Як Кузьма стрэльбу рабіў
← Чаму Панас стаўся ваўкалакам? | Як Кузьма стрэльбу рабіў Апавяданьне Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1923 Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 6, сьнежань 1923 г., б. 6 |
Лепей вол ярэмны, як жарабец стаенны → |
Як Кузьма стрэльбу рабіў.
Што наш брат вельмі выносьлівы, цярплівы—гэта ўсім ведама. Быў у нас Кузьма каваль і заманулася яму немагчымае: самому стрэльбу скаваць. Ад раньня да вечара мяхі раздуваў, зялеза каваў, рулькі вярцеў і ўсе няўдачы цярпліва выносіў тры гады небарака. Усё ніяк яму неўдавалася зварыць зялеза роўна на ўсей рульцы. Што няўдасцца,—ён на нова яе перакувае, пасуе, мяркуе, лютуе, ўсё прыгаварываючы: — Не-ткі даканаю я цябе гадзіна!—І такі даканаў: рульку па чацьверты год зварыў, абтачыў, што глядзець прост люба! Ложу даправіў курак даставіў. Ня стрэльба а проста зьдзіўленьне! Трэба-ж здарэньня, вазьмі ды зламіся шрубочак пры курку! Тут Кузьме, раптам, ўсё сэрца спыхнула: ўсю крыўду ўспомніў сваю даўгалетню і са злосьці вялікай, стрэльбу паламаў, гарон разваліў, мех парэзаў і кузьню падпаліў. Не дармо-ж кажуць:—Беларус цярплівы:—цярпіць, цярпіць, а ўрэшце, раптам, хапае сякеру і зразу—абухом па лбе валіць!