«Нашай Ніве» (Купала)
Jump to navigation
Jump to search
«Нашай Ніве» Верш Аўтар: Янка Купала |
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/4382 |
Не загаснуць зоркі ў небе,
Покі неба будзе, —
Не загіне край забраны,
Покі будуць людзі.
Ночка цёмная на сьвеце
Вечна не начуе;
Зерне, кінутае ў ніву,
Ўсходзіць ды красуе.
Наша зерне — нашы думкі -
Не загінуць сьвету, —
Бліснуць краскай непаблеклай
Вечных агняцьветаў.
З добрых думак, што мы кінем
На сваім дзірване,
Будзе ўнукам нашым жніва —
Доля, панаваньне.
Беларускаю рукою
Сьветлай праўды сіла
Славу лепшую напіша
Бацькаўшчыне мілай.
Зацьвіце яна, як сонца
Пасьля непагоды,
Ў роўнай волі, ў роўным стане
Між усіх народаў.
Не загіне край забраны,
Покі жывы людзі, —
Не загаснуць зоркі ў небе,
Покі неба будзе!
(1911)