Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1913)/I/Маладая Беларусь

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прад сьвітаннем Маладая Беларусь
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Выйдзі…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Маладая Беларусь (Вольны вецер напеў вольных песень табе…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Маладая Беларусь.

Вольны вецер напеў вольных песень табе,
Бор зялёны узняў дружным гоманам,
Сонцэ полымем вызвало к слаўнай сяўбе,
Зоры веру ўлілі сілам зломаным.
І ў час буры, нягод і вялікіх надзей
Зацвіла, расцвіла доўгажданая,
І крыніцай жывой над айчызнай сваей
Паплыла, пацекла неспыняная.
Паплыла, пацекла з светлай казкай жыцьця
Полем, лесам, гарой і далінаю…
З свойскіх кветак-пралесак—карона твая,
Ўся сама—ясната лебядзіная.
Зіхаціш і гусьлярскаю песьняй зьвініш,
Узнімаеш мінуўшчыну даўную;
Час сягоняшні ўперад ісьці не пыніш,
І глядзіш сьмела ў будушнасьць тайную.
Сьмела ў сонцы ідзеш, як жывы агнецвет,
Сееш ласкава сны залацістые;
Не пужае сумежны дакучны сусед,
Не пужае пуціна цярністая.
Ад мяжы да мяжы, ад капца да капца
Абнаўлення павевы расходзюцца,
Абнімая душу без граніц, без канца
Маці-радасьць, што лепшы дзень родзіцца,
Ўжо не так тапары у зялёным бары
Хвойкі валюць зімой маразяною,
Ўжо не так касары ад зары да зары
Летам звонюць касой атклепаною.
Значэн гарт у руках, чутна песьня бяз слёз,
Грудзі славы надзеяй калышуцца,
Ў кнігі новы закон ёмка пёрамі с кос
Наўсяды людзьмі новымі пішэцца.
Расцвітай жэ, ўзнімай на арліных крылах
Душы, сэрцы і думы заспаные,
Вызывай, выклікай на вялікі прасьцяг
Сілу ведзьмай пятлёй нечэпанаю.
Высылай, разсылай на край сьвет пасланцоў,
Як з гнезда сакалінаго сокалаў,
Хай лятуць, далятуць да байцоў-удальцоў,
Хай грымяць весткай добраю ўвокала.
Годзе ў полі, ў лясох ты, старонка, і так
Сіратой начэвала забытаю,
Годзе выпіў крыві з сэрца крыўды чэрвяк,
Косьці вецер тачыў непакрытые.
Падымайся з нізін, сакаліна семья,
Над крыжамі бацькоў, над курганамі;
Занімай, Беларусь маладая мая,
Свой пачэсны пасад між славянамі!..