.
Здароў будзь, вецяр! з далёкаго сьвета
Добрыя-ж весьці да нас ты прынёс?
Здаровыя ж будзьця! эй, добрыя весьці:
Там, на захадзі, праліваюць кроў,
Бьюцца для славы, свабоды і чэсьці
І робяць вольных людзей з мужыкоў:
Гудзяць вясёла і песьні і танцы
У добрым жніве на шчасьлівы год.
Годзі вам, годзі, цары-паганцы,
Таптаць у балотах хрышчоны народ!
Годзі вам, годзі ў яснай карэці,
Годзі чыноўнікі ды езьдзіць у двор,
Годзі вам, годзі мужыцкія дзеці
З хаткі астаткі даваць на пабор.
І панская дзецка, і хамская юха
З аднэй кватэркі папіваюць мёд:
І прысягнулі навек, да абуха,
Быць сабе вольны і роўны народ.
Мужык і шляхціц засядзе на лаве,
Каб вясьці раду аб сваёй зямлі.
Як трэба думаць аб грамадзкай справе
На адно мейсца, як браты, прыйшлі.—
А як урадзім вайну на грамадзе
Бараніць дзеткі і зямлю, і дом:
Мужык і шляхціц на каня усядзе
Касіць касою, рубіць тапаром!—
Эй, згінець вораг, як Бог нам паможэ
За нашу крыўду, за горкі наш жаль,—
Запяём песьню: «Хваліць цябе, Божэ».
Лягчэй будзе сэрцу,—як згінець маскаль.—
Зямля ты наша, зямля ты Сьвятая,
Радзі нам збожа ды судзі пажаць!—
Не прыйдзе вораг з маскоўскаго краю
На магазын нашэ зерне браць!
Ручыць рукою худоба ў хаце;
Паны мужыцкіх сьлёз не заберуць—
Мужык з панамі стаіць за пан-браце,
Рука за руку і грудзі за грудзь!—
Пяром на карце ды сахой на ніве
Адзін другому роўнасьць засьцярог.
Эй у свабодзі зажывём шчасьліве,
Мы будзем дзеткі, а нам бацькай—Бог!
|