Перайсці да зместу

Што-б не здарылося — вытрываю… (1914)/Расказ Сабалы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Што-б не здарылося — вытрываю Расказ Сабалы
Апавяданьне
Аўтар: Станіслаў Віткевіч
1914 год
Пераклад: Тэрэза Гардзялкоўская
Воўк

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Расказ Сабалы.

— „Здароў, дзядзька!“

— „Здароў, як маецеся?“

— „Дзякую, жыву так-сяк“.

— „Хваліць Богу, а я крэпка пралежыў, думаў, прышоў канец. Калі толькі хлюпата, холад — сьцеражыся — руматыз так і сьцісьне. А тут і колька пад лапатку залезла і нагу стала жваць, рады не дасі — думаў — ня вычэпаюся: прыдзецца паміраць. Паны прыслалі доктара. Прышоў, пастукаў па плечах, бытцам дзяцел у пень і трубачку прыстаўляў, ці не бляюць там часам авечкі у грудзёх. А мне ткі дрэнна ўстала. Божухна мой, што тут рабіць? Доктар прыслаў хвэльчэра, той абставіў мяне банькамі, як пояс гузамі, нацёр спірыту сам, але нешта і гэта ня помач. Тады як стаў кашэль перці — ачысьціў с паганай флягмай усё да чыста ў грудзёх, стала лёгка і мазаць ня трэба: саўсім адпусьціла і цяпер здароў, як рыжок.

Чэлавек павінен ведаць, як сам сябе мае ратаваць. Уселякая кветка мае сваё імя і сваю сілу, а быдлё — то які розум мае, — ого! нераз людзкі розум мае, — бывае і чэлавека падмане“.

— „А як ты думаеш, руматыз мішку мучэ?“

— „Да чэлавека падобны, то пэўна і яго мучэ. Калі сабаку крышыць, чаму-б мядзьведзя—бы шчэндзіў? Але ён — дык лекі знае. Як з мярлогі падымецца, то зара есьці і к вадзе ідзе: есьць і палошчыцца, а пасьля ідзе цэнтаўры шукаць, што расьце пад яленцавым кустам і жарэ яе. А так ёй перэгарчэе, што вясной і думаць нечэга, каб яго мяса есьці можна было. У восень — наадварот: еш і салі, спажываць можна. Раз здарылося дваіх забіць, то аднаго жоўць са два кулакі была.

Але ён доктар: умее зельле дабіраць. Да ўсяго сьціпнасьць патрэбна: і к доктарству, і к палеваньню, і к вайне, а і цікавасьць. Цяпер бо німа гэткіх цікавых людзей, як мы даўней былі. Мне ня ў ціжар было абыйсьці досьвіта даліну, вышукаць якіх важных сьлядоў. Гэткаго другога чэлавека на ваўка, або на мядзьведзя не шукай, а і снасьць добрую меў. Спачатку, то болей наглуміў, чым спажыткаваў. Не так стрэляць, як набіваць ня ўмеў. Стрэльба павінна быць чыстая, зьверху можэ быць абы як, але ў нутры — як золата ніхай блішчыць. Бывае, што і порах вінават: нагарыць яго шмат, калі часта грогаеш — і не займецца. У скалкоўцэ даўней, калі іскра узнялася — то і добра; толькі замочаны порах перацірай, каб ня зьбіўся ў ком. Набівай — як сьлед; цэлься — сьціпна; стрэляй — сьмела! А калі подалека, або пораху пажалееш — прапала! Бывае, іншы і волава перэдасьць, а іншы і пораху не дадасьць: тады набой цяжкі і не даляціць — вось і дрэнна!.. Волава — не перэдавай; пораху — ня скупі, бо сам сябе ашукаеш: бытцам і пападзеш, а ў нутро ня пойдзе. Калі-ж як раз дасі па меры пораху, а кулькі са дзьве ўкінеш, — валяй хоць на сто крокаў: ня збочыць і на даланю — вось і ляжыць! На мядзьведзя бяз куль — ня думай; кулі-то ён баіцца; хіба ў жывот пападзеш, то будзе мадзець дзевяць дзён, пакуль флякі не пагніюць.

Трэба прыкмечаць, як ідзе і лапатку адставе — тады лупі. А тоўст ён; мяса цьвёрда — трэба добра стрэляць — гуга! А кудлы-ж яго! Калі стрэльба слаба б’е, то ў кудлы куля абматаецца і ён жыў. Усё гладка зажыве, а як тлусты каторы пад восень, то салам залье.

Мала ўмець набіць, трэба ведаць куды цэліцца. У спіну, ў зад, ці ў галаву — не; с пераду — у грудзі — так сама не: куля ўвязьне — як у балоце. У галаву пападзеш — і то куля сплюшчыцца, а проста — між вочаў; там ёсьць такіе ямы—сеначкі, то і куля праз іх у мазгі дойдзе.

Ну і стрэлам павінен быць адважны, каб не баяўся! Гу—гу! Ды стрэлу баяцца нечэга. Бывае — адзін з радасьці, другі са страху дрогне, — на такога не спушчайся. Самы лепшы такі, што і вокам ня міргне. Даўней трудна было стрэльбы дастаць, толькі скалкоўкі. Як насталі пістоны, то рэзалі мы, як брытвай. С Польшчы ад ксендза прыносілі; але бачыў раз у Хоўдлаве адну, што кулькай дыхт рэзала, а нават і дзьвюма; а другую бачыў у капітана — таксама кулька добра несла. Тады першы — Гамулец прывёз з Вены, семдзесят рублёў быў, заплаціў; шротам біла наўзьдзіў, а і скалкоўкі меў ешчэ пры тым у запасе.

Было мне дваццаць тры гады, калі я сабе пістаноўку купіў: не надта ўдалася: туга хадзіла, дык, бывало, або паніжыш, або ў бок. Спусты трэба каб як па масле хадзілі, тады лоўка, а як туга; то бывай здароў, — напэўна паніжэ.

Даўней было да чаго стрэляць. Раз паны — суседзі наказываюць, каб ня біць зьвера: самі хочуць папалеваць. То гэтак размножыліся, што плылі як вада, бо то мейсца не загрэюць. Тады паны пісьмо пішуць: стрэляй, Сабала! Ну, і пачалі мы дмухаць і ускорасьці перэвяплі.

Людзей з Аравы навучылі мы пільнаваць і гэтых, што з Вэнграў ідуць і гэтых, што с Польшчы — бо яны ўсе дарогі знаюць. А ў Вэнгерскай старане ўсё жалезы ставяць, ня прышлося чуць, каб яны стрэлялі, — ўсё ловяць. А мы — дык білі!

Ай, каб ведаў, што раз было: араўскі адзін прыцеміў, што ў ямі мярлога. Адны самі баяліся ісьці прыслалі па нас, праз баб наказалі, каб мы прышлі. Думаю сабе: бабы вярзуць, дык атказываю: калі ё ў вас, дык бійце самі. Пашлі у 25 стрэльб. Там — у скалі дзірка была, як пад гэтым сталом, ня трэба і стрэляць — тапаром—бы забіў, калі б у карк ламануў. Узялі два сабакі ад сьледу; ідуць да гэтай дзіркі у скалі, а ён сабе ляжыць, як мае быць, але ня спіць; бо ён ня спіць. Вось, калі пасьля Пакроў нашоў сьвістакоў, то можна іх было валіць — не прачхнуцца.

Сабакі к дзірцы, ды і давай брэхаць: гаў, гаў, а мядзьведзь адтуль: гм, гм і устае ісьці, дык і стрэльбы воб зямлю і ходу. Апынуліся вось дзе. Бог і с табой, я жыцьцю свайму рад.

Іду я сабе раз, тыдні со тры было гэта перад запустамі, іду і чую: шоў, шоў. Што-б то магло быць? Чэлавек — не чэлавек — лапы вялікіе, шрон пераломлены, бо то сьнег ешчэ лежаў, але зіма такая гнілая была, часта дождж сыпаў і ўмерзла так, што і перабіць не парадзіў. Ажно гэта ён быў; спароў нехта, ўжо тры даліны перайшоў. Там — на аднэй валы аддыхалі і ён там прыладзіўся аддыхаць. Наслухіваў, чы людзі няйдуць, пранюхіваў, бо ён нос мае добры. Вочы — не самавіты, можна б было падыйсьці, але калі знюхае, то прапала справа. Абходзіць трэба здаліку, бо ён на сьлед узойдзе, то і знае, што яго стралец абыйшоў. Вядома — абходжу здаліку, ён — тут жэ ты! Што-ж я адзін параджу? Вялізарны такі! У яго сьлед мае дзьве нагі хаваюцца! І страшна крыху; абыйшоў і бягу па Ёндрыся — брата майго. Раімся, каб у чатырох. Гуга! І шкода выпусьціць з рук: бэстыя, дык бэстыя — вялізарная.

Нараіліся клікнуць Мацея і Сымку. Пабег Ендрысь; я пад майданам астаўся; мне ўсюды пасьцель — паляўнічы с сабой падушак ня носе — ў лесе нойдуцца. Адны веткі пад галаву, другіе — падплечы і добра! Бяжыць Ендрысь — німа іх дома — да Маёра ў лазьню — трэба туды збегаць. Найшоў, ідуць, хоць зьміркаецца; зайшліся ў карчму люльку закурыць, ажно тут і Гамулец Эдвард проста з Рабкі — с палеваньня — тыц да іх.

— „А што тут сабраліся?“

— Так і так. Мядзьведзя абыйшоў. Душком сабраліся паны, хоць ужо цямнела. Стральцы — пехтай, а пані і падросткі — на санёх.

Чэкаю. Бяжыць Сымка Татар: „уставай, прыехалі паны!“. Я — зірк, ажно яны ўжо тут! Навязлі стрэльбаў, штуцароў і ліворвароў.

Тады Эдвард Гамулец кажэ: „скажы мне, Крэптоўскі, чы ткі той мядзьведзь ёсць?“

— А якжэ!

— „А скажы, што б рабіў, каб на цябе аднаго вышаў?“

Выбачайце паночку, як мы сойдземся, то ўжо або табе, або мне сьмерць. Так я яму сказаў, ну і давялося так зрабіць.

Пайшлі мы. Сабралося нас 16 чэлавек. Усіх ужо і ня помню, але так: быў Гамулец, Мацей, Сымка Татар, я, Ендрысь, брат мой, Вавжон Нэндза, Мацей Сечка, Войтак, другі брат (чы вы яго зналі?), з ім прышлі Гуцкулі, Слебада і трох араўскіх.

Падходзім мы к даліне, ажно Слебада вырваўся наперад, узлез на гару і цяпло разлажыў. Бадай яго, баяўся, каб на яго ня вышаў.

Я выглядзеў сабе ў даліне пэўны перасмык. Думаю: ня мінеш. Заросшы быў, між скалаў і схавацца было дзе. Стаю пад кунатай рабінай і чэкаю.

Ендрысь сабаку прывёў; пусьцілі — брэшэ, брэшэ, ажно тут неяк сьціх і ня пісьне, як мыш, бо мы вушы наёжылі востра. Аж во што зрабілося: мядзьведзь лапай замахнуўся, а сабака ў рове апынуўся.

Ну, вось ціха — чэкаю. Чую, трашчыць тоўстая калода, — бо ж гэта бэстыя цяжкая. Стаю моўчкам пад елкай — трашчыць другая. А, дык ты тут! Калі ні гляну: елкі тут, тут гнуцца — ідзе. Хадзі, хадзі, мой каток, проста на мяне. Заглянуў — бачу: вушы, спіна, кудлы — аграмадны… Ен падышоў блізка, а стрэльбу трымаю да прыцэлу; лоб — торк і пярэдніе лапы… як ні лупяну пад лапатку і ткі прыцэліўся лоўка. Не раўнуў ні разу: лёгкіе парваў кулькамі і горла кроўю; заліло.

Калісь то аднаго было папаў; што жылы ад сэрца перарэзаў, дык бухнуў так; як стаяў; парасё заколатае так скора не дасца, як ён. Хіба не паладзіш, то бяжыць у лес і раве. А вось і паваліўся. Бачу, ўсе чатыры нагі выцягнуў. На мінутку усьцішыўся, а тады галаву паднімае, паднімае… Устаў на пярэдніе лапы і глядзіць туды, аткуль быў стрэл. Я за сук і гоп на дзерава. Пасьля стрэлу пільнуйся. Калі крэпка зранены — усьсядзе!. Ен гэта ня любе, каб яму каля носу вадзіць. Гуга!

І бачыце, стоючы так на пярэдніх, наслухівае і абдумывае… Даразумеўся, што зранены; як стаў мордай па ране біць, грысьці, куляцца, так і памчаў, рвучы кудлы. Я тады далоў і у сьлед: крок у спіну! а ён на вывараць ігалоўку на лапы палажыў, як спаць. Здалося — канец.

Прыбег Вавжон Нэндза і хацеў у вочы залянуць. — Стой, крычу, дам яму ешчэ па вушах, дык падумае, што пчолы зьвіняць — стрэпянецца; ну — а як не — тады ідзі, бо калі жыў — сьцеражыся. Набіў гранкулькамі; бухнуў, ажно ён ані стрэпянуўся.

Вось Пястун быў! Двананцаць пядзяў ад вушаў да хваста. Пажылы быў, толькі гэта ня лось — па рагох гадоў не падлічыш, чы яму пяць, чы шэсьць. Гуга!

Неяк не ладзілося. Яська бяжыць і крычыць: „ведаеце што сказаў Слебада — араўскі лясьнік? Што не дасьць браць, пакуль не пазволяць паны з Аравы“.

Няўжо-ж! буду пісьма чэкаць! Чаму ж яны самі не забілі, калі ваш! Ідзіце к чорту!

Пагнаў да паноў і перадаў. Яны былі заехалі з другой стараны, ад сваей, ад Вэнгерскай. Мы сказалі Слебадзе, што Юзюк тры разы стукаў, але не папаў, а ён на польскі бок перайшоў. Тады мядзьведзя давай цягнуць на гару, на граніцу; цяжка было. Як усьцягнулі, давай пець і грукаць з усіх стрэльбаў.

Гэтак весела было і лёгка, — бытцам лес спушчалі. Пусьціў я яго з гары ў ніз і паехаў. Сам сеў на тапарышчэ і у сьлед. Сьнег фуркае па бакох. З’ехалі — коні папудзіліся — куды каторы.

Вось, як мы палевалі, гэй!

Даўней ідзеш коз шукаць, мядзьведзя нойдзеш. Так іх доваль было. Цяпер стральцы выгубілі: Вавжэк, Сымка, Мыслівец і шмат другіх.

І вось, дзякуй Табе Божухна, што мяне мужыком, а не панам, сатварыў.

Ай, вяльможны пане, мне ешчэ с тых часаў лясы сьняцца.

Напісаў С. Віткевіч.
Ператлумачыла Т. Г.