Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1913)/II/Над Іматрай

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Над Свіслочай Над Іматрай
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Вёска
Іншыя публікацыі гэтага твора: Над Іматрай.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Над Іматрай.

На поўначы сумнай, у Фіншчыне дзіўнай
Рэкой з вадаспадам заліўся пакат;
Вуоксаю рэчка завецца у фіннаў,
Іматрай завуць вадаспад.
Клакочуць, рагочуць іматрыны хвалі,
На цэлые вёрсты шум-гоман стаіць,
Нем толечы каменны берэг, як с сталі,
І зарасьнік хвойны маўчыць.
Шалее Іматра меж каменных глыбаў,
За хваляю хвалю імчыць к нізіне;
Як хмар недаступных махнатые скібы,
Адна адну схопіць, піргне.
Адна з аднэй рынуцца ў глыб, як магілу,
Там скруцяцца, знімуцца клубам, дугой,
Рассыплюцца пухам, рассеюцца пылам,
Зноў выскачаць к небу гарой.
Зірнуць, ззіхануцца, сыпнуцца на скалы,
Ўсім да̀нтаўскім процьмам на здзіў,
І люнуць на волю, забыўшыся шалаў,
Плывуць памеж пустак і ніў.
Другіе іх зменяць і пеняцца ў зломе,
Адвечністым шумам калышуць прастор;
Свабодай сваею і роднай Суомі[1]
Сягнуць бытцам хочуць да зор.
Стаіш і глядзіш на бунтоўные воды,
І сэрцэ лялеіцца ў сьцішнай жальбе,
Ўсё слухаеш нема, як стогнуць нягодай,
Ды як-бы ўсё клічуць цябе:
«Хадзі к нам, бязпутнік, кінь долю на сьвеці,
«Спачын векавечны дамо ў забыцьці;
«Нязведанай волею будзем шумеці
«І гутарку с сонцэм вясьці.
«Хадзі ў нашы хвалі, спаўём твае грудзі
«Вадзіцай сьцюдзёнай, кіпучай, як вар;
«Народ аб нас казку злажыць не забудзе,
«І песьню нам зложыць песьняр»,
Так сумна на поўначы ў Фіншчыне дзіўнай,
Рэкой з вадаспадам заліўся пакат,
Вуоксаю рэчка завецца у фіннаў,
Іматрай завуць вадаспад.
Imatra, 20/VI—1910.




  1. Суомі—Фінляндзія—бацькаўшчына фіннаў.