Перайсці да зместу

Эрос і Псіха (Жулаўскі/Купала)/V. Цераз кроў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
IV. На пераломе Эрос і Псіха
V.
Аўтар: Ежы Жулаўскі
Пераклад: Янка Купала
Крыніца: Янка Купала. Збор твораў у 9 тамах. Том 9, кніга 1. — Мінск, «Мастацкая літаратура»; 2003. ст. 134 — 160
VII.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




            V
      Цераз кроў

АСОБЫ ДЗЕІ

Гаспадар
Псіха, дзяўчына прыслугоўваючая ў кавярні
I Госць \
II Госць / у кавярні
Малады чалавек
Дэ ля Рош
Начальнік патролю \
Дантон / за сцэнай
Блякс, разнік, правадыр таўпы
Ганец
Галасы з народу
Таўпа: Мужчыны і Кабеты



     Рэч дзеялася ў Парыжы, на світанні дня 2 верасня 1792 г.

Кавярня, адчыняючаяся ўглыбі шырокай верандай на пляц у старой часці Парыжа. Нутро хаты, уладжанае папросту і трохі бруднае, асвятляюць дзве аліўныя лямпы, звісаючыя на дротах да столі. Па левым баку шафа з напіткамі і доўгі буфетавы стол; направа дзверы. Некалькі дзераўляных столікаў, часткаю толькі пакрытых каляровымі абрусамі, побач іх лавы і ўслончыкі, выплетаныя саломай. Позняя ноч. Пляц перад кавярняй зусім цёмны, — кладуцца па ім толькі жоўтыя палосы слабага святла ад кавярняных лямпаў.

Неспакойная, поўная чакання цішыня.

Гаспадар стаіць абапёрты плячыма аб буфет (прылавак), за кожным шэлестам пазірае ў бок пляца.

Адзін з гасцей сядзіць з успёртымі на стале локцямі і паложанай на кулак барадою, маючы перад сабою парожную шклянку, і глядзіць тупа і ўпарта перад сабою.

Другі госць вылаяўся ціха, устае, пераходзе праз кавярню і сядае на іншым месцы.

Малады, утулены ў кут, жмакае нервовымі рухамі пакінутую на стале газету, азіраецца, як бы хацеў распачаць гутарку, але калі ўсе маўчаць, бармоча толькі штось невыразнае, потым хапае шклянку і выпівае з яе рэшту віна.

Псіха стаіць абапёртая аб слуп веранды, загледжаная ўглыб. Гадзіннік вызвоньвае трэцюю гадзіну.



Гаспадар

Ужо трэцяя…


I Госць

Да ліха!..


II Госць

І нічога яшчэ…

Малады
(па хвілі, нервова падвышаным голасам)

Віно!


Псіха адварачваецца, ідзе к буфету, бярэ пляшку і налівае яму кяліх, пасля моўчкі сядае ў куце направа.
Адна з завешаных пад столлю лямпаў пачынае дымець і гаснуць.


II Госць

Лямпы гаснуць…


Гаспадар
(здымае лямпу і гасіць зусім)

Не хапіла ўжо алівы… Свеціцца цэлую ноч…


Малады
(зрываецца раптоўна, ударае кулаком аб стол і кажа, ходзячы неспакойна па хаце)

Гэта ўжо можна сапраўды ашалець! Цэлую ноч… і нічога… нічога… нічога!


Уходзіць Дэ ля Рош у мундзіры нацыянальнага гвардзейца.

Вітаю.


Гаспадар

Добрага дня.


Малады
(адварачваецца жыва)

А! ты, браце! Што чутна?


Дэ ля Рош

Глуха. Іду ад прадмесця,
Народ не спіць, жджэ ўсё…

(Да гаспадара.)

Гэй, грамадзянін,
Каб шклянку грогу… Пякельная сцюжа…

(Спасцерагае Псіху, якая ідзе прыладзіць яму грогу.)

Яшчэ не спіш ты?


Псіха

Не сплю. Ці спаць можна ў такую ноч?..


I Госць

Так…


II Госць

Няма яшчэ вестак?


Дэ ля Рош
(гледзячы на Псіху, кажа з рассеянасцю)

Яшчэ не… Толькі ж павінны быць к ранню…


Гаспадар

Світанне блізка…


I Госць

Каб добрую толькі
Дало навіну…


II Госць

А што? Небяспека?!


Малады
(парыўча)

Што за нявера?..


I Госць

У глухіх ценях почас
Бадуцца думкі… Там шэсцьдзесят тысяч
Прусаў, а з імі яшчэ аўстрыякаў
Бадай са столькі…


Гаспадар

А яшчэ дабаў і тысяч
Шаснаццаць нашых паноў, каралеўцаў,
Што проць нас з ворагам змову ўчынілі…


Псіха

А наша войска? Народнае войска!


Дэ ля Рош

Седанскай арміі згінуў начальнік,
Не ўбараніла паўночная Лёнгвы…


Псіха

Дык калі войска не хопіць, то пойдзе
Люд з гэтых вуліц, з завулкаў, з прадмесцяў,
З кіямі, босы, аборваны, — зрушыць
Каменне з бруку на бой…


Дэ ля Рош

Ці пабедзіць!


Малады

Змоўч! Гэта здрада! Тут нельга сумніцца!
Суду той годзен, хто сільна не верыць
У моц народу…


Псіха

– і ў гэтую праўду,
Што вольныя пабеджаюць!


I Госць

Дай Божа!


Гаспадар

Бог нам нічога не дасць, калі самі
Не возьмем! Слухайце: покуль жыве тут
Кароль і покуль у Радзе там блазны…


II Госць
(перабівае)

Эй, грамадзянін! Ты іх не пагані!
Ёсць людзі там, галаву прад якімі
Схіліць належа!


Малады

Свабодныя людзі
Не схіляць галоў!


Гаспадар

А я паўтараю,
Што гэта блазны, што цёплую маюць
Ваду ў жылах. Дасюль у Парыжы
Усё павінна было быць іначай:
Кароль — на нарах! Паны — без галоваў!
Народ — ніхто больш! — народу ўся ўлада!
Мы досць цярпелі ў крыві і няволі!
Чакалі досіць свайго вызвалення!
Свабода і роўнасць…

На пляцу перад верандай чуваць галасы і цяжкія крокі.


II Госць

Што гэта?


Малады
(вызірае)

Ідзе варта!

Бягуць усе да дзвярэй веранды.


Гаспадар
(кліча)

Гэй, грамадзянін! А што там такое?


Голас Начальніка Варты
(знадворку)

Хапаем птушачак, дзядзька, — па ночы
Хапаем!


Дэ ля Рош

Каго?


Голас Начальніка

Паноў! Ёсць прыказы
Арыштаваці ўсіх падазроных…


Гаспадар

Нарэшце!


Малады

Пойдзем!


Гаспадар

Ты, Псіха, застанься
І пільнуй дом…


Псіха

Добра…

Выходзяць усе, апрача Дэ ля Роша і Псіхі.
Гадзіннік вызваньвае чацвёртую гадзіну.
Дэ ля Рош сядзіць задуманы з пахілянай галавою.


Псіха
(паступае к верандзе і апершыся аб слуп глядзіць у цёмную глыб. Па хвілі пачынае казаць дзіўна змененым голасам.)

Бурліць кроў… Ноч цёмная,
А там пад брукам кроў плыве
Жылай падзёмнаю,
Бурліць і рве…
О, кроў! О, кроў! Заззяй зарою!
О, загарыся нам, сонца!..
О!..


Дэ ля Рош
(жыва)

Псіха!


Псіха
(уздрыгнула, як бы раптам збуджаная)

Тут я.


Дэ ля Рош

Навокала глуха…
А так здалося, што стогне штось, кліча…


Псіха
(паўголасам да сябе)

Павеяў вецер усходні…
Шэрымі крыллямі раптам лапоча
Паміж радоў камяніцаў
Над цвёрдым вуліцы брукам…
О, сонца, ўзыдзі нам! сонца!


Дэ ля Рош

Што кажаш?


Псіха
(змененым тонам)
Нічога. Матку маю бізунамі засеклі, бацьку забіта, калі крычаў на вуліцы: «Хай жыве свабода!..» Упаў тварам на брук, і цяжкія салдацкія боты прайшлі па целе ягоным. Але я нічога не кажу. Заву толькі сонца, каб узышло.

Глядзіць зноў углыб.


Дэ ля Рош
(па хвілі)

Псіха!


Псіха

Слухаю. Ці патрабуеш чаго?


Дэ ля Рош

Не! Ты мяне не слухаеш, не бачыш мяне нават! Зірнула на мяне, але думка твая недзе далёка. Бачыў, як душа тваіх вочаў пайшла туды — у цёмную глыб таей вуліцы… дзе будынак Камуны!


Псіха

Самдзеле. Бачу цябе і слухаю, грамадзянін.


Дэ ля Рош

Грамадзянін! — ці ж не маеш для мяне іншай назовы?


Псіха

Гэтай назовай здароўкаюцца ўсе вольныя. Але калі хочаш, магу такжа называць цябе іначай…


Дэ ля Рош

Хацеў бы…


Псіха

Магу казаць табе: панічок! Ты харошы — маеш румяныя шчокі і белыя выпешчаныя рукі — панічок.


Дэ ля Рош

Нашто з мяне насміхаешся?


Псіха

Не насміхаюся. Гэта праўда.


Дэ ля Рош

Бачышся ад мяне, адпіхаеш… А ўсё-ж-ткі я для цябе, для цябе ядына…


Псіха

Для мяне?


Дэ ля Рош

Так. Ты ведаеш, што я патомак старой шляхоцкай радні, ведаеш, што ўсе мае сваякі арыштаваны або ў ссылцы…


Псіха

Або ў радах варожай арміі, якая ідзе ваяваць з намі…


Дэ ля Рош
(парыўча)

І ўсё гэта так! Не пярэчу. А я — глядзі! — тут, з трохкалёрнай стужкай, у мундзіры Нацыянальнай Гвардыі, на службе… свабодзе! на службе народу, таго народу, які…


Псіха

Маўчы! Я выйшла з гэтага народу і люблю гэты народ!


Дэ ля Рош

А я цябе люблю! — чуеш! — цябе адну на свеце! Люблю гэты блеск тваіх вочаў і голас твой агністы, люблю цябе ўсю! О! Чаму ж ты мне з рук вырываешся! Скажы, што мне яшчэ ўчыніць, што зрабіць, каб ты была мая?


Псіха

Жыву Свабодай…


Дэ ля Рош

Праклятая! — яна мне цябе забірае!


Псіха

Не так! — Свабоду ўзлюбі, а збліжышся да мяне!


Дэ ля Рош

Га! Свабода!.. Кінуўся я ў гэты вір — дзеля цябе! Захоплівае мяне часам і нясе, як пажар сноп саломы, выдзерты з страхі паланеючай хаткі. Але ці ж можна любіць агонь, які пажырае?


Псіха

Толькі такі агонь любацці годзен! — бо толькі такі ачышчае і збаўляе — Ці гэта разумееш?


Дэ ля Рош
(па хвілі)

Дзіўная часам гутарка твая… Не магу я паверыць, каб ты на гэтых вуліцах і сярод гэтага люду жыццё ўсё спагнала…


Псіха
(задумваецца)

Жыццё? І хто ведае, якое яно доўгае сапраўды? Дзе пачынаецца і дзе канчаецца…


Дэ ля Рош

Штось для мяне незразумелага ёсць у табе…
(Па хвілі жыва)
Слухай! — іду заплюшчыўшы вочы за табой, служу тваёй справе, слухаю тваіх прыказаў, забываюся на ўсё, усё пасвячаю табе — а не ведаю нават, хто ты?


Псіха
(паціскае плячыма)

Як бачыш: простая дзяўчына!


Дэ ля Рош

Не! Ты нечым болей!


Псіха

Ну дык так! — я — грамадзянка свабоднага народу!


Дэ ля Рош

Яшчэ больш нечым! — У першы раз, помню,
Цябе я ўбачыў, калі люд Бастыллю
Браў. На чале ты народу ішла, плыла, —
Не! Ты ляцела, узнятая рукамі
Таўпы, агністым здаючысь анёлам:
З агнём крывавага ў высі штандару,
З агнём у вачах, у вуснах, у ўзнятай
Руцэ… — з святла, з пяруноў, ці мо з цела,
Не знаю…


Псіха

Гэта Свабода была там!


Дэ ля Рош

Душа!


Псіха

Я!


Дэ ля Рош

З тых пор жыву табой, Псіха!


Псіха

Няпраўда! Зводзішся толькі. У самым дзеле для цябе чужое ўсё тое, чым я жыву… Адыдзі!


Дэ ля Рош

Не, не! Мне так здаецца, што раз ужо я абмінуў цябе некалі, можа, у сне… гэтым разам…


Псіха

Зноў абмінеш.


Дэ ля Рош

Я не хачу! — Псіха… Пойдзеш са мною! Ты пойдзеш!


Недзе ўглыбі ўзнімаецца раптам змешаны гоман далёкай таўпы, які праз хвілю моўкне.


Псіха

Чуеш во гоман? Ускрыкі!


Дэ ля Рош
(уздрыгнуў)

Зрухнуўся горад…


Псіха

Час гэта настаў мой!..


Дэ ля Рош
(надслухоўвае)

Прайшло, як фаля. Зноў ціха і глуха…


Псіха
(да сябе)

Сіл! Сіл! — сягоння, і толькі сягоння
З пабедай выйсці…


Дэ ля Рош
(па хвілі)

Твар табе меніцца… Нешта як боль прайшла па ім… Псіха!

Псіха паварочваецца моўчкі да яго.

Дэ ля Рош

Вочы твае бліснулі цвёрда блісканнем сталі, — губы маеш зацятыя… Якая ты прыгожая! — О! Каб ты ведала, як я люблю цябе! Будзь маёю!


Псіха
(выбухае смехам)

Ха, ха, ха! Ха, ха!


Дэ ля Рош

Смяешся? — ты смяешся!


Псіха
(паважна)

Ці ты не адчуваеш, грамадзянін, як фальшыва заскрыпелі твае словы аб каханні ў гэтай ночы чакання, у гэтай дзіўнай хвілі, калі, можа, там важацца лёсы вольнага народу? Калі з сэрца жывая ліецца кроў? Калі мае ўдарыць вызвалення звон?


Дэ ля Рош

Звон ударыць, але не ведама яшчэ, да чаго народ пакліча! — Страх мяне дзіўны забірае. А ты і сама — бачу — што баішся…


Псіха

Не!


Дэ ля Рош

Не пярэч!

(Па хвілі.)

Ці ведаеш, якая любасць салодкая? Якім захопліваючым голасам кліча? Які супакой дае бязмежны?


Псіха

Проч з супакоем! — Слёз на мне праклён
І боль вякоў — і пот — і кроў,
У мне гарыць народны гнеў і стон, —
А вызваленне — досціг мой!


Дэ ля Рош

Адна любасць дае вызваленне! яна адкупляе і збаўляе! — Паслухай, паслухай мяне толькі! — Маркотныя рукі к табе працягваю! Люблю цябе, жыву табою! — Псіха! Ці ж нішто не дрыгне ў тваім сэрцы?


Псіха
(па хвілі)

А хоць дрыгнула б… Хоць недзе на дне там
Якая спала б журба па каханні,
Па шчасці ціхім, дурным — што ж такое?
Няўжо ты думаеш, — гэтыя рукі,
Што сцяг над людам ўзнесць хочаць крывавы,
Пясціць маглі бы? — а губы, якія
Дрыжаць ад крыку агністай Свабоды,
Маглі б калі цалаваці — пакорна?!


Дэ ля Рош

Я навучу цябе! — любіш мяне! Пайдзі са мною!


Псіха

Ніколі!


Дэ ля Рош

Пайдзі!


Псіха

Ніколі! — Перш павінна была б праклясці гэты цуд, гэта маё ўмілаванне, маё ўсыццё, што тут родзіцца з крыві: Свабода і Народ!


Дэ ля Рош

Дык пракляні!


Псіха

Проч!


Дэ ля Рош

Гэта ж павер, неабміннае, гэта ж мусіць стацца! — Глядзі толькі на гэту навокал цябе таўпу! Табе здаецца, што маеш над ёю ўладу, але пачакай, у любы дзень абудзіцца ў ёй нікчомны, злосны, крыважадны звер, а тады… Слухай мяне, Псіха, там на поўдню пад Пірынеямі ёсць замак маёй радні, узнесены некалі адным з маіх продкаў, які пад назваю Блуднага Рыцара Сонца аб'яжджаў землі з песняй на губах і крэпкім мечам у руцэ, змагаючыся за справядлівасць, пакуль упаў. Але замак стаіць да сягоняшняга дня. Слухай мяне, там можна схавацца ад свету.


Псіха

Не спакушай!


Дэ ля Рош

Там можна — у зялёных сувуззях над шумячымі крыніцамі — быць вольным папраўдзе і шчаслівым, здалёк ад гэтай крыклівай, горкай ды крывавай камедыі, якая тут разыгрываецца! Што цябе ўсё гэта абходзіць! О! Выслухай мяне! Пайдзі са мною! — багаццем цябе акружу, любасцяй, роскашай, пышнасцяй!..


Псіха
(кажа звольна, гледзячы яму ў вочы)

Мне здаецца, што ты сапраўды не ведаеш, хто я такая!


Дэ ля Рош

Кабета, якую я кахаю!


Псіха

Не!
Я крыўда — і труд,
І жар — і моц — і рух,
Устаючы з путаў дух!
Я — Люд!

Чуваць раптам біццё званоў.


Дэ ля Рош

Звон!


Псіха

Звоняць званы на пагудку!


Дэ ля Рош

Трывога!


Псіха

На бой!!


Кавярня запаўняецца збягаючым зусюль Народам.
Неба шарэе світаннем.


Галасы з Народу

Што гэта?
Звон!
Рада
Біць загадала ў званы! —
На трывогу!


Ганец
(улетае)

Народ! З пабоішча весць!


Галасы

Весткі! Весткі!
Што? Што чуваць?!
Кажы! грамадзянін!..


Ганец

Схапіць дух дайце… ляту.


Галасы

Што такое?


Ганец

Вердэн…


Дэ ля Рош

Пабеда?


Ганец

Вердэн наш паддаўся!
Прусак узяў горад!


Сярод прысутных раптам залягае страшнае, грабавое, поўнае бязмежнага задзіўлення маўчанне. Ледзьве […]-гэны парушыцца, зціха загаворыць да таварыша. Урэшце неспакой узрастае, — не хапае толькі якога слова, сігналу…


Псіха
(выступае на сяродак)

Ці чулі?


Галасы
(выбухаюць раптам, як пачыналася бура)

Гора! На ворага! У бітву!
Народ! Да зброі!


Псіха

Туды! дзе Камуна!
Агонь свабоды каваць на пяруны!

Выбягае на чале таўпы ўглыб.
У апусцеўшай зале застаецца толькі Дэ ля Рош і азіраецца вакол здзіўлены, як бы не разумеў яшчэ, што сталася.
Па хвілі ўбягае ад вуліцы Гаспадар.

Гаспадар

Ужо знаеш?


Дэ ля Рош

Так!


Гаспадар

Захапіў людзей зглузд!
Ўсё ўверх дном…


Дэ ля Рош

Люд яна захапіла…


Гаспадар

Хто гэткі?


Дэ ля Рош

Псіха.


Гаспадар

Не дзеўкава справа,
Тут мужа трэба…


Галасы збіраючагася на вуліцы Народу

Усяму вінна Рада!
Не мае моцы!
Хай улады зрачэцца!
Змусіць іх! — Шэльмы!


Гаспадар

Патрэбен тут муж! Муж!


Блякс
(убягае на чале таўпы)

Гэй, грамадзяне! а ведаеце ўжо, што кажуць па ўсім горадзе, што нашае войска шальмоўскім спосабам і зусім не патрыятычным дало пабіць сябе гэтым наёмнікам каралёў?


Гаспадар

Так, яно паддалося падобна, большай сіле…


Блякс

Ах, што гэта знача: паддалося большай сіле! Гэта ёсць здрада, калі пазволілі пабіць сябе, тады калі мы іх высылалі на тое, каб пабядзілі! Здрада!


Галасы
(адразу рэзкія)

Але! здрада! здрада!


Блякс

Хто там камандаваў? Рошамбо! — павінен быць пацягнуты на суд народу, за здраду! Усе павінны быць суджаны! — ад генерала аж да простага салдата.


Галасы
(штораз гусцейшыя)

Добра кажа! Пад суд! За здраду!
Хай жыве грамадзянін Блякс!


Блякс

Дзякуй, грамадзяне. Але… што ж мы цяпер пачнём? Дзядзька Воба, што пачнём? Вораг мае дарогу адкрытую, абляжа Парыж… Загуба нам грозіць!


Гаспадар

Паміж Вердэнам і Парыжам ляжыць яшчэ зямля Французаў, і вольныя Французы жывуць на ёй, грамадзянін!


Галасы

Прапала войска!
Здалі каралём нас!
Віной тут Рада! —
Усіх іх павешаць!

Заварушэнне.

Воклік Народу
(выбухае раптам перад кавярняй)

Хай жыве Дантон!

Усе ціснуцца адразу ўглыб цераз веранду.
Дэ ля Рош і Гаспадар толькі застаюцца ўнутры пры дзвярах.

Гаспадар
(пазірае ўглыб)

Дантон… У сам час з'яўляцца. Ці бачыш?


Дэ ля Рош
(глядзіць таксама)

Цёмна яшчэ, — чуць магу яго згледзіць… Запалілі цяпер паходні… Таўпа яго абступіла, ціснецца вакол яго, узносіць яго…


Гаспадар

І што? і што?


Дэ ля Рош

Дае знак рукою, будзе прамаўляць…


Гаспадар

Ці чуеш, што кажа?


Дэ ля Рош

Таўпа бурыцца і фалюе, не магу слоў схапіць…


Гаспадар

Ціха!


Голас Дантона
(прамаўляючага непадалёк на пляцу, даходзіць сярод хвілёвага зацішша да поўных, на ўдар молата падобных гукаў)

На нас каралі ідуць?
Тым лепей, брацця! Шукаць іх не трэба:
Прыходзяць самі! Хай жа зямля гэта,
Куды паспелі ступіць і збяшчэнціць
Ватагай збройных падданцаў, край гэты
Свабоды — хай для іх будзе магілай…

Далейшыя словы заглушаюць воклікі таўпы.


Дэ ля Рош

Як быццам віхор прынёс пад мора водгулле буры далёкай і ўтапіў ізноў іх у звіхраных фалях…


Гаспадар

Слухай толькі, слухай!


Голас Дантона
(грыміць ізноў сярод хвілёвай цішы)

…рукі мазольныя вашы,
Усё ж тыя рукі, што муры Бастыллі
У груз дробны рвалі, на вуліцах места
Таўклі медзяныя цароў статуі,
Якія вылі пад молата ўдарам,
Як звон! — Цяпер не мёртвых статуяў
Пайдзем валіць, а жывых зністажаці
Тыранаў, што нас…


Галасы

Смерць тыранам! Смерць і згуба!

Голас Дантона

Адвагі толькі…

Чуваць стрэл гарматні, прыклікаючы агульнае паўстанне.

Во чулі гарматні
Гром, што вас кліча да зброі? Гэй, брацця!
Не на трывогу стрэл гэты! — а гэта
Гром першых крокаў Свабоды к Пабедзе:
Ужо пабеджаем!.. бо вольны народ мы!..
Паўстаньце ўсе…

Галасы
(зрываюцца раптам з усіх старон, як бура)

Народ! да зброі! За волю! На ворага!

Голас Дантона
(выбіваецца яшчэ раз з сілаю грымоту)

Дрыжаць хай каты! Дрыжаць каралі хай!
І тыя здраднікі, што іх чакаюць!
Хай задрыжаць каралеўчыкі! — чулі?!
Бо люд узняўся…

Галасы

На смерць і жыццё ў бой!
Жыве хай Дантон!
Жыве хай свабода!

Таўпа на пляцу сярод воклікаў рассыпаецца; шмат якія ціснуцца ў кавярню, паміж іншымі Блякс.
Развідняецца штораз болей, неўзабаве мае ўзысці сонца. Фіялетавы адсвет заранку, упадаючы цераз адчыненую веранду, нягодзіцца з жоўтым бляскам аліўнай лямпы.


Блякс
(уходзючы, кажа да напіраючых вокала)

«Хай задрыжаць каралеўчыкі!» — во як казаў…


Гаспадар

Народ зваў да зброі…


Блякс

Да зброі, —
Так… Толькі ж ворага хто нам наклікаў?


Гаспадар

Кароль і здраднікі тыя…


Блякс

Яшчэ іх
Ёсць шмат між намі.


Галасы

Го! Здраднікі! Згубцы!
Смерць! Смерць за здраду!


Блякс

Смерць! Добра сказалі!


Дэ ля Рош

О, Хрысце!


Гаспадар

Што вам?


Дэ ля Рош

Мая там радня ўся!


Гаспадар

Няма радні тым, хто служыць народу!
Смерць здрайцам!

(Падбягае наперад.)


Блякс

Ну ж, як быкоў рэзаць шляхту!
Сеч!..


Дэ ля Рош
(высоўваецца наперад)

Грамадзяне! Падумайце лепей,
Як выгнаць ворага, што ідзе з-за межаў!
А шляхту кіньце! Яны ўжо пад стражай…
Сягоння ўночы ўсіх чыста няпэўных
Ксяндзоў, паноў, каралеўскіх прыслужняў
Замкнута — ўсіх! Усе поўныя турмы!


Блякс

Тым лепей, вашаць! Хапаць іх не трэба!
У клетцы птушкі, адно лбы зрываці!
Наперад! Я павяду!


Галасы

Гэй, наперад!

Таўпа з Бляксам на чале скіроўваецца к адчыненым дзвярам, калі ўмомант адзываюцца на вуліцы зыкі марсыльянкі; сярод воклікаў паяўляецца на парозе Псіха, трымаючы ў руках трохкаляровы штандар і вядучы за сабой аддзел Збройных Ахвотнікаў.

Воклікі

Няхай жыве нам Свабода і Айчына!


Блякс

Глядзеце! Гэта новыя ахвяры! Гэта моладзь наша, якую Рада ізноў гоне ў вагонь, на жыр ворагу, каб марна гінулі! — Ці ж пазволіце на гэта, грамадзяне?


Псіха

Проч, трус, адгэтуль! Вяду я ў вагонь іх,
Са мной — пабедзяць!


Галасы

Пабедзяць! Хай Псіха
Жыве!


Блякс

А здрайцы ад нас дадуць ходу!..
За мной!


Псіха
(заступае дарогу таўпе)

Куды?


Блякс

Кроў ідзём ліці здрайцам!


Псіха

Не так! Сваю кроў нясеце ў вахвяру
Народнай волі! Нясеце на бітву
Свае галовы!


Блякс

Што яшчэ за вар'яцтва?
Мы маем гінуць? А хто збярэ жніва?


Псіха

І што з таго вам, чыё жніва будзе,
Калі вам — шчасным — моц дана сяўбы?
Ліць кроў для прышлых сталеццяў сяўбы,
Кроў жыватворную, плодную, з грудзяў?
За волю, роўнасць, за браторства цуд,
За край, за люд!
На крывавы пот ратаёў,
Сяўцоў ахвярны труд
Я клічу вас!
– На бой!!
Хай лес штыкоў у час
Свабоды ніву аслоніць сабою, —
О, люд ты мой!
– Да зброі! да зброі! да зброі!


Галасы

Да зброі!

Ціснуцца ўглыб.


Блякс

Эй, грамадзяне! Яшчэ вораг далёка!
Перш трэба дома наладзіць парадак…
Кароль і ў нас ёсць, ды ёсць яго хеўра,
Што к нам наклікала ворага здрадна!


Галасы

Смерць каралеўскім прыслужням!


Дэ ля Рош
(молючы)

Браты! Не плямцесь крывёю бяззбройных!


Блякс
(адпіхае яго)

Проч! проч адгэтуль! Ты, відна, сам здрайца!
Звясці ўсіх чыста! Парэзаць! Павешаць!
Хай каралі, што ідуць к нам, пачуюць,
Якое ладзім мы тут прывітанне
Для каралёў і прыяцелеў іхніх!


Галасы

Да турмаў!


Псіха

Стойце!


Блякс

Што яшчэ за прыказы,
Калі ідзём споўніць крывавы суд люду!


Псіха

Я прыкажу вам! Я — ў імя Свабоды,
Што тут як полымя стала над вамі!


Дэ ля Рош
(да Псіхі)

Стрымай! Стрымай іх! Чын станецца страшны!


Псіха

Я не ўстрымляю! — Я толькі бунтую!
Хачу святыя полымі ўзнеціць!
Не можна рук вам паганіць!
Разліта вамі кроў
Згрызе хай вякоў спляснелу іржу,
Якой ужо сённі не змыць слязьмі,
– Але хай рук вам не пляміць!


Блякс

Чаго тут лезеш? — Мы ведаем самі,
Што чыніць маем!..


Псіха

Вас Бацькаўшчына кліча! —
Служыць жа Бацькаўшчыне ідзеце!
У вянкі ўбярэце сонечны воблік,
– А калі знойдзецца цернь паміж кветак,
То ў цернь!
Зара, зара над вамі,
Хоча ўзысці —
Адно ёй працай адкрыць трэба дзверы!..
За места ідзеце ўзносіць акопы!
Армію ладзіць ідзеце!
Уміраць за Свабоду!
На ворага ідзеце! На ворага!
Вянком служэце!


Блякс

Усё па чародзе! Перш мусім упарадкавацца з здрайцамі! Я на пекных словах не знаюся, але адно ведаю: рэзаць!


Галасы

Смерць здрайцам!

Заварушэнне сярод таўпы.

Псіха

Брацця! Слухайце…


Блякс
(заглушае яе словы крыкам)

Гэй, грамадзяне! Будзеце ж вы слухаць голасу шалёнай дзеўкі, якая хоча вам запярэчыць вялікага права народу: права помсты і прыгавору? Далей за мной! На суд!


Псіха

Стойце! — кроў гэта спаганіць
Вякоў неспаганены плод!
Спаганіць народ!
Яны… вось, можа… нявінны!


Блякс

Чуеце! Яна смее здзеквацца над народам! Агіду кідае на вас, якія цярпелі і падалі ад працы, знябытку і няволі, а нявіннымі называе тых праклятых панкоў, што з нашымі ворагамі змову ўчынілі! Проч з ёй!


Галасы

Проч! Проч!


Блякс
(да Псіхі)

Бачыш! Ты тут не патрэбна! Я народ павяду!


Псіха
(заступае яму дарогу)

Не важся! Стой!


Блякс

З дарогі! Народ гэты мой!

(Павальвае Псіху ўдарам кулака.)

Гэй, люд! За мною! Да турмаў! На суд!


Галасы

На суд! На суд!


Выючы і равучы, вывальваюцца ўсе за Бляксам, ідучым наперадзе. У апусцеўшай хаце застаецца Псіха, лежачая самлеўшы на здоптаным штандары, і Дэ ля Рош.
Усходзячае сонца азалачвае іх поўным святлом.
Дэ ля Рош паступае некалькі крокаў углыб, глядзіць, — пасля з распачлівым рухам вяртаецца. Спасцярогшы Псіху, лежачую на зямлі, бярэ вады і чуціць яе.


Псіха
(будзючыся з абамлення)

Што гэта? Раніца — і сонца і сон нейкі… страшны…

(Моўкне — пасля зрываючыся раптам.)

Дзе яны?


Дэ ля Рош

Пайшлі — ў імя свабоды… без цябе!

Углыбі выбухае змешаны звярыны рык чэрні.

Чуеш?


Псіха
(надслухоўвае, як бы яшчэ не разумела, — і раптам са стогнам хавае твар у далонях)

Ах!


Дэ ля Рош
(тузае яе за руку)

Не закрывай воч! глядзі! Во — свабода!
Во гэта сяўба вякоў!
Во збаўленне цераз кроў!
Бачыш, вывалаклі некалькіх мужчын — і дзве кабеты — і старца… Чуеш гэты рык? Ха, ха, ха! Суд адбываецца! суд! Бачыш паднятыя калы, палкі, нажы? Ха, ха, ха! Ха, ха, ха! Шпаркая справядлівасць — нават ката непатрэба! Ха, ха, ха! Глядзі! Глядзі! Свабода!

Зрывае кукарду і шапку і кідае на зямлю.

Проч знакі рабства ў новай тыраніі!


Псіха
(з гідасцяй)

Кроў!!


Дэ ля Рош

Уздрыгваеш перад ёй? Гэта ж тваё жніва! Твой буйны ўраджай!


Псіха
(блудна)

Што я тут сніла?.. Дзе ж той дзень? Збаўленне?
Мая дзе любасць? Усё пацямнела
У вачах мне… Кроў! агіда! бруд!
Пракляты дзень! Пракляты люд!
І я праклята…


Дэ ля Рош

Клянеш? — а значыць, зраўняліся ўжо мы!
Абое сплямлены здрадай пароўну: —
Чуеш! мае там прыяцелі гінуць
І мае сябры, якіх я пакінуў
– Для цябе!
І ты, жыццём што было, праклянула!
Цяпер ты — мая!
Пайдзі за мной!


Псіха
(зрываецца)

Не! Не! — гэта яшчэ не канец! Я зноў іх захаплю! На сонца звярну іх нанова! Пабеджу яшчэ… Проч! — Іду…

Хапае пакінуты штандар.
Галасы раз'юшаныя грымяць здалёк.

На смерць! На смерць!


Дэ ля Рош

Ідзі!..

Псіха станула, раздумвае, — трохкалёрны сцяг Свабоды выпадае ёй з рукі.

Ха, ха! Абманка!
Ці ж ты не бачыш, што ўсё ўжо — запозна?
Што ўжо звер дзікі раз'юшыўся ў стадзе
І ты ўжо моцы не маеш ніякай? —
Кроў на табе!


Псіха

І на мне?..

(Глядзіць блудна навокал і ўрэшце апускаецца на зямлю.)

Кроў!..


Дэ ля Рош
(па хвілі маўчання кладзе ёй руку на плячо)

Псіха…


Псіха
(непарушаная — з ціхім стогнам)

Забыцца! Не бачыць!..


Дэ ля Рош
(схіляецца над ёй)

Там на поўдні каля Пірынеяў ёсць замак радні маёй…

Псіха
(узносіць галаву)

Дэ ля Рош

Пайдзі са мной. Няхай станецца. Ты мая.


Псіха

Дасі забыццё?


Дэ ля Рош

Каханне табе дам…

Псіха ўстае.

Дэ ля Рош

Кветкі нам усё заснуюць… Белыя і сінія кветкі нам будуць цвісці… Хочаш?


Псіха

Так.


Дэ ля Рош

А губы твае будуць цалаваць?


Псіха

Так, так.


Дэ ля Рош

Твае рукі пясціць мяне будуць?


Псіха

Так.


Дэ ля Рош
(абымае яе рукамі)

Пайдзі!

Голас Таўпы ўваддалі.

На смерць! На смерць!