Ой, скажы ты, беззямельнік,
Раз прэце,
Скуль ты ўзяўся, бедачына,
На сьвеце?
Ці скрасілі цябе лёды,
Марозы?
Ці вылілі цябе воды
Са сьлёзаў?
Дзе ўзрастаў ты, безямельны,
Хаваўся?
Пад якой страхой, мазольнік,
Бадзяўся?
Ці пад плотам-частаколам
Багатых,
Ці на прызьбе родных сёлаў,
Пад хатай? Хто атуліваў малога
Ў пялёнкі?
Хто пеў песьні пры калысцэ
Ў пацёмкі?
Ці то вецер, што бяз толку
Галосе,
І з бедачых хат саломку
Разносе?
Чым ты хрышчан, які меў ты
Адзетак?
Чым кармілі цябе людзі
Шмат летак?
Ці то потам, знімажэннем
Нязьменным,
Ці то крыўдай, паніжэннем
Штодзенным?
Хто учыў цябе малога
Дзіцяцю,
Як шукаць на сьвеце долі,
Багацьця?
Ці паводкі, што сьвет рыюць
Вясною,
Ці мяцеліцы, што выюць
Зімою?
Ой чаго ты спадзеваўся
Ад сьвету,
Як зьявіўся на зямельку
На гэту:
Ці карчомкі таей пьянай,
Гуляшчай,
Ці цямнічкі акаванай,
Лядашчай?
А як сьмерць на цябе, мілы,
Надойдзе,
Дзе магілка твая будзе,
Крыж твой дзе? Ці ў чужым далёкім краю
Ў няволі,
Ці пад родным лесам, гаем
У полі?
Ну, дакуль-жэ ты ўсё будзеш
Марнеці
Без прыпынку, без пацехі
На сьвеце?
З дня на дзень бедак чэкае
Ўсё сонца—
Раса вочы выедае
Бязконца.
|