Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1913)/II/З асенніх напеваў/Кончыцца лета гарачае…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На склоне лета З асенніх напеваў 1.
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
З асенніх напеваў 2.
Іншыя публікацыі гэтага твора: З асенніх напеваў (Кончыцца лета гарачае…)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З асенніх напеваў.

1.

Кончыцца лета гарачае,
Кончыцца воля—раздолле;
Кветкамі лог не харошыцца,
Збожэм не хваліцца поле.
Косы ня сьвішчуць сталёвые
Ў соннай траве сенажацяў,
Серп на вайну ня йдзе с коласам,
Песень, і тых не чуваці.
Сонна адна адзінокаю
Груша стаіць над мяжою,—
Лісьце скідае пажоўклае,
Сыпе асенняй нудою.
Неба што дзень пахмурнейшае,
Сонца што дзень на ім меней,
Птушак заціхла чырыканне,
Нейкае ўкруг знемажэнне.
Вецер заводзе у коміне,
Быццам жыцьцё сваё гане;
Думы старые, халодные
Сэрцэ пужаюць, як здання.
Так і ўцекаў-бы ад гэтаго
Там гэт! за горы, за рэкі,
Каб чэлавек ды мог скрыціся
Ад сваей долі на векі.