Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/VII/2
← 1. Музыка | 2. Апокрыф Апавяданьне Аўтар: Максім Багдановіч 1927 год |
3. Апавяданьне аб іконьніку і залатару → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Апокрыф (Багдановіч). |
2.
АПОКРЫФ.
1.Ад Максіма Кніжніка пачатак
2.Калі скончылася сем тысяч год ад сатварэньня сьвету, хрыстос зноў зышоў на зямлю і хадзіў па ёй, каб споўнілася тое, аб чым казалі прарокі.
3.І хадзіў ён па ўсяму нашаму краю: і па Міншчыне, і па Віленшчыне, і па Магілёўшчыне, і па Задзьвінскай зямлі.
4.І разам з ім былі сьвяты Пётра і сьвяты Юры. Але ніхто з людзей не пазнаваў яго.
5.Бо ішлі яны босымі нагамі, з непакрытымі галовамі, і былі адзеты ў белы кужаль. А не таго спадзяваліся людзі.
6.Таму ніхто не зьвярнуў увагі на іх, калі ў час жніва праходзілі яны між працуючых людзей.
7.Толькі музыка, катораму цяпер ня было што рабіць, падышоў да іх і сказаў: сорамна мне, бо сягоньня дзень працы і ўсе клапоцяцца каля яе; адзін я нікчэмны чалавек.
8.І адказаў яму Ісус: ня смуціся ў сэрцы сваім. Ці-ж не твае песьні сьпяваюць яны цяпер у часе жніва? Таму ня схіляй нізка галавы тваёй і не хавай твар свой ад вачэй людзкіх.
9.Бо няма праўды ў тым, каторы кажа, што ты — лішні на зямлі. Запраўды кажу я табе: вось надойдзе да яго гадзіна горачы — і чым ён разважыць смутак свой, апроч песьні тваёй? Таксама і ў дзень радасьці ён прызавець цябе.
10.І, паўчаючы яго, казаў: пад песьні кладуць чалавека ў калыску і са сьпевамі-ж апускаюць у магілу яго.
11.Штодзённымі хлопатамі поўна людзкое жыцьцё. Але калі зварухнецца душа чалавека, толькі песьня здолее спатоліць яе. Шануйце-ж песьні свае.
12.Бо сьпяваюць нават жабы ў багне. А ці-ж ня лепшымі будзеце вы ад іх?
13.Так вучыў хрыстос. Але Пётра, пачуўшы яго словы, сказаў: Вучыцелю, у гэтай старонцы ёсьць людзі, каторым няма чаго есьці. Ці-ж ня сьцісьнецца ад сораму сэрца гэтага чалавека, калі ён да іх, шукаючы скарынкі хлеба, прыдзе з песьняй сваёй?
14.І, адказываючы яму, сказаў хрыстос: так, жыцьцё гэтых людзей цяжкое, беднае і прыгнечанае. Чаму-ж ты хочаш яшчэ і красу адабраць у іх? Мала дадзена ім — няўжо-ж трэба, каб было яшчэ менш?
15.І, зьвярнуўшыся да музыкі, спытаў яго: калі пяюць песьні ў вас?
16.Музыка-ж адказаў: пяюць ня коляды, на запусты, на вялікдзень, на тройцу, на Яна Купалу, у пятроўку, на зажынках і дажынках.
17.Пяюць на радзінах і хрэсьбінах, пяюць, дзіцё калыхаючы, і самі дзеці пяюць, гуляючы; пяюць на ігрышчах і вечарынах, і на вясельлях і на хаўтурах, і ў бяседзе, і ў працы, і ў маскалі йдучы і ўва ўсякай іншай прыгодзе. Так скрозь увесь год пяюць.
18.І прамовіў хрыстос Пятру: ты, шкадуючы долі галодных людзей, асудзіў песьню, але галодныя людзі не асудзілі яе. Жыва яшчэ душа ў народзе гэтым.
19.Тады ізноў сказаў Пётра: але няхай-жа ў песьнях будуць думкі добрыя і паўчаючыя, каб, апроч красы, меўся ў іх і спажытак чалавеку.
20.І адказаў яму хрыстос: няма красы без спажытку, бо сама краса і ёсьць той спажытак дзеля душы.
21.І, паўчаючы іх, прамовіў: аглянецеся навокал! Ці-ж ня ніва калыхаецца каля нас?
22.Цяжка працаваў ля яе гаспадар і вось бачыць: паміж збожжа ўзрасьлі васількі.
23.І сказаў ён у сэрцы сваім: хлеб адбіраюць у мяне гэтыя сінія кветкі; бо поўныя вагі каласы маглі-бы ўзрасьці на месцы васількоў.
24.Але яшчэ з маленства краса іх прышлася мне да душы. Таму я ня вырву з каранём іх, як усякае благое зельле. Няхай растуць і радуюць, як у маленстве, сэрца маё.
25.Так казаў гаспадар у сэрцы сваім і думках сваіх. І не падняў ён рукі на васількі.
26.Я-ж гавару вам: добра быць коласам; але шчасьліў той, каму давялося быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?
27.І, кажучы так, пачуў ён песьню жнеек і прамовіў: слухайце, што кажуць словы гэтай песьні. Яе складалі людзі, каторыя ведаюць, чаго варты хлеб.
28.Яны-ж пачулі, што словы тэй песьні кажуць: няма лепш цьвяточка над васілёчка. І далей ужо моўчкі ішлі яны.
29.І босыя ногі хрыста пакідалі на цёплым і мяккім пылу дарогі сьляды.
30.Але гора вам, людзі, бо даўно ўжо затапталі вы іх. Амін.
Увагі
[правіць]2. Апокрыф. Перадрук з „Каляднае Пісанкі“ 1913 году.
У апавяданьні сустракаюцца формы дзеяслова цяперашняга часу, утвораныя на ўзор расійскае літаратурнае мовы: „працуючых“ (6 р.), „шукаючых“ (13 р.), „паучаючыя“ (19 р.)
На думку поэты, гэтае апавяданьне павінна зьяўляцца насьледаваньнем апокрыфічнай літаратуры, але зьместам яно хутчэй нагадвае народную
легенду.
Асноўная ідэя „Апокрыфа“ (каштоўнасьць мастацтва ў людзкім жыцьці) набліжае яго да іншых твораў Багдановіча („Музыка“, „Шаман“, „Апавяданьне аб іконьніку і залатару“).
Як наогул у мастацкай прозе Багдановіча, мы ў гэтым апавяданьні сустракаем мастацкія вобразы, уласьцівыя яго вершам, напр., „жабы“, якія сьпяваюць у багне (12 в. „Апокрыфа“), сустракаюцца ў вершы „Рондо“ (№ 175).