Ўстань ты, старонка, родная маці.
Годзе зімоваго рабскаго сну,
Годзе табе ўжо слёзна ўздыхаці,—
Выйдзі на поле, на сенажаці,
Выйдзі спаткаці вясну!
Скінь лахманы, што доўгіе векі
Ты валачыла с кастры, с палыну;
Выйдзі с пад дзікай зімняй апекі,
Што над табою строіла здзекі,—
Выйдзі спаткаці вясну!
Вырылі сьцюжы ўюгамі, сьнегам
Яму глыбоку табе не адну;
Сьнежные наспы мела начлегам…
Глянь, сьнягі таюць, рэчкі йдуць бегам…
Выйдзі спаткаці вясну!
С поўначы сівер кідаў табою,
Як абадрану з лісткоў галіну;
З захаду зьверы йшлі чэрадою
Рваць твае грудзі… Вышла жывою,
Выйдзі-ж спаткаці вясну.
Дзетак тваіх скрозь крыўдай сьляпілі,
Мучылі, гналі без часу ў труну, Казак вучылі, што́ ты ў магіле.
Толькі-ж блеск сонца здраду асіліў…
Выйдзі спаткаці вясну.
Ясна, сьвяточна ў красы ўбярыся,
Птушкай свабоднай сягні ў вышыну,
З сонцэм злучыся, зорамі йскрыся,
Песьняй распейся, славай акрыйся,
Выйдзі спаткаці вясну.
Сплецену с церняў маеш карону,
Хором твой—неба і нівы краса,
Царство ў чатыры дрэмле староны,
Слугі—мазольных рук міліёны…
Выйдзі… Чэкае весна!..
|