Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1913)/VI/За што?

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Забытая скрыпка За што?
Паэма
Аўтар: Янка Купала
1913 год
У шынку
Іншыя публікацыі гэтага твора: За што? (Купала, паэма).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




За што?.


I.

Ой, мае вы песьні,
Песьні весялушкі!
Будзьце мне слухмяны
Вы, мае пяюшкі.
Ці я сам у полі,
Ці я дзе з людзямі:
Цяжка мне, нялёгка,
Калі я не з вамі.
Мусіць я памёр-бы,
Каб мне вас не стала;
Мусіць паваліўся,
Як бярно павала.
Дык-жэ будзем жыці
Разам днём, ці ночай,
Пакуль сэрцэ бьецца,
Пакуль плачуць вочы!
Гаварыце, думкі,
Пакуль сонцэ ходзе,
Аб маей старонцэ,
Аб маім народзе.
Хай нясецца жальба
Там, гэй, на прывольле
Аб тэй нашай крыўдзе,
Аб тэй горкай долі!
Можэ хто пачуе
Розгалас прастачы,
Ўстане і прагляне,
Ўсю непраўду ўбачэ.

II.

У вадным куточку
Беларусі нашай
Пры узгорку лесу,
Пры лагчынцэ пашы
Меж кустоў, с-прад летаў
На пустым дзірвані
Пасяліўся Юрка,
Дзягель па празванні.
Туга йдзе с-пачатку
На такім загоне:
Ані тых будынкаў,
Ні ўзараных гоняў.
І наш Дзягель часта
Са сваёй сямьёю
Зліўся, як за грошы,
Потам ды сьлязою.
Год за годам сходзіць,
Бачуць гаспадары:
Юрка арэ, сее,
Цярэбіць гушчары;
Чынш двару заплаціць
Талакой, грашыма,
І жыве так, як-бы
Ў Бога за плячыма.
Зацьвілі загоны
Уселякім збожэм;
Як палацам, хатай
Пахваліцца можэ.
Эй, бо што мужыцка
Праца не падоле?
Дзірваны ў сад зьменіць,
А горы—на поле!

III.

Сорак лет так Дзягель
Жыў ня ў кепскім стане,
Пакуль пан стары жыў
І старая пані.
Але, як той кажэ,
Ўсё у нас ня вечна:
Годзе Юрку жыці
С хлебам і баспечна!
Новы пан прыехаў
І зьмяніў парадкі:
Прыказалі Юрцэ
Выбірацца с хаткі,
А ці-ж лёгка гэта?
Дый хто з вас не знае,
Як наш брат к зямельцэ
Бытцам прырастае.
З дзеда і на ўнука
Гэта пераходзіць,
Хаця тое поле
Родзіць, ці ня родзіць.
Бедны Юрка, бедны!
Зьвяў, як бы націна.
Шкода столькі працы,
Страшна цяганіна!
І пашоў ён рады
Па судох шукаці;
І прапаў спакой з ёй,
Прапала багацьце.

IV.

Год, другі праходзе,
Суд ідзе па судзе;
Юрка ўсё бяднее,
Багацеюць людзі.
Дзе той спрыт падзеўся,
Дзе тое здароўе?
Ў хаце непарадкі,
Проста, безгалоўе.
Тут-жэ суд апошні
І пастанаўленне:
Заплаціць расходы
І на высяленне!
А было ўжо лета
На зямлі шырокай;
Сёмуха мінула,
Петра не далёка;
Дабрыцо красуе,
Траўка зелянее.
Юрка кіне вокам—
Так і абамлее:
Ўся яго работа
Каля маткі-нівы
Пойдзе, як у процьму,
Марна, нешчасьліва.
Дарма ён і к пану,
І к усякім членам—
Бье паклон нізенькі
І гэтым, і гэным:
Станавы прыехаў
Выкідаць астаткі
З яго роднай ніўкі,
З яго роднай хаткі…

V.

Сьпета Юркі песьня,
Ўсё пашло па сьвеце:
Жонка у пясочку,
Людзям служаць дзеці.
Сам ужо да працы
Стар і слабаваты,
С торбамі папхнуўся
Ад хаты да хаты.
Пусткаю зірнула
У яго прысельлі:
Ні плужок, ні збожэ
Вока не вяселіць;
Зноў зрастаюць гоні
Лазінаю дзікай,
Зайцаў там ды соваў
Толькі чутны клікі.
Так звярцелась прахам
Доля чэлавека,
Так усё ідзе ў нас
Ад века да века.
Можэ хто ня верыць
Гэтай песьні сьлёзаў?
Дык паслухай толькі
Гоману бярозаў;
Што крыжы гавораць
Пры пуціне кажнай,
Ды званы на вежы,
Што гудзяць так важна;
А яны раскажуць
Аб маей старонцэ,
На якую глянуць
Страшна нават сонцу…