Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1913)/V/Мой погляд і мэта

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Падымайся, ўставай!.. Мой пагляд і мэта
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Мікіта і валы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мой пагляд і мэта.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Мой пагляд і мэта.

(С прыпеўкаў тутэйшаго).

Я па закону і па веры
Ганю свой быт па-між людзей;
Жыцьцё сваё ўжо так разьмерыў,
Крывулі ў ім каб ні аднэй.
Таму я—кум, таму я—сват;
Той мне, таму штось вінен я;
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.

*

Да гаспадаркі ма́ю клёку:
Як дзед, як прадзед, так вяду;
Штось мо’ не так, як глянуць з боку,
Але я дзьму на ўсё ў дуду…
Кусток лазовы, ўзрэхаў рад—
Не бачу ў гэтым грэху я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.

*

Я к працы здатны і ахвочы—
З гультайствам дружбы не вяду;
На тое Бог дзянёк рабочы
Даў чэлавеку на раду;
Тры-ж дні якіе ў тыдзень сьвят
Прасьвяткаваць магу і я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.

*

Жыву с суседзьмі па-суседзку—
Пакорны згоды я слуга;
Ня быць нікому ў воку рэдзькай,
Я век стараюсь, як мага́.
Які-ж «на-козыр» возьме «гад»—
Дзяржу ў руках кол ёмка я,
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.

*

Зладзейства—крый ты мяне, Божэ!
Каб я зрабіў… ражон мне ў бок!
Каня-ж напасьціць чужым збожэм,
У панскім лесе ссеч дубок,
Сенца напхаці панарад—
Ешчэ згаджуся з гэтым я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.

*

Здзірач, працэнтнік, ліхаімца—
Ў мяне такі не чэлавек;
Я сам з другімі рад дзяліцца,
Але ўсё ў меру, як той лек:
Ніколі больш як «пяцьдзесят
За-сто» і ўзяць ня сьмею я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.

*

Я пьянства, пьяніц прост ня зношу:
Іх вораг—я, яны—мае;
Калі-ж сусед мне скажэ: «проша»,
І чарку ставе на стале,
Ўступаю просьбам рад, не рад.
Што-ж?—дзьве-тры чаркі—ня хвор я…
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.

*

На пана, жыда і на чына
Не маю ласкі ні-крыхі;
Хоць перад першым сагнуць сьпіну,
З другім гешэфцік завясьці,

А с трэцім знаць ва ўзятках лад—
Не аттаго падчас і я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.

*

Як людзі добрые, навукі
Я з-малку дзён пакаштаваў,
І расьпішуся без прынукі,
Сынка-ж у школу не даваў…
Дзед без навукі жыў лет шмат,
І сыну-ж тое дзяўблю я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.

*

Люблю чытаць я і газэты:
Як дзе што ведаці люблю;
Сякі-такі толк знаю ў гэтым—
Пакупкі-ж дык не прызнаю…
Сусед пажычыць яе рад;
Чытаць за «дзякуй» ласкаў я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,

Такая мэта ўжо мая.
*

Знаём з расейскай, с польскай мовай;
Сваей з гасьцьмі ані мру-мру,
Хаця ня зрокся і «вясковай»—
«Па-просту» с «простым» гавару.
З яе-ж рабіць які парад,
За гэта дзякую ўжо я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая,

*

Так па закону і па веры
Ганю свой век па-між людзей;
Жыцьцё сваё ўжо так разьмерыў,
Крывулі ў ім каб ні аднэй.
Таму я—кум, таму я—сват,
Той мне, таму штось вінен я,
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.