Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/I/А/Карусь Каганец/На сплаў
← Журавель і чапля | На сплаў Апавяданьне Аўтар: Карусь Каганец 1927 год |
Новасадзкае замчышча → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: На сплаў. |
На сплаў.
Ня тое ўжо стала наша Палесьсе, як калісь было! Няма ўжо тае свабоды! Няма ўжо ні тых лясоў нашых слаўных, адвечных, поўных усялякага зьвяр’я[1] ні тых балот бесканечных, паросшых камышом,[2] плюшчаём, сітнягом, маўляў-бы лесам якім, у каторым кішмя-кішыць усякае птаства вадзяное. Цяпер усюды знаць „працавітая рука расійскага правіцельства“: усё Палесьсе парэзана выведзенымі пад лінію канавамі, па каторых сплаўляюць астаткі нашых лясоў у рэкі, а рэкамі — ў мора. Дзе былі адвечныя лясы, там цягнуцца парэзаныя ў клеткі палі. Адно[3] чорныя пні, каторых рука чалавечая не паўздужала так скора павыдзіраць, тое месца значаць. Дзе былі непраходныя балоты, дзе толькі дзікі зьвер ды наш паляшук — да і то ня ўсюды — мог прабрацца, цяпер сьцелюцца паросшыя буйнаю травою і так-жа парэзаныя клеткамі лугі. Толькі тыя лясы, каторыя казна сабе надзяліла, яшчэ красуюцца, сказаць, у цэласьці.
О, бедныя лясы нашы, краса і багацтва[4] наша! Таеце вы, як сьнег пад гарачым сонейкам, і ўсякі вас стараецца чым скарэй вынішчыць!
Як толькі казна асушыла нашы балоты, парэзаўшы скрозь канавы, паны з купцамі ўзяліся чым дужы[5] за лясы. Пан рад, што можа лес свой куды-небудзь дзець, — прадае купцу за абы-што, а той ставіць сярод лесу шахварню[6] і, пасяліўшыся там, жыве і сьпяшаецца датуль, пакуль можа, які грош выціснуць.
У сяле Савічах была кантора аднаго багатага гандляра лесам. Было гэта раньняю вясною, калі сьнег пагнала адусюль, і рэкі ды канавы шырока мелі разьлівацца. Трэба было сьпяшацца сплаўляць дрэва.
Вот-ж у Савіцкай канторы, ў вялікай і вельмі нячыстай, як заўсёды ў жыдоў бывае, сабралася чалавек больш сарачні нашых мужыкоў, каб наняцца прагнаць прыгатаванае за зіму дрэва да Птыча-ракі. У ізьбе[7] стаяў туман, пахла махоркаю і мокрымі анучамі й кажухамі. Усе нараз гаварылі так, што за гоманам нельга было разабраць нічога. Пад сьцяною, за сталом, сядзеў брухаты сам гандляр са сваім шапарам і запісаў прозьвішчы наймаўшыхся на сплаў мужыкоў. Ён сядзеў важна, спакойна і, не сьпяшаючыся, ставіў у кнігу свае выкрутасы і раз-ад-разу падымаў свой веснаваты[8] твар з рудою барадою й хітрымі вочамі і скоса пазіраў на людцоў. Шапар яго — жыд чарнявы, юркі — усё бегаў, махаў рукамі і, запляваўшыся, крычаў на мужыкоў.
— Гвалт! Ня крычэце, ня крычэце! Няхай адзін за ўсіх гаворыць! Чуеце? ша! — крычаў шапар, махаючы рукамі і плюючы на бараду.
— Што-ж, можна, няхай будзе й так… няхай адзін гаворыць, — загаварыў мужык. — Усё роўна. Гавары ты, Яўхім!
З грамады вышаў Яўхім у белай сьвіце ня вельмі высок, але ў плечах дужа шырок. Год яму пад пяцьдзесят было. І ён прышоў наймацца з сваім сынам Астапам. Ён выступіў на шаг з грамады і адкашляўся.
— Чакайце, сьціхніце! — загаманілі ў грамадзе, — Яўхім гаварыць будзе!
Вочы на Яўхіма. Ён ведаў, чаму людзі так усхадзіліся: ім не спадабалася пасуленая цана, але ён таксама ведаў, што ўсё-такі канец канцом пераможа, і гандляр заплаціць такую цану, якую сам захоча. Прыказчыкі яго загадзя бочку гарэлкі прыдбалі, якая там-жа стаяла і на якой сядзеў худы стораж пажылых год і трымаў у руцэ бляшаную кварту напагатове. Людзі памалу сьціхлі, а Яўхім зачаў.
— Вось што, пане купец: цану малую даеце. На гэтую цану нельга прыступіці. Па чатыры злоты за лаўку…[9] гэта нідзе ня відана. Гэта-ж — падумайце самі! — гэта-ж марац[10] на дварэ, а вада вялізная будзе… гэтак сьнег пагнала. Нельга з плытамі ўправіцца будзе. Другое-ж, і лодак мала… Па рублю дасьце, дык пагонім…
— Але, лодак летась саўсім мала было, саўсім мала, — загаварылі людзі. — А паспытай цяпер у воду па шыю лезьці…
— Ша, ша! — зашыкаў шапар, махаючы рукамі.
— Лодкі будуць, — важна адазваўся сам купец. — Я купіў. На гэтым тыдні прывязуць. Старых яшчэ пяць штук ёсьць,
— Куды пяць?! — зноў зашумелі. — Адна-ж саўсім гнільлё.
— Гавораць вам, будуць лодкі! — крыкнуў сам купец.
— Чуеце? Купец кажа, будуць лодкі! — кажа Яўхім.
Людзі заварушыліся. Некаторыя падыходзілі к Яўхіму, штурхалі яго ззаду і шапталі яму на вуха.
— Ну, што яшчэ? — спытаў купец. — Цана малая? Такая ўсюды, усюды такая цана. Якая цана ёсьць, такую і даю.
— Крыўдуюць, — кажа Яўхім: — Кажуць, што вельмі пакрыўдзілі тых, што дрэва тралявалі[11] ўзімку. Штрафаў шмат пазапісвалі. І цана ад лаўкі… заўсёды рубель плацілі.
— Гэ! штрафаў шмат запісалі! Гэ, чэрці! — закрычаў шапар. — А колькі дзён не адрабілі? Гэ?! — А потым, нахінуўшыся к купцу, штось пашаптаў.
— Вось што, братцы, — сказаў купец, выслухаўшы шапара: —
Калі вы добра да Птыча дагоніце — прашчу,[12] увесь штраф прашчу, усё заплачу, што задзяржаў. Па рублю ня дам: нідзе цяпер па рублю ня плацяць. Папытайце, дзе хочаце. Дам па семдзесят капеек і па кварце гарэлкі. Гарэлка — файн, харошая, моцная! Гарэлкі цяпер дам на задатак.
— У роце гарэць будзе, — зажартаваў шапар.
— Яно-то так, гэта — добра, — загаварылі мужыкі. — Адно на Востраве па рублю ад лаўкі плацяць.
— Ну, ступайце[13] на Востраў! — як-бы яму ня рупіла,[14] кажа купец.
— Няхай там і па дзесяць плацяць. Сказана, па 70 капеек цана, а там — як знаеце. Больш ня прыбаўлю.
Як-бы яны там доўга таргаваліся, няма ведама, — адно купец дагадаўся крыкнуць:
— Хто за семдзесят капеек ня хоча, выхадзі! Эй, запры крант і схавай кварту! Ня трэба гарэлкі!…
Як загаманіў купец так, нашы мужычкі як чагось зьлякаліся. Ні-то што-б[15] зарабаткаў ня ўтраціць, ні-то што-б гарэлка не ўцякла, а так, проста паверылі гандляру, што ён большай цаны даць ня можа.
Бо, апрача ўсяго, наш народ яшчэ ня так сапсован, як другія, і ён як сам праўдзівы і чысты, так і ў другіх справядлівасьць верыць.
— Да ўжо няхай і так будзе! Мо’ бог паможа, — адазвалася колькі чалавек.
За імі і другія сталі прыставаць на гэту цану, а некаторыя і не хацелі-б прыстаць, да грамада — не адзін чалавек. Дык мусілі і тыя вярнуцца і прыстаць на тое, на што грамада прыстала. Толькі адзін Пахом не паддаўся і хацеў быў ісьці. Пахом быў высокі і відны мужчына, хоць ліцо[16] яго было бледна.
— Гэй, гэй, Пахом! Куды пайшоў? — крычаў нішчэмненькі, у стоптаных лапцях чалавечак, ня пушчаючы Пахома ў дзьверах. — Усе згадзіліся, чаго-ж ты працівішся? Хадзем гарэлку піць! Вось зараз давацімуць.
— Не, — кажа Пахом, вагаючася, — у Востраве рубель даюць, дык я туды…
— Але-ж да Вострава мілі з чатыры, болей! — крычаў нішчэмненькі, — Ідзем, брат, ідзем!… Мужчынкі, цягнеце яго, а то ўпіраецца.
Пахом пастаяў, пагадаў, потым страпянуў чупрынаю, махнуў рукою і вярнуўся да грамады, якая стала націскаць і крычаць, каб скарэй запісвалі і гарэку давалі.
— Ша, цішэй, ня ўсе разам! — супакойваў купец. — Гэй, хто там наперад стаіць? Заві,[17] стараста!… Ты няграматны? На табе квітанцыю!… Стараста, стаў[18] пячаць!…
Сталі мужычкі падходзіць чарадом. Іх запісвалі, выдавалі квіткі, а з квіткамі падыходзілі к старасту па гарэлку, а той наліваў ім у што хто падставіць — ці ў гляк, ці ў бутэлькі, ці ў баклажкі, ці ў берасьцені…[19]
І пайшло таго-ж вечару гуляньне, як-бы радаваліся, што зрабілі ўмову на працу, якая і на катарзе ў дзесяць столак лягчэйшая…
- ↑ Лепш — зьвярыны.
- ↑ Русіцызм. пабелар. — чарот.
- ↑ Толькі.
- ↑ Багацьце.
- ↑ Як мага.
- ↑ Хата шахвара, шафара, шапара, наглядчыка за працаю ў лесе.
- ↑ Рус.; пабелар. — хата, у хаце.
- ↑ Рабы, усыпаны рабаценьнем.
- ↑ Кавалак плыта.
- ↑ Сакавік месяц.
- ↑ Спускалі з пня.
- ↑ Русіц. — дарую.
- ↑ Русіц. — ідзеце.
- ↑ Ня было цікава.
- ↑ Русіц. — пабел. — каб.
- ↑ Русіцызм, пабелар. — твар.
- ↑ Русіц. — паб. кліч.
- ↑ Стаўляй.
- ↑ берасьні — гаршкі, аплеценыя бярозаваю карою, бяростаю.