Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1913)/VII/Родны дом

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Варажбітка Родны дом
Верш
Аўтар: Марыя Канапніцкая
1913 год
Арыгінальная назва: Kochasz ty dom
Пераклад: Янка Купала
Тры пары дня
Іншыя публікацыі гэтага твора: Родны дом (Канапніцкая/Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Родны дом.

Ці любіш дом? свой родны дом,
Што ў ночку—летавай парой—
Шэптанем ліп варожыць сном,
Сьлязу солодзіць цішынёй.

Ці любіш дом? сваю страху?
Што многа лет гняце ў маху
Крывых варот нізкі парог,
Што ласкай сьцеліцца да ног.

Ці любіш дом? ад’жыўчы пах
Пракосных зёл, насьпелых ніў,
І ружы цвет, што ў кальчуках
Сваю прыгожэсьць засяліў.

Ці любіш дом? свой родны дом,
Што гул жывых сасон вярхоў
І духаў стогн, і віхраў хор
Пералівае ў тваю кроў.

Ці любіш дом? свой родны дом,
Што ў часе бур, плакучых хмар,
Калі ў душу ударыць гром,
Нясе прытульны думкам чар.

Раз любіш ты, і ўсей душой
Пад гэтай хочэш жыць страхой,
Кут бацькаў сэрцэм сьцеражы,
І сэрцэ ў ім на век злажы.