У Менску на рынку,
Ў канцы агароды,
Бабулька старая
Садзіцца заўсёды.
Усякія зёлкі
На рынак прыносіць,
І людцаў прахожых
Купляць у ёй[1] просіць.
Ляжаць перад бабкай,
Ці вечар, ці ранак,
Пучкі дзевясілу,[2]
Чабор[2] і румянак
Ад кожнай хваробы
Ё зёлкі, карэньні.
Лячыць можна імі
Падвей, парушэньні.
І любчыку нават
Дасьць вам пад сакрэтам,
Ды науча,[3] як зводзіць
Любезьнічкам гэтым
І ўсякіх, усякіх
Дастанеце лекаў.
Якіх толькі людзі
Ня зналі ад векаў.
Шмат летак бабульцы:
Трасуцца ўжо рукі,
Ё пэўна унукі,
Ба! нават праўнукі.
Усяк ёй жылося
На сьвеце, на Божым,
І смутна, самотна,
І з хлопцам прыгожым;
І сьлёзы ліліся,
І песьні зьвінелі,
.............
.............
Но[4] ўсё праляцела,
Як яснай маланкай,
Сьпяць думкі і песьні,
Ў магіле сьпіць Янка.
Эй, моладасьць — радасьць
Мінула ўдалая!
Но[4] старасьць і беднасьць
Ніяк ня мінае.
І кепска бабульцы:
Сівая, худая,
Брак сіл працаваці,
Так зёлкі зьбірае,
Нясе іх да Менска,
На рынку садзіцца,
Збывае і вуча,[5]
Як трэба лячыцца.
А можа паможа
Душы хоць адной дзе,
І праца бабулькі
Намарна ня пойдзе.