Лепей вол ярэмны, як жарабец стаенны

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Як Кузьма стрэльбу рабіў Лепей вол ярэмны, як жарабец стаенны
Апавяданьне
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1923
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 6, сьнежань 1923 г., б. 6-7
Смэрд і ваявода

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Лепей вол ярэмны, як жарабец стаенны.

Былі у аднаго гаспадара два парабкі: Якім і Трахім. Якіму плаціў гаспадар ў двая даражэй чым Трахіму. Якім быў павольны. Трахім быў круты, шпаркі. Як прыйдзе сьвята, то Трахім і прыстане да гаспадара, чаму той яму менш плаціць чым Якіму:—Я, кажа, і ў рабоце спраўны і да пасылак шпаркі, а ён, Якім, робіць як трач ківаецца.—Добра, кажа гаспадар,—мы пробу зробім, калі ты лепш за яго справішся, то табе будзе яго бонда, а яму твая.—Добра!

Прыждалі лета, прышоў час сенакосу. Вось гаспадар кліча парабкоў і кажа ім:—пойдзеця, хлопцы, у луг касіць. Ты, Трахім, пойдзеш ў першым пракосе, глядзі, ня дайся абагнаць Якіму.—Добра!

Выйшлі парабкі на луг; ў першым пракосе стануў Трахім, у другім Якім. Пусьціліся касіць. Трахім косіць ўсё-ча-ча-чах--тса! Ча-ча-чах-тса! А Якім—ча-а-чах! ча-а-чах! Да сьнеданьня на цэлы прагон абагнаў Трахім Якіма, але і сам увесь, да пят, потам зьліўся. А Якім, нішто, нат неўпацеў. Да абеду абодвы парабкі зраўняліся, бо, сьпярша хапіўшы, Трахім саўсім асалавеў. У падвячорак, як не стараўся Трахім, нямог уцячы ад Якіма, які папятах яму ўжо касой пазваніваў, так што, хоцькі-няхоцькі павінен быў пусьціць Якіма наперад. Вечарам-жа—Якім гэтак сама роўна касой махаючы як і раніцой, быў на цэлыя гоні наперадзе.

Прыйшоў гаспадар, паўзіраўся на сваіх парабкоў і кажа:—Работу трэба браць не рацівасьцю, а цяглівасьцю. Ня той працуе, хто як стаенны жарабец танцуе, а хто як ярэмны вол, аднэй натугай можа доўга цягнуць.