Перайсці да зместу

Эрос і Псіха (Жулаўскі/Купала)/IV. На пераломе

З пляцоўкі Вікікрыніцы
III.Пад крыжам Эрос і Псіха
IV.
Аўтар: Ежы Жулаўскі
Пераклад: Янка Купала
V. Цераз кроў
Крыніца: Янка Купала. Збор твораў у 9 тамах. Том 9, кніга 1. — Мінск, «Мастацкая літаратура»; 2003. ст. 107—134

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




            ІV
      На пераломе

АСОБЫ ДЗЕІ

Псіха, удзельная італьянская княгіня
Блякс, начальнік яе наёмных нямецкіх войск
Петра, княгінін прыбліжоны, гісторык
Ларэнца, дварак
Джані, капітан палацавай варты
Армініо, разьбяр і архітэктар
Джыраляма, паэта і маляр
Лета \
Бэля — прыдворныя дамы
Кармэн /
Пасол
Жаўнеры, службіты



    Рэч дзеялася ў Італіі з пачаткам XVI веку.

Рэнесансавая заля, раздзеленая на дзве палавіны калюмнадай. Другая палавіна, углыбі, узнесена па-над пярэдняй на пару ступеняў. Дзверы ўглыбі, з левага боку двое дзвярэй: у верхняй і ніжняй палавіне; з правага — у верхняй палавіне — вакно, у ніжняй — дзверы.



     Армініо
(бяжыць за адхадзячай ўглыб Псіхай)

Ты вельмі срогая, пані!


     Псіха
(якая ўзыходзіла па сходах, затрымліваецца і адварочваецца)

Не, пане!
Я толькі пекная…

(Падае яму руку.)


     Армініо
(цалуючы яе ў руку)

Дык не чурайся!
Люблю, княгіня, цябе!


     Псіха

Я ўзаемна
Люблю мастацтва тваё…


     Армініо

Што мастацтва!
Што мне статуяў мармуравых тоўпы,
Што несці славу пайшлі маю ў светы,
Калі каханне маё…


     Псіха

Ці гатовы
План той ладжэты?..


     Армініо

Дзіцё ты благое,
Што з людскім сэрцам гуляе й шукае
Ўсцяж перамен… Ты нічога не любіш!


     Псіха

О, не! Люблю я мастацтва, прыгожасць —
Жыццё, якое ўзлятае фантанам,
І недзе высока ў небе згарае,
І дожджам попелу валіцца долкі…


     Армініо

Загорка кажаш!


     Псіха

Што ж я вінавата,
Што не такое жыццё, як хачу я?
Што гэтай пусткі драпежнай у сэрцы,
Галоднай пусткі запоўніць не ў сілах
Ні ўсе пабеды майго кандацьера,
Ні збыткаў шык…


     Армініо

А каханне?!


     Псіха

Так… толькі ж
Каханне тое, якое даеш мне,
Маей не зможа ўспакоіць маркоты…


     Армініо

Жыццё я дам! Ці ж любіць болей можна?


     Псіха

Хоць гэта й праўдай было б, мне не хопіць!..
Любіцца ў рэчы хацела б вялікай,
Страшлівай, вечнай! Ўваччу мне чырвона
Й сярод статуяў і музыкі лютняў
Кроў часам нейкая скрозь сон здаецца
Й жыццё другое — праз полымя й буру…
Што? задрыжэў ты? Куй мармур, Армініо! —
Калі статую ты выкуеш буры,
Тады мо…


     Армініо

Будзеш любіць?


     Псіха

Твор куплю твой!

Адварочваецца і ўсходзе ў глыб залы.


     Петра
(уходзе цераз дзверы з левага боку, углыбі)

Дастойна пані…


     Псіха

А што там?


     Петра

Пасол жджэ…


     Псіха

Яшчэ? — хай войдзе.


     Армініо

Бывайце, княгіня!

Кланяецца і выходзе налева.
Петра ўпушчае пасла. Пасол, у страю наёмных нямецкіх войск, уходзіць.


     Псіха

Яшчэ Вы тутка?


     Пасол

Чакаю адказу…


     Псіха

Аб што ж ідзе там?


     Пасол

Княгіня забыла?
Дык паўтару, хоць начальнік наказ даў
Пасольства словы раз толькі абвесціць!


     Псіха

Аб што ж там… просіць маіх войск начальнік?


     Пасол

Начальнік гэтых войск, што прышлі з Альпаў
Сюды з ім разам і ў бітвах крывавых
Меч яго маючы хвалы праводцам,
Здабычы ўзялі шмат з ласкі ягонай:
Блякс немец, пан мой, вярнуўся з паходу —
Здабыў тры месты — і жджэ нагароды!


     Псіха

Харч ім заплачан!


     Пасол

Рукі ён жадае
Тваёй, а з ёю — княжацкага трону!


     Псіха
(звяртаецца да Петра)

Паслухай, верны мой Петра, як будзеш
Калі дарайцам якога дзе князя,
Парай, што раю: няхай камандзіраў
Наёмных войскаў трымае, як гончых:
Пусціць на звера з навязі, а после
Ўзяць на ланцуг і ўміг храпы скаваці,
Каб, як раз’юшацца, пана не зжэрлі!


     Петра

Дастойна пані…


     Пасол

Ці гэта адказ ёсць
Для майго пана?


     Псіха

Скажы, што захочаш.


     Пасол

Скажу, што чуў я!


Выходзе. Псіха збліжаецца да вакна.


     Петра
(падыходзе за ёй)

Зусім неразважна
Ў цябе, княгіня, сарваліся словы!


     Псіха

Ці ж я зухвальцу магла даць інакшы
Адказ?


     Петра

Так, але ўладарнікаў мудрасць
На тым успёрта, каб толькі тады ўжо
Чыніць знявагу, калі ўсцерагчыся
Ад помсты можна, што знача… забіці!
Вось… калі ёсць хто з адданых…


     Псіха

Забіць! ах,
Забіць! Ці ж мала забіла? — Мой Петра,
Пішаш гістор’ю цяперашніх часаў,
Дык напішы маю… Не! не пішы лепш!
Ці… што любіла з жыццём я гуляці,
Гром небяспек выклікаць і глядзеці
З усмешкай богаў на дні і здарэнні…


     Петра

Так напішу я…


     Псіха

…Што з самых дзічэйшых
Начальнік дзікі ў мяне быў і слухаў,
Што на пабеды яго гледзя з гідай
І на лоб страшны яго… скульсь мне знаны…
Здаўна, жыцця з ім ня будучы пэўна,
Расла ад шчасця, што слухаці мусіў
Праціўны гэты мяне! што сабрала
К сабе артыстаў з зямлі ўсёй італьскай
Самых важнейшых, што пабудавала
Палацы з золата — а ўсёй уцехай
Было мне ў гэтым, што бачыла марнасць
Ва ўсім наўкола… Ды йшчэ… адно тое:
Што я маркочуся, Петра.


     Петра

І гэта
Спішу, што пані маркоцішся ў красе
Жыцця й багацця, ў дзявочых лет цвеце,
Сярод артыстаў, што славу разносяць,
Сярод людзей, цябе любяць якія,
І ты не знаеш, чаго так маркотна…


     Псіха

Не знаю, Петра, чаму мне маркотна…
Хацела б тое найці, што згубіла,
А што? не помню… Сон, можа, а можа…
Якое шчасце… прапаўшае? Ўрэшце
Нуда ўсё, Петра! Нуджуся…

Выходзе цераз дзверы ўглыбі.


     Петра
(пазірае за ёю)

Што ж! можа…

Сыходзе па сходах кпераду.


     Джыраляма
(выходзе справа адпераду)

Дзень добры, Петра!


     Петра

Здароў, Джыраляма…


     Джыраляма

Была княгіня тут?


     Петра

Толькі што выйшла…


     Джыраляма

Не знаеш, слухаці будзе сягоння
Падчас абеду…


     Петра

Што слухаць?


     Джыраляма

Паэму.
Даў ёй прагледзеці трэцюю песню;
Прыйшоў з чацвёртай…


     Петра

Таксама даўгая?


     Джыраляма

Яшчэ даўжэйша — актаваў на дваццаць!
Сягоння ўночы закончыў… Калі ўжо
І гэта песня яе не парушыць,
То…


     Петра

Можа, можа, яе й разварушыць…


     Джыраляма

Скажы, ці праўда вось гэткія чуткі,
Што кандацьер у заплату пабедаў
Сваіх жадае самое княгіні?


     Петра

Як бы…


     Джыраляма

Дык можа і стацца? Во ліха!
Што тады будзе?


     Петра

Нічога! — мець будзем
Другога пана, што будзе мурзаты,
Як кожны немец, і ,як кандацьеры,
Дурны…


     Джыраляма

Але ж я люблю яе! чуеш?
Ля ног яе ўмру!

 
     Петра

Мо лепей было бы,
Каб напісалі аб гэтым паэму,
Або абраз такі намалявалі?
Смерць у мастацтве пякней, як у жыцці,
Якое смерці не зносіць…


     Джыраляма

Ты кажаш,
Абраз? а добра — абраз… ці паэму…


Задумваецца. Улятаюць Джані і Ларэнца.


     Джані

Дзе ёсць княгіня?


     Петра

Што ж гэта, паноўе,
За справа пільная?


     Ларэнца

Ах, дзе княгіня?
Хачу пабачыць княгіню й то зараз!

Бяжыць да дзвярэй углыбі і ўдарае іх рукаўём ад шпагі.


     Джыраляма

Так не гадзіцца!..


     Бэля
(паяўляецца на парозе)

Што гэта такое!..


     Ларэнца

Дзе, пані, княжна? Я мушу ў міг гэты
З ёй гаварыць…


     Бэля

Яе міласць чытае
Паэму.


     Джыраляма

Петра, маю, ах, паэму…


     Джані

Дык, калі ласка, скажыце княгіні,
Што з вельмі пільнаю справай прыйшлі мы…


     Джыраляма

Але ж, паноўе…


     Бэля

Нельга замінаці!


     Ларэнца

Per Baccho! мушу яе як стой бачыць!


Адпіхае Бэлю і хоча ўвайсці.
У гэту хвілю на парозе паяўляецца Псіха з рукапісам у руках.


     /Псіха/

Што за разруха тут?


     Ларэнца

Вашая міласць…


     Псіха

А! Джыраляма! Вітай мне, паэта!
Ад ўчарашняга дня не быў у мяне ты,
Аднак жа словы твае ўсё мне звоняць!..

Паказвае на трыманую ў руках паперыну.
Джыраляма аддае нізкі паклон.


     Джані

Паслухай, пані…


     Псіха

Вітай, капітане,—
Сягоння мо паабедаеш з намі?


     Ларэнца

Ёсць справы важныя…


     Псіха

Добра… Кажыце…

(Звяртаецца да Джыраляма.)

Плывуць звароткі твае, як крыніца,
Разбіта ў перлы аб скалы з крышталю…
Паэт! вянок заслужыў ты на голаў!


     Джані

Паслухай, княжна…


     Псіха
(рассеяна)

Кажыце!


     Ларэнца

Рэч вельмі
Сур’ёзна…

Азіраецца на прысутных.


     Псіха

Гэта прыяцелі…


     Петра

Мусім
Пайсці?


     Псіха

Але ж…


     Ларэнца

Так! На богаў! — хутчэй жа!


Петра і Джыраляма выходзяць праз дзверы направа.
Бэля адступае ўглыб.


     Псіха

Што ж там за справа?

(Пазірае ў рукапіс.)


     Джані

Ўласціва прыходзім…


     Псіха

Ах, слухай, Джані, якая зваротка!

(Чытае.)

«Жыцця захочаш — аддам! Калі славы,—
Пад ногі кіну табе, як з брыльянтаў
Вянок, а ты патапчы для забавы,
А калі…»


     Ларэнца
(з абурэннем)


Пані! аб жыцце тваё йдзе!
Кінь папер гэту ды слухай!


     Псіха

Аб жыцце?


     Джані

На жаль, так! — Вашых жаўнераў начальнік.


     Псіха

Ах! Блякс… Пасол яго быў: ён жадае
Маёй рукі!
     

     Ларэнца

Цяпер княства жадае!


     Псіха
(вынёсла)
     
Ці ад яго вы пасламі з’явілісь!


     Джані
(раптоўным рухам адкрывае зраненыя грудзі)

Глядзі! Пісьмо во якое прынёс я,
Ягоным пісана штыхам!


     Псіха

Што гэта?..


     Ларэнца

Блякс аблёг места і ўслух табе грозіць,
Што жыць не будзеш да вечара, княжна!


     Псіха

А маё войска?


     Джані

За Бляксам пайшлі ўсе
Й равуць: «Князь Блякс хай жыве! Хай жыве князь!»
Усе! апроч невялікае жмені,
Што мне паддана… На смерць мы гатовы.


     Псіха

На смерць? А люд мой? народ мой падданы?


     Ларэнца

Княгіня! й чым жа ты люд свой купіла,
Каб пры табе стаў? Даруй, што кажу так…
Твае падданыя даню плацілі,
Здалёк на хорамы гледзя, якія
Капрыз твой зменны паўзносіў, і толькі
Дагадкі паміж падданых хадзілі,
Што ёсць там скарбы, што ёсць абразы там
І мармуровыя тоўпы статуяў —
Усе да богаў паганскіх падобны…
Люд быў галодны! Пабедныя войны
Вяла ты: люд твой аддаў грош апошні,
Каб землі й слава твае узрасталі!
Цяпер жа Блякс, твой сабака сярдзіты,
Кім свет цкавала, з увязі сарваўся
І на цябе зубы скаліць, а люду
Ён грошы суліць! І гэна галытня…


     Псіха

Дык люд з ім разам? Ён, кажаш, люд склікаў?


     Джані

Так, — і за ім люд ідзе…


     Псіха

Люд… Сапраўды,
Цяпер я толькі прыпомніла тое,
Што люд я маю…


     Ларэнца

Чаму ж не уперад!
Пакуль быў корны…


     Псіха

А сёння, як бура,
Ўстаў ён, магутны? Ўсё крыша віхурай?
Са мной ваюе? Пяройдзе па троне,
Па маім княстве пяройдзе й кароне
І пойдзе, а куды? Там безумовы
Не быць мне, хоць мо й хацела б…


     Ларэнца

Князь новы
Люд павядзе твой!


     Псіха
(зрываецца)

О, не! мая гойнасць
Яшчэ не дасца!


     Ларэнца

Не зводзь сябе, пані!
Люд хоча волі! Яе не дасі ўжо,—
Дасць… іншы хтось!


     Псіха
(па хвілі)

Дык няма ўжо ратунку?


     Ларэнца

Ёсць, калі гэта зваць можна ратункам…


     Псіха

Скажыце!


     Ларэнца

Голас замёр мой…


     Псіха

Кажыце!


     Ларэнца

Пайсці па Бляксаву ласку й няласку
Або… ўцякаць.


     Псіха
(адварочваецца, незадаволена)

Што скажаш, Джані?


     Джані

Мой абавязак — з сваімі ўдальцамі
Памерць пад брамаю твайго палаца.
І гэта споўню.


     Псіха

Дык тут застануся.


     Ларэнца

Быць сведкай смерці тваёй не хачу, бо…


     Псіха
(перабівае)

Ну, добра, добра! мае дарагія,
Пакіньма гэта! Як шмат, вам здаецца,
Пяройдзе часу, пакуль Блякс тут будзе?


     Ларэнца

З гадзіну, можа…


     Джані

Дзве! За дзве ручуся!
Жыць я жадаю яшчэ дзве гадзіны…


     Псіха

Дык вы ядыны, — вы ўдвух яшчэ толькі…
Чаму пры мне засталіся? скажыце!

Ларэнца і Джані пахіляюць моўчкі галовы.

     Псіха

Мяне вы любіце?


     Ларэнца і Джані

Княжна!


     Псіха

Падайце
Мне рукі, дзікай была я ўладаркай,
Уся адданая бляску і красам,
Але прайшло ўжо. Мне пуста на сэрцы,
І да каханняў ўжо іншых маркота
Перада мной адчыняе варота,
Ды ўсмешка гэта й лісць гэты з аблічча…
Без слёз кідаю. Ўжо будучнасць кліча…
І так я рада!


     Ларэнца

Што кажаш, княгіня?
Якія словы!..


     Псіха

Нічога! Хачу быць
Праз дзве гадзіны вясёлай. Прашу вас
На баль…


     Ларэнца

Там вораг твой ломе ўжо брамы!


     Псіха

Тут не чуваці! Ў галінах аліўных
Садоў княжацкіх гук бітваў завязне:
Здавацца будзе — шумяць там цыпрысы…
Калі страшнейшы крык бухне, заглушаць
Яго на сценах тут блюшчы й макаты…
Дык покуль можна, я знаць не хачу больш
Нічога. Склічу другоў сваіх мілых,
А вы маўчыце, што ўжо маё княства
Век дажывае… Хачу, каб так згасла,
Як дзень пагодны…


     Джані

Бяседуй! ручуся
За дзве гадзіны, глядзі на гадзіннік!
Дзяржу ў руках час!

(Паварачваецца к выхаду.)


     Псіха

Ідзеш?


    Джані

Стаць на варце…

(Ідзе да дзвярэй, аднак перад парогам затрымліваецца.)

Псіха!..


Псіха падае яму руку. Джані прыкленчвае і ў доўгім пацалунку цісне руку Псіхі да губаў, пасля шпарка ўстае і, не азіраючыся за сябе, выходзе.


     Псіха
(да Ларэнца)

А ты?


     Ларэнца

Я? — З табой застануся,
Пакуль…


     Псіха

Ну годзе ўжо!

Армініо ўходзе.

Ў сам час прыйшоў ты,
Мастак! Хацела ўжо слуг пасылаць я
Цябе прасіць…


     Армініо

Я прыйшоў папрашчацца
З табой, княгіня!

(Падае ёй паперыну.)

Тут ёсць план ладжэты,
Што ўзнесць ты мела ў сваім агародзе.
План акуратны, яго будаўнічы
Выпаўніць кожны.


     Псіха

Што ж гэта? Пакінуць
Мяне манішся?


     Армініо

Ў свет еду!


     Псіха

Ладжэту —
Мо не збудую, але вас, мастача,
Задзержу…


     Армініо

Пані! Мы мусім расстацца! —
Надмер… люблю вас.


     Псіха

Праз гэта адходзіш?
Дык на дзень толькі, да вечара толькі,
Не! дзве гадзіны яшчэ астанецесь,
А после йдзеце за славай сваею,
Дзе лёс вас кліча…


     Армініо
(па хвілі няпэўнасці)

Для вас астануся…


     Псіха

О, й добра! дзякуй! — Сягоння дадзела
Я вас, даруйце! Так болей не будзе…

     (Да Ларэнца.)

Будзь гаспадарам, пакуль што, Ларэнца,
І скліч прыяцеляў нашых. Я выйду
Аддаць прыказы і ўбор свой святочны
Надзець.

(Выходзе.)


     Армініо

Што гэта?


     Ларэнца

Бяседа!


     Армініо

Заранне!


     Ларэнца

Ўжо час апошні, вер, слаўны мастача!

Выцягвае меч і аглядае лязо.


     Армініо

Што ж гэта, пане, ў руках меч мяркуеш?


     Ларэнца

Гляджу, ці востры…

Усовае меч у похву. Слугі ўносяць стол і заставу.

     Ларэнца
(ідзе да дзвярэй справа і адчыняе іх насцеж)

Прашу вас, паноўе,
Княгіня бавіць сказала вас, покуль
Сама не прыйдзе.


Уходзяць Петра і Джыраляма.


     Петра

Штось раілісь доўга…


     Ларэнца

Рэч вельмі пільная!


     Джыраляма

Га! Што, Армініо!
Аб ласку ў княжны ўсё цягам хлапочаш?


     Армініо

Як ты…


     Джыраляма

Дзе Джані?


     Ларэнца

Пайшоў, каб наладзіць
Паказ ваяцкі, якім яе міласць
Сваіх прыяцеляў хоча пацешыць.


     Джыраляма

Што ж тут за свята?


     Ларэнца

Вялікае свята!


     Армініо

У чэсць пабеднага, мабыць, ваякі,
Які вярнуўся. Я ў горадзе бачыў
Рух надзвычайны. Ўсе пруцца да брамаў…


     Ларэнца

І сюды прыйдуць.


     Петра
(да Ларэнца)

Мне штось неспакойна;
Быў я прысутным пры гутарцы княжны
З паслом…


     Ларэнца

Ах! глупства, — ўжо ўладжана справа!


     Петра

Так? ці памысна?


     Ларэнца

О, вельмі памысна!


     Петра
(да сябе)

А гэткім чынам мець будзем вяселле!


Уходзе Псіха, на сукні, у якой была ўперад адзета, мае накінуты багаты плашч, на галаве ў яе блішчыць князеўская дыядэма (карона).
Побач з ёю йдуць яе дамы: Лета, Бэля і Кармэн.
Слугі ўносяць стравы, фрукты і віно.


     Псіха

Сядайце, другі мае дарагія,
Хачу сягоння быць з вамі вясёлай!


     Джыраляма

Сягоння, пані, раўня ты дню й сонцу!


     Псіха

Калі я сонца — гуляйце ж у сонцы!
Што ж ты, Армініо! Яшчэ ўсё нявесел?
Ці не забыўся яшчэ сваёй крыўды?


     Армініо

Я ўжо забыўся, як ты заяснела!


     Псіха
(сядае)

Ах! вось так люба! Ларэнца! Я песень
Хачу! Што думаеш?.. Песень! Вісіць там,
Глянь, мандаліна, — вазьмі й грай… Ці лепей —
Не! Будзем слухаць цяпер Джыраляма.
Паэт! ты меў нам чытаць сваю песню…


     Джыраляма

Яна пры мне тут.


     Псіха

Дык вось прашу я…
Аб чым жа песня?


     Джыраляма

Аб чым? Аб каханні!
Адна вось гэта струна ў мяне грае
Ўсцяж…


     Псіха

Аб каханні!.. Вы ж любіце вельмі
Мяне? — скажыце! Кахаеце ўсе вы?


     Петра

Я стар, княгіня, а йшчэ вас кахаю!


     Псіха

Я веру, Петра. А вы што, артысты?


     Армініо

Няўжо табе йшчэ слоў трэба, княгіня?
Ўцячы хацеў я адгэтуль, ды смерць мне
Была б лягчэйшай. Тады бы ты, можа,
Дала мне веры…


     Псіха

А ты, Джыраляма?


     Джыраляма

І што скажу я, паэт, які толькі
Жыве, каб весціць тваю ўсюдах славу!
Маляр, што красы твае векавечню!
Хацеў бы змогу мець, каб даказаці
К табе каханне сваё! Каб лёс лучыў
Які мне спосаб…


     Ларэнца

Не кратай лепш лёсу!


     Псіха

Ах! як жа добра, што вамі кахана!
Дык без мяне вам было б вельмі пуста?


     Джыраляма

Жыць не здалеў бы!


     Армініо

Памёр без цябе б я!


     Псіха
(звяртаецца да Ларэнца з лёгкай іроніяй)

І што ж, Ларэнца? глядзі, як кахаюць
Вось тыя другі? Табе ж ці не сорам
Свайго маўчання пры столькіх прысягах?
Ты не кахаеш мяне. Ты не даў бы
Жыцця! Дзе ж Джані? Ён такжа не любіць,
Калі на баль не прыйшоў…


     Джыраляма
(пагардліва)

Ах! ваяка…


     Ларэнца

Мабыць…


     Псіха

І слушна! Чым для вас была я? —
Ўладаркай толькі! Тады як артыстам
Давала золата, ласкі й натхненне,
Усмешкі ясныя, веселасць сонца!
Але што ж гэта? Йшчэ поўныя чаркі?
Прашу вас, піце! на віват мне піце!


     Петра
(падымае кяліх)

Жыві нам, княжна! ўладай лет без ліку!


     Армініо і Джані

Жыві нам! покуль…

Стукаюцца чаркамі з Псіхай, у якой чарка покнула.


     Лета

О! чарка…


     Бэля

Благі знак!


     Псіха

Благое шкло! Залатую мне дайце!
За тост ваш дзякую з золата чаркай!

(П’е.)

Але глядзіце! — вось нудзяцца дамы:
Дык забаўляйце ж! То ж тут не адна я.
Засмейся ж, Лета! — люблю твой смех срыбны,
Што звоніць шчыра, бы ў горах каскады!
Расхмурся, Бэля! Хай вочы блішчацца!
Люблю прыгожасць тваю, красавіца! —
Кармэн! Запей нам! Ларэнца зайграе…


     Кармэн

Як хочаш, пані!


     Лета

Падам інструмэнты…

Прыносіць мандаліну і дае Ларэнца


     Кармэн

Аб чым спяваці?


     Псіха

Аб шчасці! аб шчасці!


     Кармэн
(пяе пры ўторы ігры Ларэнца)

Шукала шчасця, мае сястрыцы!
Мкнучы праз сушы і моры,—
А шчасце, мабыць, мае сястрыцы!
Крылася ў ціхім кляшторы!..
Шукала шчасця, мае сястрыцы!
Ў ціхім між бораў кляшторы,—
А шчасце, мабыць, мае сястрыцы!
Крылася ў князевым дворы!
Шукала шчасця, мае сястрыцы!
Ў сонечным князевым дворы,—
А шчасце, мабыць…


     Псіха
(перабівае)

Досць гэтай песні! Песнь гэта маркоты,
А тут укруг нас жыццё і вяселле…
Жыццё! — што! праўда?


     Джыраляма

Жыццё тут і любасць!


     Армініо

Да смерці верная любасць!..


     Псіха

О! веру…
Ці ж льга не верыць, калі бажыцёся,
Артысты слаўныя на ўсю Італью?
Але ўжо годзе! Паслухаем, што нам
Паэта скажа. Мастак Джыраляма,
Чытайце песню! Наліць віна, слугі!
Зважай жа, Петра! Ты будзеш суддзёю,
Калі захопіць, судзіць не патраплю!
Армініо! сядзь тут пры мне во так… блізка…
Мастак! мы слухаем!


     Петра

Слухаю такжа…


     Джыраляма
(выступае і, успёршыся аб калюмну, пачынае чытаць)

«Арнольда сёння займуся я доляй,
Радрыга кіну ў нары чарадзея,
Спяшу к Арнольду. Мой рыцар ніколі
Не кратаў святасць рукою сваею.
Як вось пазнаў, што з кабетаю ў полі
Змагацца трэба: заўзятасць, як вея,
Прапала ў сэрцы, — меч кідае, кленча…
Ўдар над нязбройным рука ўзнесла нейча.
Пазнаў ён Дору… О любасць святая,
Што крышыш коп’і, жалезныя шчыты,
І ў сэрцы годзіш…»


На дварэ перад домам выбухвае змешаны гоман; штось, быццам крыкі, быццам водклікі бітваў. Ларэнца бяжыць да вакна.


     Армініо
(зрываецца)

Што там?


     Псіха

Нічога! — Народ мой падданы
Прыйшоў пад вокны, каб біць мне віваты.
Ці ж вы спужаліся?


     Петра

Там не віваты!
А стрэлы!


     Псіха

Гэта з мажджэраў страляюць
У чэсць начальніка… Праўда, Ларэнца?


     Ларэнца
(вяртаецца да стала)

Але, так, пані.


     Псіха

Чытай, Джыраляма!


     Джыраляма
(чытае)

«…У сэрцы годзіш праз панцыр якая,—
О любасць! зорка з нябесных блакітаў!
Прамень твой душам Шлях Млечны ўсыпае,
Калі захочуць пакінуць граніты
Зямлі: шчаслівы, хто ў жыцці сустрэне
Цябе, о любасць! — не страшна й цярпенне!
Хай мая песня…»


Воклікі і бразг на сходах.


     Петра
(паўстае)

Тут штосьці дзеецца! Ўжо бразг ля брамаў!
Княгіня!


     Псіха

Сядзьце. Муштруюцца стражы.
Джані іх вучыць… О верны мой Джані!..


     Армініо

Што гэта знача? Ты, пані, збялела!


     Псіха

Так Джыраляма ўзварушыў паэмай.
Чытай, мастача!..

(Хавае твар у далонях.)


     Джыраляма
(чытае голасам не зусім пэўным)

«Хай мая песня, што так цябе славіць,
Да сэрца трапіць маёй яснай пані,
Хай залатым сном рай земскі ёй справіць…»


Спыняе. Ларэнца ўстае і збліжаецца да дзвярэй.


     Псіха

Ах, слухай, Ларэнца!


     Ларэнца
(выцягвае нязначна шпагу)

Ўсім слухам слухаю! Ў слух сам змяніўся!

Прыслухваючыся да водклікаў знадворку, апіраецца левым плячом аб вушак дзвераў, шпагу трымае напагатоўі ў правай руцэ.


     Псіха
(да Джыраляма)

На здзіў песнь ваша!


     Джыраляма
(чытае з прыбываючым неспакоем)

«…Хай залатым сном рай земскі ёй справіць
І хай ёй скажа, той, што мяне раніць,
Што без яе не хачу сябе збавіць,
А з ёй, вясёлы, пайду ў беспрыстанне,
З ёй, што мне шчасця прыносіць засновы,
Хай песнь ёй скажа, што ўмерць я гатовы
Дзеля яе…»


Ад аднаго раптоўнага ўдару знадворку разлятаюцца дзверы: увальваецца Блякс у зброі. Усе прысутныя мужчыны зрываюцца з перапудам, кабеты ціснуцца з крыкам каля Псіхі, якая стаіць думная, нерухомая, спакойная. Ларэнца ў часе, калі дзверы адчыніліся, кідаецца з паднятай шпагай на Блякса.


     Блякс

Гадзюка!

(Абвальвае яго адным ударам цяжкага двуручнага меча і, пераскочыўшы цераз труп, увальваецца на сяродак залі.)

Дзе княжна?!


     Псіха

Я тут, як бачыш.


     Кабеты

О пані! о пані!


     Армініо

Тут здрада!


     Петра

К зброі!


     Блякс

Ні з месца! Хто меч свой
Дастане — згіне!


     Джыраляма

Даруй, ваша міласць…
Мы…


     Псіха

А што ж гэта, прыяцелі, ха! ха!
То ж для мяне вы маніліся гінуць!
Армініо! Петра! мастак Джыраляма!
Мяне ж вы любіце!


     Петра

Так… Але болей —
Жыццё… У раю…


     Псіха

А! люба жыццё вам!
Адзін быў толькі — і тут лёг навекі,
Другі пад брамай — труп свежы, малойчы!
Былі й няма іх! а я во, глядзіце,
Не плачу…

     (Да Блякса.)

Што вам патрэба?


     Блякс

Княжацкі
Пасад з табой, ці жыццё тваё, княжна!
Ка мне, жаўнеры!


     Жаўнеры
(увальваюцца гуртам з громкім воклікам)

Князь Блякс хай жыве наш!


     Таўпа народу
(за вакном паўтарае)

Няхай жыве князь!


     Блякс
(да прысутных)

А вы? Хто з вас будзе
Маўчаць — мой вораг!


     Петра
(па хвілі няпэўнасці)

Няхай жа жыве князь!


     Армініо і Джыраляма
   (паўтараюць няпэўна)

Жыве хай…


     Блякс
   (да Псіхі)

Чуеш?


     Псіха

Га! мушу паддацца.
Падайце чарку, хай вып’ю з усімі
Здароўе новага князя!

(З персценя, які мае на пальцу, усыпае да залатой чаркі атруту.)

Жыве хай
Князь Блякс, наследаўнік Псіхі! й пануе!

П’е.


     Петра

Во так! разумею.

     (Да слугі.)

Налі князю чарку,
Хай разам з намі…


Псіха пахіснулася, бляднее.


     Кабеты
   (з крыкам)

Атрулася! Гора!
Княжна! Ўмірае!


     Псіха
(змагаючыся з агарняючай яе смерцю, зрываецца яшчэ раз і кажа, гледзячы Бляксу ў вочы)

Не! я іду… далей…

Сланяецца і валіцца на рукі падтрымліваючых яе дам.