(З апаведання старога дзяцюка).
«Гэй, лінь там у чарку!—Вы-ж ціха быць хлопцы!
Ты, Ганька, агню мне нашчупай у копцы,
Як лыкну, як пыкну, дый збаю ў прыпеўцэ,
Як быў я малодшым, як сватаўся к дзеўцэ».
— Вось гутаркай гэткай азваўся Міхалка,
Вядомы ўсім чыста манюка, брэхалка.
— Зімой было гэта,—гаворыць ён далей,—
Дзянькі месаеду прышлі, загулялі,
І ўсё загуляла: дзень будні—нядзеляй,—
Німа таго дня—вечарынкі, вясельля.
Папіў той гарэлкі, той едзе у сваты;
Бяз госьця, бяз чаркі ня нойдзеш тэй хаты.
Глядзеў я, глядзеў я,—дый вытрымаць трудна!—
А быў я натуры ня вельмі маруднай.
Сюд-тут—і гатова: ўжо еду са сватам,
— Памёр (пакой вечны!), ўсё звалі Кандратам,—
Знаў добра, як, што, да чаго ў такім разе,
Па слова ніколі ў кішэню не лазіў. С сабой у дарогу гарэлкі набралі,—
Шынок быў пад Гайнай, шынкар зваўся Гдалей,—
Конь добры быў сватні, званок прычапілі,
З бутэлькі пацягнем—што значаць там мілі.
Эх, чаркі вы, чаркі, хто з вамі задрэме?
Беда—не беда, акіан—па калені!
— Гэй, крыкну, кіруй, сват! Конь прэ ва ўсе ногі,
Хоць дзеўкі ня знаў я, а сват—к ёй дарогі.
Кіруй, сват!—Мінаем даліны і горы;
Ноч ясна, марозна—і месяц, і зоры.
Званок заліваецца, сьвішчуць палозьзя,
Сьнег скачэ, конь пырхнеў—тры пляшкі у возе!..
Ляцім… Вось прыехалі, вылезлі с санак;
Сабака забрэшэ; хтось вышаў на ганак.
— «А хто там?»—так чуем.—«Свае, кажэм, людзі».
— «Дык проша-ж у хату!»—Сват нешта марудзе.
Ідзём. Вось і ў хаце. Лучына палае.
Я толькі гляджу, дзе мая маладая.
С парогу сказалі, як сьлед, «…пахвалёны!»
— «На векі!»—сказаў гаспадар на паклоны
І просіць садзіцца. Мы селі на лаве.
Ці гладка рэч, думаю, пойдзе аб справе?
Ня быўшы ў такіх перэплясах ніколі,
Сам неяк ня свой я, баюсь мімаволі.
Дасталі тытун, затуманілі люлькі,—
Капшук мой быў слаўны—дастаў ад бабулькі,—
І, як-бы нідзе ні аб чым і не дбаем,
С пустога ў парожняе пераліваем:
Адны хтось маўчаць з нас, а слухаюць тые,
Ці тые замоўкнуць, каб чулі другіе.
Прайшло с паў-гадзіны. Тут сват азірнуўся,
Выходзіць у сенцы, з бутэлькай вярнуўся
І гутарку аб інтэрэсе заводзіць.
«Пачну, кажэ, проста: круціць нам ня ўходзіць.
«Прыехалі к вам мы тавар агледаці;
«Барыш на стале во, і мы ў вашай хаці!»
(Вось гэтак, прымерам, па добрай ахвоце
Сваты пачынаюцца ў нашай прасто́це).
Тут наш гаспадар, як ні ў чым не бывала,
Вядзе ў сенцы нас, дзе кабыла стаяла! «Эх, лоўкая, шэльма, і ўсё есьць ахвотне!
«Німа ў бягу лепшай. Аддам за паў-сотні.
«Гіршонак Гаенскі прыходзіў сягоньня,
«Бяз торгу клаў сорак і пяць на далоні».
Як гэта пачуў я, ўсяго аж затрэсла!
Куды тут нячыстая свата занесла?
А ён (пакой вечны), не сьцяміўшы рэчы:
«Мы ў сваты прыехалі к вам, чэлавечэ!
«Хлапец і ня бедны, і добрай натуры,
«Завецца Міхалка, жыве каля Жмураў…»
Я лыпнуў вачыма. Тут зноў не ўспадзеўкі:
«Даруйце, васпанство: німа ў мяне дзеўкі!
«Ўсіх баб—мая баба, дый гэтая кляча,
«Ніхто ў мяне больш іх ня чуў і не бачыў!»
Каб лепей хто ляпнуў анучай па мордзе,
Як гэта пачуці у гэткай прыгодзе!..
Як вышаў я с хаты, як селі мы ў сані,
Як ехаў я с сватам,—хваліў як, ці ганіў,—
Вы сьмейцеся самі ці лайце ад ведзем:
Мы с сватам тым часам к другой дзеўцэ едзем.
Бо трэба вам ведаць, што сват мой, Кандратка,
Ні ў чым не атступіць, хоць шло-б ня ўсё гладка.
Прыехалі. Зноў гэтак сама сустрэлі.
Сват мой падбадрыўся, мяне больш асьмеліў.
Дый мне лягчэй стала: тут бачу дзяўчыну,
Хоць дзеўка, сказаць,—адпусьці, Божэ, віны!..
Сват гэтаго толькі не цяміць нічога:
Яму ўсюды проста як з моста дарога.
Гарэлка ізноў на стале загасьціла,
Пайшло дзела ладам; бяседа—аж міла.
Дзяўчыну ўжо маем—што болей нам трэба?
Дый буталь гарэлкі—к ёй хлеб і да хлеба.
Ўсё гэта ня кепска—па першай неўдачы,
Аж з радасьці сват мой чуць-чуць не заплачэ!..
А я пагледаю к дзяўчыне з-за пляшкі,—
Па целе так проста і скачуць мурашкі!
Кляну ў духу жонак, сватоў ўсіх і дзевак…
Тут быў для мяне не канец неспадзевак!
Не даў, знаць, Бог шчасьця мне ночкаю гэтай,
Ці мо пад такою радзіўся плянэтай… Папіўшы гарэлку, дамоў маем ехаць;
Сват асалавеў мой, зрабіўся—як вехаць,
Ідзём… Бач, за печай сядзіць дзяцей двое:
Адно—хлапчанё, а дзяўчынка—другое.
— «Чые, спытаў, гэта?»—аж дзеўка с куточка:
— «Мае, мой ты мілы, сыночэк і дочка»…
Што-ж болей? Эх, болей… падлій там сівухі!—
Ну, і наварыў-жэ мне сват саладухі!
Прашло с таго часу год дваццать без мала,
На сьвет многа што прыбывала, ўбывала;
Жаніліся людзі, спраўлялі хрысьціны,
Мне толькі на жонку не стала дзяўчыны…
Больш сватацца к дзеўкам мінула дурнота,
Прапала адвага, адпала ахвота…
— Так байку закончыў сваю нам Міхалка,
Вядомы ўсім чыста манюка, брэхалка.
Я слухаў, спісаў тут і вам ахвярую—
А ну-ж прыдзе к смаку, тады дам другую.
|