Шляхам жыцьця (1913)/VI/Грабар

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Курган Грабар
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Чараўнік
Іншыя публікацыі гэтага твора: Грабар (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Грабар.

Ўжо даўно, у вялікім у горадзе
Жыў грабар, слаўны ў дзеле сваім;
Колькі жыў, адно рыў ён нябошчыкам
Долы-сховы сякім і такім.
Ці багач, ці бедак, днём, ці ночаю,—
Астаноўкі не знае грабар;
Ноч і дзень, як той цень, ён на могільцах
Сам з лапатай сваей—гаспадар.
Пакуль там з дамавінаю ўладзюцца,
Змыюць цела, пакуль прыбяруць,
А ў яго ні с сяго дол і выкапан,
І ня змыліцца ў меры нічуць.
Як дамоўку спускаюць вяроўкамі…
Ажно дзіў, які важны спачын:
Глыбіна, шырына дапасованы,
Не дагодзе так бацьку і сын.
А засыпе зямлёй супакойніка,
Які насып у доўжкі і ў звыш!
І дзярном-дываном бераг высьцеле,
І с каменьчыкаў высьцеле крыж.
Доўга-коратка жыў так—няведама,
Пэўне жыў, колькі трэбала жыць;
Але вось, як на злосьць, і абрыдала
Яму гэтак што дня ямы рыць.
Безканца неспакойства штодзеннае;
Як на варце, з лапатою стой;
Пахаваў, насып даў аднаму небарачніку
Бач другі ўжо расстаўся з душой.
Каб за-раз ад усіх адкараскацца,
Вось тады-бы аддуха была!
Песьні-б пеў, не мадзеў сьвятам, буднямі;
А так—доля ня тое дала:
Мрэ адзін, а ўсё з ім не уменьшаецца;
На яго мейсцэ родзіцца пяць…
Пакруціў-памуціў мазгаўніцаю
Той грабар і штось выдумаў, знаць.
Ён рыдлёўку сваю жэлезяную
Кавалю пацягнуў, паказаў;
Як зьмяю, так сваю землякопніцу
Насталіць, натачыць прыказаў.
І давай ён тады дзіву дзіўную
Апраметна капаць глыбіну,
А ўсё так, ня бы як, не спыняючысь,
Верне брылы адну на адну.
Хто спытае: каму?—не атказвае
Адно толькі ямчэй капане;
Аб нічым аб другім і ня ўздумае,
Думку зьвёў аб ядзе і аб сьне.
Рые тыдзень, другі: яма большыцца;
Ўжо кладзе за аткосам аткос;
Дол глыбок, і пясок над магілінай,
Як і глыб—гэтак высака ўзрос.
Ўжо к канцу далакоп падбліжаецца,
Ўжо работы ўсяго на паўдня;
Чуць-чуць схоў не гатоў недзе некаму…
Не стрывала матуля-земля:
Ў яму рухнула зверху, хаваючы
Грабара і яго працу ўсю…
Але што-ж? Для каго-ж дол быў ко́паны?
..............
Грабар яму ўсяму рыў Жыцьцю.