Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1913)/V/Чужым

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На рынку Чужым
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Прарок
Іншыя публікацыі гэтага твора: Чужым (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Чужым.

Мы вас прынялі хлебам і соляй,
Людзі чужые;
Ўстрэлі вас ласкай нашаго поля
Кветкі жывые.
Нашы сасонкі шумнаго бора
Далі вам хаты,
Далі загонаў нашых разоры
Гонар багаты.
Пух і аўчынкі нашага хову
Грэлі зімою,
Птушкі вам гралі з нашай дубровы
Гымны вясною.
Ценям тулілі вас у сьпякоту
Нашы чарэсьні,
Нашые жнейкі ў жніўну работу
Пелі вам песьні.
Вашым патомкам нашые маткі
Казкі складалі:
Ў сэрцах дзіцячых праўдаў пачаткі
Сеў засевалі.
Верны славянскім спадкам, браточна
Ў госьцях вас мелі,
І шанавалі людзка, сьвяточна
Ў будні, ў нядзелі.
...............
Сотні лет песьцім днямі і ночай
Го́сьця на шыі—
Зьмея, што с пуняў скарбы валочэ,
Скарбы чужые.
Вы ўжо забылі, людзі здарэння,
Дзе ваш прыпынак,—
Вывелі ў гандаль славу, сумленне—
Праўду на рынак.
Сьлепа зракліся сораму, ўвагі,
Ў хорамы селі,—
Брацьцям-жэ ўзьдзелі лапці, сермягі,
Торбы надзелі…
Людзі чужые! Хтось калісь злічэ
Вашу нам шкоду:
Злічэ праступкі… к суду паклічэ
Крыўда народу.