Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1913)/I/Песьня Званара

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ты, зялёная дубрава… Песьня Званара
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
* * * «Не ўздыхай…»
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песьня званара.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Песьня Званара.

В. і М. Ластоўскім.

На высокай гарэ, дзе ніхто не арэ,
Толькі птушка-арол дзе садзіцца,
Там збудую, ўзвяду нізі ўсей на віду
Мураваную вежу-званніцу.
І завешу я звон са ўсіх чутны старон—
Раўня голас і віхру, і грому.
Як пушчу яго ў ход, сазаву харавод,
Ні адзін не заседзіцца дома!
Разгудзіцца мой звон ад вакон да вакон,
Душы збудзіць, па сэрцах ударэ,
Дрогнуць сковы цямніц, бліснуць іскры зарніц,
Заварушацца яры, папары.
На мой кліч вечавы хто жывы, чуць жывы,
Пад гарою касой загамоне.
Гулам звона скажу, сьцежку-шлях пакажу
На прывольле, на ўродные гоні!
За гарой за другой дам жывы вадапой,
Жыватворнае кожнаму зельле;
На нязлічэны час па нягодах папас
Усім тым, што церпяць і цярпелі.
Гэткі будзе мой клік—і магуч і вялік,
А не трапіць ён к душам прыспаным,—
Вызву гром пяруны—хай памогуць яны
Раз’агніць, затрасьці ўсе паляны.
Стогне бура, грымот. Я свой звон ход у ход,
Размахну як ніхто і ніколі,
Аж ад рук і ад хмур вежы рухне падмур,
Толькі розгалас пойдзе па полі.
Ляжэ крушнею там вежа, звон і я сам.
Арол-птушка ўскрыліцца пад небам.
А навокал гары задымяць сьцежары,
Груганамі ўскалышуцца вербы…
.............
І весна, і зіма. Быў званар і нема.
Ціха, ціха на белым прасторы.
Толькі жыў не жывы звону гул вечэвы,
Аб тым шэпчуць дубы, ясакоры.
Йдзе, сыходзіць лет шмат. Званара помніць брат,
Помніць звон, а сястрыца—званніцу.
Аб высокай гарэ, дзе ніхто не арэ,
Казкі-байкі ліюцца крыніцай.
Як у прошчу па лек, стане йсьці чэлавек
К мохам высланай крушні камення,—
Ад звана чэрапок, цэглы—мура кусок
Будуць несьці падмогу ў цярпенню.
Буду ўсё званаром, хоць даўно пад дзярном
Сьпіць мая галава маладая.
Эх, бо ведае сьвет, што вялікіх дум цвет
Адно толькі на зломе ўзрастае.