Перайсці да зместу

Што-б не здарылося — вытрываю… (1914)/Воўк

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Расказ Сабалы Воўк
Апавяданьне
Аўтар: Тэрэза Гардзялкоўская
1914 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Воўк.

Пад той час, як сьвяты Пранцішак жыў у Італіі ў горадзі Губіо, паявіўся ў ваколіцы воўк дужа вялікі, а такі заядлы, што за ім ня толькі ня можна было узгадаваць скаціны, але і людзей губіў. Бывала пад сам горад падойдзе. Бяз стрэльбы-то і носа ня вытаркні. Як той кажэ: „нічым ваеннае врэмя“. Калі выпала ісьці аднаму — не абаронішся. Людзі гэтак напужаны былі, што ў запечках сядзелі, хат не пакідалі.

Сьв. Пранцішак народ свой любіў: „бедные, казаў, людзі — як-жэ іх не ратаваць“. І хоць яго адгаварывалі — выбраўся ткі к гэтаму ваўку. Перажэгнаўся, пацеры згаварыў пашоў на сустрэчу зьверу, с суседзямі. Але па дарозе яны, граху набраўшыся, ўцяклі, а сьвяты пашоў сам шукаць ваўка.

Ідзе ён сабе, ажно тут і воўк тыц — ляпу разінуў і валіць. Сьвяты перажэгнаў яго і да сябе падазваў.

— „Хадзіш сюды, воўчэ, браце мой. Імянём Хрыстовым прыказываю табе: не рабі нічога злога ні мне, ні каму другому“.

І вось, паверыце людцы, як сьвяты яго перажэгнаў, воўк, хоць такі сярдзісты, ляпу зачыніў, больш не наступаў, толькі пакорна падышоў і нічым ягнё тое, лёг пад ногі сьвятога.

Тады сьв. Пранцішак гэтак кажэ: ці чуў, воўк? Нарабіў ты шмат шкоды і кучу шальмоўстваў, загубіў шмат скаціны бяз Божаго дазволу і ня толькі меў ты адвагу быдлё рэзаць, але і да людзей, што на вобраз Божы сатворэны, прыступаў. Злодзей ты, бадзяга, паганец, табе толькі вісець! Людзі цябе клянуць і ўвесь горад ненавідзе цябе. Хацелася-б мне, каб мы пагадзіліся, каб ты людзём больш шальмоўстваў не рабіў, каб табе крыўды даравалі і каб ніхто — ні людзі, ні сабакі цябе не чапалі“.

Як толькі воўк пачуў гэткую гутарку, хвастом стаў віляць і мордай ківаць, як бытцам хацеў паказаць, што ён згаджаецца на ўсё гэта.

Тады сьв. Пранцішак кажэ: „ну, воўчэ, калі згода, калі ідзеш на мір і паправу і абецаеш зьдзержыць слово, то я цябе ад помсты людзкой абараню, пакуль жыць будзеш у згодзе з намі. Ня будзеш болей з голаду сохнуць; я добра ведаю, што цябе голад прымушываў скуры лупіць. Але-ж цяпер і ты абецайся, што ніколі ні чэлавеку, ні жывёле да горла ня скочыш: Ну, добра?“ Воўк зусім выразна галавой прытаківае, што: добра. А сьв. Пранцішак яму на гэта дабаўляе:

— „Якую-ж ты мне дасі паруку, што споўніш сваё прырэканьне, каб ткі я табе і ўзапраўдзі паверыў?“ І сьв. Пранцішак выцягнуў руку да ваўка, а той правую лапу працягнуў і на руку сьв. Пранцішка палажыўшы, скрапіў сваё слово.

— „Ну, калі гэтак, сьв. Пранцішак кажэ, прыказываю цяпер ісьці табе за мной: пойдзем мірыцца“.

Не працівіўся воўк і пашоў ціханька усьлед, нічым ягнё.

Узьдзівіліся людзі: бачуць — ідзе воўк са сьвятым; пашоў гоман па горадзі і ўсе — бабы, мужчыны і дзеці, вялікіе і малые, старые і маладые — ўсе бягуць, папіхаюцца; як жэ не палядзець на такое дзіва.

Калі ўжо грамада людзей сабралася, узлез сьв. Пранцішак на бочку і стаў навучаць: „Бог за грахі людзкіе такое насланьне спусьціў, але гэта ешчэ ня зусім беда, — агонь у пекле горш даесь, як душы вялікіх грэшнікаў абойме. Воўк толькі цела рэжэ, а вы яго так баіцёся; падумайце-ж, як процьма пякельная страшна для душы. Людцы мае дарагіе! думайце а Богу, кайціся, а Хрыстос зьмілуецца і абароне вас тут — ад ваўка, а на тым сьвеце — ад пекла“.

Скончыўшы гэту навуку, так ешчэ ім дабавіў:

— Слухайце, братцы! Гэты воўк — зьвяр’ё, каторы тут перад вамі стаіць, абецаўся, што разбойствы свае пакіне і ніякай крыўды вам ня зробіць. Абецайце-ж і вы яму, што вы яго карміць будзеце, а я буду паручыцелям, што ён слово зьдзержэ і нікога не падмане“.

Вядома ўсе прысталі ахвотна карміць зьвера, пакуль яго жыцьця.

Тады сьв. Пранцішак пры усім народзе кажэ ваўку: — „а ты, воўчэ, абецайся перад усімі, што не зачэпіш ніколі ні чэлавека, ні скаціны, ні авечкі, ні нават парасяці“.

Воўк прыкленчыў, галаву спусьціў, вушамі і хвастом прытаківаў сколькі змога, што напэўна зьдзержэ слово.

Тады сьв. Пранцішак кажэ: — „Воўчэ, я-бы рад быў, каб ты так лапу даў, як там у полі, каб перад: усім народам скрапіў, што мяне не падвядзеш, не абцыганіш і сароміцца за цябе мне не давадзецца“.

Воўк, доўга ня думаючы, падняў правую. лапу і на руку сьвятога палажыў.

Як людзі гэта ўбачылі, — давай жэ цешыцца гэтаму дзіву; дзякавалі Богу, што ім такога на апеку даў, каторы іх вызваліў ад лютаго зьвера.

Два гады жыў воўк у Губіо. І ў хаты заходзіў, і пад парогам лежаў, нікому ніколі крыўды ня ўчыніў, ніколі не здрадзіў; але паверыце — і ён быў у шайнасьці: яды па горла меў, палюбілі яго людзі і кармілі ахвотна. І сабакі яго не чапалі, і нават не брэхалі, калі цягаўся па вуліцах.

Прышоў канец: састарэўся воўк і пасьля двух гадоў здох. Журыліся людзі па ім: заўсёды успаміналі міласьць сьв. Пранцішка.