Шляхам жыцьця (1913)/VI/Забытая скрыпка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На Куцьцю Забытая скрыпка
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
За што?
Іншыя публікацыі гэтага твора: Забытая скрыпка.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Забытая скрыпка.

I.

Доўга пад трамай лежала
Сьцішна ў вёсковым жыцьці,
Доўга лежала, чэкала
Скрыпка адна ў забыцьці,
Колькі шло лет за летамі,
Колькі шло, сходзіла сіл!—
Скрыпка дрэмала. Слаямі
Клаўся і рос на ёй пыл,
Потам залітые вочы
Гэткі ня мог сьлязіць глум,
Пальцу мазольнаму ў ночы
Страшна крануць было струн.
Доўга чэкае і сьмягне,
Покі хто с сэрцэм такі
Скрыпчыны струны нацягне,
Гэткай чэкае рукі!..

II.

Шоў вёскай тэй падорожны,
Чэзла дзе струнніца так,
Шоў і ў хаціну трывожна
Сьмеліцца стукнуць бедак.
Зважна дамок адчыніўся.
Просіць гасьціць гаспадар…
Скрыпка пад трамай… зьдзівіўся…
(Быў падарожны—песьняр).
Цягне скрыпулю с-пад трамы,
Пыл абметае палой,—
Струны заенчылі самі,
Жаляцца самі сабой.
Льюцца песьнярскіе словы,
З доскай ліповай пяюць;
Зьвесіўшы людзі галовы,
Слухаюць, думкі снуюць,

III.

«Доўга шукаў цябе, скрыпка»,—
Гэткая песьня плыве,—
«Быў без вадзіцы я рыбка,
«Ягадка ў буйнай траве,
«Рвалася сэрцэ і думы
«Гэт, да незгадных сьвятліц,
«Клікалі хвойные шумы,
Клікалі шэпты крыніц!
«Клікалі… Поўнілісь грудзі
«Смуткам надзей і трывог…
«Шоў між людзямі ў вадлюдзьдзі,
«Што мог, і то ўжо ня мог!
«Вёску мінаў я за вёскай,
«Плёўся праз выдмы, кусты;
«Трэбала, трэбала свойскай
«Музыкі, свойскай, як ты.

IV.

«Слаўся, сьвятая дабыча!
«Пан я сягоньня ўсіх ніў!
«Песень маіх не палічэ
«Той аж, хто зоры злічыў!
«Птушкаю з выраю буду,
«Пеці зязюлькай пачну,
«Радаўніц жалямі люду,
«Ў вочы цікава зірну!
«Громаў, маланак ахвотна
«Буду і цар, і пастух,
«Лягу расіцай вільготнай,
«Выш’ю вясёлкавы круг!
«Дзівамі кветкі купальскай
«Кожную зваблю душу;
«Буду неласкай і ласкай,
Богаў фальшывых скрышу!

V.

«Прыдзе Узьвіжэньне—стану
«Ў лесе парадак вясьці:
«Ў думкі жывіне ўсей гляну,
«Буду ўсей пушчай трасьці.
«Ночкай асенняй засяду
«За стол спраўляці дзяды;
«С тым сьветам буду мець раду,
«Ўспомню магілкі тады.
«Вымкну зноў птушкай на вырай;
«Сьвет не захочэ ўжо спаць:
«Будзе праводзіць ён шчыра,
«Будзе ён шчыра чэкаць.
«Грай-жэ, ты, скрыпка жывая,
«Кожнай расходзься струной!
«Хто мае сэрцэ? хто мае?!

«Гэй-жэ, за мною, са мной!

VI.

«Я пакажу ўсе вам чары—
«Чары ўсе неба, зямлі,—
«Шчасьця другога пажары,
«Дзе-б вы сагрэцца маглі.
«Праўду ў лад новы настрою,
«Новые песьні злажу…
«Гэй-жэ, за мною, са мною!
«К сонейку шлях пакажу!.».
Так прызывае—галосе
Скрыпка ў руках песьняра.
Эха пад неба няслося.
Днела ўжо; гасла зара.
Чуюць музыку суседзі—
Камень бы зрушыць магла!
Сьпеў песьняр. Глянуў, угледзіў:
Хата пустая была…