Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/I/Б/Цётка/Прысяга над крывавымі разорамі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гаданьне Прысяга над крывавымі разорамі
Абразок
Аўтар: Цётка
1927 год
Асеньнія лісты
Іншыя публікацыі гэтага твора: Прысяга над крывавымі разорамі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Прысяга над крывавымі разорамі.

Быў цёплы вясеньні дзень… Нівы ціха адпачывалі пасьля летняе працы. Цёмны лес шаптаўся ў глыбокай задуме. Буслы тужліва ляцелі ў вырай.

Гэтага дня маркотны і згорблены пад цяжкай хмарай невясёлых дум ледзьве-ледзьве поўз стары Мацей у поле.

— Галава баліць, рук ня зьняць, — бурчаў ён, пацягваючыся. — Дзяцей дагадаваўся, а адпачыць некалі і не за кім.

Так ён сам сабе жаліўся.

Праўда, у Мацея былі тры сыны: аднаго ўзялі ў маскалі, другі паехаў да Пецярбурга шукаць хлеба, трэці пайшоў за парабка да двара, а бедны Мацей з жонкай і дзьвюма малодшымі дзяўчаткамі астаўся на сваёй гаспадарцы.

Бедната, адзіноцтва, сілы ўжо ня тыя, — а рабі і рабі, працуй бясконца… Мардасовічу за лён, Бізуноўскаму за пашу, а там і за бульбу плужы й плужы што-дзень на адработках, так што сваё, хоць і вузка і лында, але й то няхват часу ў пару засеяць. Ось і цяпер суседзі ўжо даўно пасеялі і пабаразьнілі, а Мацей толькі першы дзень вышаў на сваё поле і то быў хворы.

Аднак, перамагаючы сябе, насыпаў жыта ў хвартух, напляваў у жменю, чарпнуў зярнят, і — са славамі — „радзі, божа“ — сыпануў зярнё на чорную глебу.

Зярняты замігацелі на ральлі, а Мацей стаяў з пасалавеўшымі вачамі і шаптаў:

— Не магу, надта-ж галава баліць і сон морыць…

І, неўкладаючыся ані пасьцілаючыся, ён, як стаяў, так і лёг; так і заснуў.

Спаў, як пласт, упоперак загону з раскінутымі рукамі. Ліцо было бледна, вусны чорныя ад смагі, дыхаў ён часта і з якімсь хрыпам. Здалёк выглядаў на чалавека, каторага вот-вот раскрыжавалі й прыбілі да зямлі, і так ён паволі канае.

Мацей спаў і сьніў. Сьніў ён, што сабралася моц народу на яго ніве: былі там маладыя і старыя, і мужчыны, і кабеты, і дзеці — у розных вопратках, і ўсе крычалі:

— Вузка! Цесна! Мала!

А Мацею здавалася, што і ён сам стаіць пасярод гэтага народу, і што ўсе чакаюць, што і ён сам, Мацей, скажа і што вось-вось к яго сэрцу падходзіць нейкі жаль, і што ён таксама пачынае крычаць:

— Вузка! Цесна! Мала!

Аж, здаецца, выбягае сусед Астап, заціснуўшы кулакі, і крычыць яшчэ мацней ад Мацея:

— А скуль узяць?! Скуль дастаць?! Кажы! Скуль?!..

Тады захістаўся народ і зароў:

— Глядзеце, во — прасторы! Во! нівы, лясы, палі! Усё гэта ваша!

А Астап:

— Лжэце! Няпраўда! Не дадуць: то казённае, дворнае, — ні я, ні вы ня маем права! Не дадуць! Паб’юць!..

Вот далей здаецца Мацею, што з цьмы народу выходзяць яго тры сыны: парабак дворны, салдат і работнік пецярбурскі, становяцца на калені, і прысягаюць громка, ясна, памалу:

— Мы дамо! Мы — сіла! Мы — права!

Мацей абліваецца потам, сэрца ў яго б’ецца…

І здаецца яму, што ўсё гэта спавіў туман: толькі разоры стаяць, поўныя крыві, а над імі вісяць тры скрыжаваныя далоні… І раздаецца ціхі, ясны голас:

— Мы — сіла! Мы — права!