Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/II/Б/Янка Купала/Шляхам жыцьця/«Нашай Ніве»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Былі ў бацькі тры сыны… „Нашай Ніве“
Верш
Аўтар: Янка Купала
1927 год
Ворагам Беларушчыны
Іншыя публікацыі гэтага твора: «Нашай Ніве» (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Не загаснуць зоркі ў небе,
Покі неба будзе —
Не загіне край забраны,
Покі будуць людзі.
Ночка цёмная на сьвеце
Вечна не пануе;
Зерне, кінутае ў ніву,
Ўсходзе[1] ды красуе.
Наша зерне — нашы думкі
Не загінуць сьвету, —
Бліснуць краскай непаблеклай
Вечных агняцьветаў.
З добрых думак, што мы кінем
На сваім дзірване[2],
Будзе ўнукам нашым жніва —
Доля — панаваньне.
Беларускаю рукою
Сьветлай праўды сіла
Славу лепшую напіша
Бацькаўшчыне мілай.
Зацьвіце яна, як сонца
Посьле непагоды,
Ў роўнай волі, ў роўным стане
Між усіх народаў.
Не загіне край забраны,
Покі жывы людзі, —
Не загаснуць зоркі ў небе,
Покі неба будзе!



  1. Правінц. — усходзіць.
  2. Непагараная зямля; мурава.