Усе з аднэй мы выйшлі нівы…
Перайсьці да навігацыі
Перайсьці да пошуку
Усе з аднэй мы выйшлі нівы… Верш Аўтар: Алесь Гарун Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/71933 |
* * *
Я. Коласу
Усе з аднэй мы выйшлі нівы,
І сейбіт нас адзін кідаў,
І кожан з нас той дзень шчасьлівы
Ў сваёй душы благаслаўляў.
А вецер быў. І хто цяжэйшы,
Астаўся там, куды упаў,
А хто, як я, хто быў лягчэйшы,
Ў далёкі сьвет павандраваў.
Бо сейбіт ёсьць другі на небе,
Што судзіць нам гады і дні, —
І ты узрос на роднай глебе,
Пусьціў глыбока карані.
Здалеў, браток, на сьвет прабіцца
Спраміж сьвірэпкі і асок!
І можам мы табой гардзіцца,
Прыгожы, слаўны Каласок.
Цьвіці ж, расьці, буйней надзіва
Ў сям’і прыгожых васількоў.
З тваіх зярнят хачу, праўдзіва,
Убачыць поле каласкоў.