Я хацеў-бы душу атшукаці такую
І такое хацеў-бы я сэрцэ найці,
Што са мной праз жыцёвую сьцежку блудную
Захацела-бы спольна і згодна ісьці.
Вочак пару хацеў-бы я мець прад сабою,—
Як у ясные зоры, ў якіе-б глядзеў
І забыўся-б, што ходзе маркотнасьць за мною,
І забыўся-б, што крыўды цярплю ад людзей.
Адных губак хацеў-бы, што мне-б саладзілі
Пацалункамі горкую долю маю,
Што с-пад сэрца, з душы галасок-бы дабылі,
І ўсяму патціналі, што ў жальбах пяю.
Я хацеў-бы найці ручак беленькіх двое, Што к сабе прыгарнулі-б, пясьцілі мяне,
Памаглі-бы змагаціся с чорнай нудою,
А па сьмерці павекі закрылі-бы мне.
Я хацеў-бы сабе прыгалубіць дзяўчынку,
Маю долю-нядолю дзяліці са мной,
З сэрцэм чыстым якую-б усякай часінкай
Я любіў-бы, туліў і служыў-бы якой.
Аднаго толькі сэрца мне трэба, хачу я,
І аднэй, што мяне-б зразумела душы…
Хачу мала, так мала, а доля ня чуе:
Сіратой сам адзін я гібею ў глушы.
|