Цёплым летам на Купальле,
Як ноч ляжэ безграніцы,
Зводы, чары бліжэй, далей.
Відны ў пушчы над крыніцай.
Ля калоды, на калодзе—
Ў кожным лесавым куточку
Кветка-папараць усходзе,
Зацьвітае ў гэту ночку.
Хто захочэ ў цёмнай гушчы
Пашукаці, паспытаці,
Падпільновуе Дух Пушчы
І не дасьць нічога ўзяці.
Вось, глядзіце! Зважна, ціха
Чэлавек ідзе, крадзецца;
Што за немач, што за ліха?
Ці-ж німа ўжо дзе падзецца?
Вочы кроўю наліліся,
Аб зуб зубам страх ляскочэ,
Клубам гнецца, прыхіліўся:
Кветку-шчасьце цапнуць хочэ.
І мармочэ, як с прассоння,
Пад шурпатымі сукамі:
Ці-ж, як летась, і сягоньня
Мне с пустымі йсьці рукамі?
Кожны год іду сюды я,
Кожны год надзею маю, А тут немачы нямые
Круцяць, верцяць з боку, с краю.
Зьбіўся с толку, жыць ня змога;
Вечны голад кветкі-шчасьця,
То ад Бога, то да Бога
Гоне, цісьне, як з напасьці.
Стой! Здаецца, вун зірнула,
Як-бы зорка, як-бы сонцэ!
Ах, ня тое! Адвярнула!..
Гэта шышка на сасонцэ».
Ну шукаці, як шукаці!
Цемра з нетрай скачэ скокі,
Звод хахочэ ў цёмнай гаці,
Смоўж зіркае аднавокі.
Так шукае, лазе лазам,
Просіць, моліць, заклінае,
А Дух Пушчы с пушчай разам
Успамінкі ўспамінае:
«Кінь шукаць, спраўляць скавыты,
Не чэпай маіх харомаў!
Я Дух Пушчы, дух сярдзіты,
Не спушчу нідзе нікому!
Кветкі пільна я пільную,
На замкоў замкнёна сорак,
А дарожку даў такую:
Людзкіх костачак узгорак.
Не пачуеш нашай рады,
Будзе тое і с табою!
За цьвяточак для прынады
Ты заплаціш галавою!
Як на сьвет сьвет нарадзіўся,
Як душа засела ў целі,
Ўсе ляцелі к гэтай місе,
І ні водные ня елі.
Пушча знае, што бароне,
Што ей дадзена на сховы,
Крыжам ляжэ на загоне,
А не дасьць надзець аковы.
Атчапіся, атхрысьціся!
Доляй-казкай счараваны, Ты ешчэ не дарасьціўся
Цьвет пасьцігнуці жаданы.
Бачыш, ночэнька, як сажа,
Жджы лепш раніцы, ня кветкі!»
Так Дух Пушчы с пушчай кажэ
Чэлавеку на пасьледкі.
А ён блудзе, ходам ходзе
Тамка, тутка, далей, бліжэй,
То скрадаецца, як злодзей,
То бярэцца плазам-крыжам,
То абыйме дрэва-елку,
То рукамі водзе пуста,
То пагоне с хвойкі белку,
То спужае птушку с куста.
Пад нагамі мох шапочэ,
Лісьці ласюцца па твары,
Ён шукае і мармочэ,
Як ня чуе чараў-мараў.
«Проч загіньце, ведзьмы, злыдні!
Вун вам верас, вун вам лычка;
Ці няўжо вам не абрыдне
Шаматаці мной, як тычкай.
Шоў я полем, сенажацей,
Шоў гарою і далінай,
А тут кветкі не спагнаці,
Хоць хавайся ў дамавіну!
А на што ж мне над калыскай
Аб ёй ночка напевала?
Напевала, што ўжо блізка,
А пасьля сама схавала.
А на што-ж мне на папары
Насьвістовыла жалейка,
Жальма жаліла на сквары?
Аж і сьціхла, дабрадзейка!
А на што-ж мне звонам косы
Вызванялі на прасьцягу?
Самі выгубілі росы,
Мне пакінулі боль-смагу.
А на што-ж мне на вясельлі
Пелі, гралі, чаркі білі, Самі сьціхлі, занямелі,
Мне ўчэрашні дзень згубілі?
А на што-ж мне на каляды
Галасілі па-хаўтурну?
Самі вылеглі загладай,
Я у жальбе сную бурнай.
А на што ўсё гаварыло:
Жджы на кветку, на Купальле!
З году ў год чэкаю мілай,
І шукаю бліжэй, далей.
Можэ тамка? можэ гэтта?
Пнуся, рвуся ў зад і ў перад—
І на лета, ўсё на лета…
Вязьнем я і кветка ў нерат.
Не трашчыце, не шасьціце,
Сухалесы, пустацьветы!
Дайце кветку, дайце жыці,
Не чаруйце у сусьветы!
Мох, чарнобель, расхіліся!
Кветка, кветка, выглянь сьмела!
Чорнай кроўю ўвесь абліўся,
Сухажыльле зводзе цела…
Стой! Здаецца, вун зірнула,
Як-бы зорка, як-бы сонцэ…
Ах, ня тое! Адвярнула!..
— Гэта шышка на сасонцэ».
І пабег, пабег па лесі,
Закруціўся дымам-пылам,
Стаў, глядзіць, на грудзі зьвесіў
Галаву над пнём пахілым.
А Дух Пушчы с пушчай разам
Успамінкі ўспамінае,
І так далей кажэ сказам,
Ночка слухае немая.
«Вырві сэрцэ, высуш сэрцэ,
Запалі агнём, як сьвечку!
Не глядзі, што кроў сатрэцца,
Не паглядывай на печку!
Як ноч прыйдзе, гэта ночка,
Выйдзі с сэрцэм, як с паходняй, Ад кусточка да кусточка
Асьвяці мой хорам годне!
Так сьвяці, ня бойся мукі,
З верай вернай і надзеяй,—
Кветка прыйдзе сама ў рукі,
Толькі сэрцэ спапялее.
Чуеш гэта, зробіш гэтак?
Будзеш панам, слаўным князем,
А ня зробіш, сотні летак
Выць так будзеш паміж вязьзем.
Прыйдзеш, пойдзеш у нягодзе,
Віцца будзеш, як вужака,
Дзень, ці ноч, не скажэш: годзе!
Чахнуць будзеш, небарака!
Бачыш, чуеш: царство нашэ
Вечна, сільна, неўгамонна;
Духа Пушчы не застрашэ
Ні сякера, ні карона.
Не ўздымайся сухавейне,
Не вышуківай закляцьця!
Скора поўнач, скора пеўні
У тваей зайграюць хаце».
Дух гамоне, лес трасецца,
Стогнуць хвойкі і асіны,
Шум пакоцісты нясецца,
Як хто гіне, або згінуў.
Чэлавек маўчыць, марудзе,
Ў зад, у перад пройдзе, гляне.
Вось мінута, а штось будзе,
Можэ, можэ, і дастане…
Абы поўнач, як маланка,
Не змахнула цьвет закляты,—
Прахам пойдзе ўся гулянка,
Зноў год жджы на гэта сьвята!
Што?! Стаіць, глядзіць, о, Божэ!
Кветка-папараць абходзе,
Зацьвіла, як мак прыгожа,
Якбы сонцэ на усходзе.
Схамянуўся, прэ кустамі,
Як шалёны, прэцца к кветцэ; Лес кусаецца сукамі,
А ён туж дапрэ, здаецца.
Раптам певень загалосе
Нейдзе ў вёсцэ, ў роднай вёсцэ.
— Ўсё—як сон… не асталося…
Лісьць трасецца на бярозцэ.
Ні то с пуду, ні то з жалю,
Вочы трэ, глядзіць нясьмела:
— Пуста, дзіка бліжэй, далей,
Толькі штосьці зашумела,
Зашумела, замуціла,
Дзікі хохат паплыў рэхам,
Думка сьніла, не дасьніла,
Паляцела с пушчай сьмехам.
Паваліўся, як сноп жыта,—
Як сноп жыта пры сасонцэ.
Крык адно, як звон разьбіты:
«Дайце кветку! Дайце сонцэ!»
|