Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/I/А/Карусь Каганец/Новасадзкае замчышча
← На сплаў | Новасадзкае замчышча Апавяданьне Аўтар: Карусь Каганец 1927 год |
Кабзар → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Навасадзкае замчышча. |
Новасадзкае замчышча.
Над рэчкаю, над Слаўкаю, недалёка сьвятога месца Студзенца, дзе з-пад дарогі на горы вада цудоўная[1] выліваецца і спадае ў яр глыбокі, а ярам у Слаўку цячэ, а Слаўка па каменьнях шапоча, — стаіць князьскае гарадзішча.
Высокія берагі Слаўкі парасталі ўсякім лесам: расьлі там і дубы магучыя, і сьветлыя ясені, і клёны, і асіны, і бярэзіны касатыя, і брэзгеліны касьцястыя, і чаромхі пахучыя, — ды многа ўсяго было.
Над усім гэтым западала ночка цёмная. Неба было засуплена[2] чорнымі хмарамі, а вецер сярдзіты раз-па-разу зрываўся і з шумам і сьвістам пралятаў над гарамі, над лясамі і над тым гарадзішчам, маўляў штось нядобрае павяшчаў.
Усе ў гарадзішчы ў тым спалі. Спалі і ў месьце, што ляжала у кліну між Слаўкай і Ус-рэкай.[3] Адна толькі душа ў гарадзішчы ня сьпіць: па волі ўсё ходзіць і знаць думу цяжкую думае, во аж пот на белым лобе выступае пэрлістымі кроплямі.
А хто гэта ходзіць, як не княжна, слаўная красою і багацтвамі сваімі? І ростам высока, і ліцом[4] красна, хоць ня так-то ўжо і малада. І грудзі яе поўныя высока падыймаюцца, і вочы карыя аж у цемнаце сьвецяцца, а буйныя косы вецер па воздусе[5] трэпле. Ходзіць княжна гордаю ступою, ды на сэрцы яе знаць невясёла, бо ўсё то рукі заламае, то вяла іх спусьціць, то ўздыхне цяжка, як канаючы, то аберуч галаву сьцісьне; то быццам на штось адважыўшыся, вочы падыйме і ў даль сьмялей гляне і заходзіць байчэйшаю ступою, а праз момант ізноў яе сэрца зойдзецца, і рукі павіснуць, і вочы затуманяцца, і ногі як-бы падкашывацца стануць. Ды вось яна канцом на штось адважылася. Пайшла хуткаю ступою ў гарадзішча, чэлядзь[6] сваю будзіць, усе багацтвы свае прыказвае зьбіраці і што дарожшае, то ў скрыню каваную кладзе, а што меней вартае, тое чэлядзі раздае. Сабраўшы ўсё і спакаваўшы, скрыню зачыніла на тры замкі, а ключы на залаты паясок нанізала і туга ім падперазалася. Тады, сеўшы на скрыню, горка заплакала.
— „Няма ў мяне ні шчасьця, ні долі, ні вернага друга, — няма мне з кім дзяліцца ні сваею красою, ні каханьнем, ні багацтвам вялікім, а моладасць мая ўцякае, лічка маё бела[7] пажаўцела, грудзі мае поўныя сталі вянуць, вочкі карыя — ліняці, буйныя косы — выпадаці, а сэрца маё стала заміраці… Няхай-жа, калі так, я згіну; ўсё за мной: і думкі мае, і каханьне маё, жаданьне, і краса, і багацтвы мае, бо так сіратліва жыці не пад сілу мне!“..
І загадала сваім служкам прывязаці сябе да скрыні і кінуць у студню дужа глыбокую і поўную вады, што ў тым гарадзішчы на дварэ была. Загудзела, зараўла навальніца, і краснай княжны ня стала… Кінулі яе верныя служкі ў студню глыбокую, і апусьцела зараз тое гарадзішча, а посьле і саўсім яго ня стала. Толькі гара з валам ды студняй поўнай каменьня, тое месца азначае. Скора вораг люты сюды найшоў, людзей павыразаў, хаты з зямлёю зраўнаваў, а тое месца, дзе места было, людзі Рэзанамі празвалі.
Каму-ж з таго места Бог судзіў жывым астацца, тыя трохі аддаль на гары, над крыніцамі пабудаваліся насупроціў таго-ж гарадзішча і Студзенца і празвалі сваё новае селішча „Новасельцамі“.
- ↑ цуд, цудны і інш. — заходняславянізм, полёнізм. Паходзіць ад праславянскага — *tjud. — Так славяне называлі суседні, усходні ад сябе народ, найхутчэй фінаў (У велікарусаў — „чюдь белоглазая“). Адсюль утворана — а) штюдь (старабаўгарскае — вялікан, асілак); б) чуда (у палякоў — cud); в) чужы, чюдь (фінскае плямя). Цяпер у беларускай мове маем, апроч слоў ад караня — чуж —: чудны, чудзіць, чудак… Тады правільна — чуда. Ужываецца яшчэ — дзіва.
- ↑ Зацягнена.
- ↑ Рэкай і ракой.
- ↑ Русіц. — тварам.
- ↑ Русіц. — паветра.
- ↑ Слугаў.
- ↑ Русіц. — тварык мой белы.