Перайсці да зместу

Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/II/Старая Беларусь/126/а

З пляцоўкі Вікікрыніцы
125. Перапішчык 126а. Слуцкія ткачыхі
Верш
Аўтар: Максім Багдановіч
1927 год
126б. Слуцкія ткачыхі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Слуцкія ткачыхі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




126а.

СЛУЦКІЯ ТКАЧЫХІ.
(Рэдакцыя зборніка „Вянок“).

Ад родных ніў, ад роднай хаты
У панскі двор дзеля красы
Яны, бяздольныя, узяты
Ткаць залатыя паясы.
І цягам доўгія часіны,
Дзявочыя забыўшы сны,
Свае шырокія тканіны
На лад пэрсыдзкі ткуць яны.
А за сьцяной сьмяецца поле,
Зіяе неба з-за вакна, —
І думкі мкнуцца мімаволі
Туды, дзе расьцьвіла вясна;
Дзе блішча збожжа ў яснай далі,
Сінеюць міла васількі;
Халодным срэбрам зьяюць хвалі
Між гор ліючайся ракі;
Цямнее край зубчаты бору…

І тчэ, забыўшыся, рука,
Заміж пэрсыдзкага узору,
Цьвяток радзімы васілька.

Увагі

[правіць]

126. Слуцкія ткачыхі. Верш друкуецца ў дзьвёх рэдакцыях. Першая рэдакцыя (126-а) перадрукоўваецца з зборніку „Вянок“. У другой рэдакцыі (126-б) даецца роўналежны тэкст, устаноўлены Літаратурнай Камісіяй на падставе аўтарскіх паправак у экзэмпляры „Вянка“ № 2.
Варыянты экзэмпляру № 2 (апроч уведзеных у тэкст выданьня):
14Ужо сінеюць васількі…
20Там луг, як быццам з аксаміта…
Задатованы верш 1912 годам рукою аўтара ў экзэмпляры № 2. Першы раз надрукованы быў у „Н. Н.“ 1912 г. № 26.
16„ліючайся“ — дзеяслоўная прымета цяперашняга часу, утворана на ўзор расійскай мовы.
Зьмест вершу „Слуцкія ткачыхі“ ня зусім адпавядае гістарычным зьвесткам. Гісторык беларускага мастацтва М. Шчакаціхін дае наступную даведку:
„Вядомыя слуцкія тканіны, у тым ліку славутныя золаталітыя і шаўковыя слуцкія паясы, ніколі не вырабляліся, як гэта малюе Багдановіч, прыгоннымі сялянкамі ў панскім двары; для вырабу іх існавала ў Слуцку спэцыяльная, досыць вялікая фабрыка (у 24 варштаты), заснаваная Міхалам Радзівілам у 1758 г. (зачынілася ў 1844 г.). Як сьведчаць захаваныя ў Несьвіскім архіве дакумэнты, ніякіх ткачых на гэтай фабрыцы ня было, а працавалі там выключна мужчыны, пераважна мяшчане з Слуцку і Несьвіжу, і часткова шляхцічы, што асобна зазначана ў сьпісе майстроў. Яны ня былі прыгоннымі і працавалі за плату (гл. дакумэнты, апублікаваныя Ельскім: Wiadomóć hystoryczna o pasiarni Radziwiłowskiej w Słucku. W Krakowie. Nakładem Akademii umiejętnośсі, 1894. Стар. 9. 20-21, 22, 28-29). Правільнай рыскай у вершы Багдановіча зьяўляецца характарыстыка слуцкіх вырабаў, як тканых на лад пэрсідзкіх, бо запраўды ў слуцкіх тканінах, асабліва першапачатковых, заўважаецца сьціслае перайманьне пэрсідзкіх рысункаў, што тлумачыцца і самымі мэтамі заснаваньня слуцкае фабрыкі для разьвіцьця мясцовай вытворчасьці такіх прадметаў, галоўным чынам, паясоў, якія маглі-б конкураваць з прывазнымі пэрсідзкімі і турэцкімі вырабамі. Надзвычайна пашыранымі ў Беларусі і ў Польшчы ў XVI, XVII і пачатку XVIII ст. Поэтыцкі вобраз рукі, якая, забыўшыся, тчэ заміж пэрсідзкага вузору цьвяток радзімы васілька, — таксама мае пэўныя падставы ў тых відазьменах, якім падляглі ранейшыя пэрсідзкія рысункі пры вырабе іх у Слуцку, дзе запраўды досыць часта ў іх уносіліся мясцовыя элементы, узятыя, пераважна, з нашай беларускай флёры“.
Як відаць, Багдановіч пабудаваў свой верш на грунце тых матэрыалаў, якія ён атрымаў у часе свайго падарожжа ў Вільню ўлетку 1911 г., калі ён азнаёміўся з слуцкімі паясамі і наогул з беларускай культурнай старажытнасьцю.
Бацька поэты гаворыць, што на поэту ў Вільні асабліва глыбокае ўражаньне зрабілі рукапісы старасьвецкіх славянскіх кніг і дакумэнтаў, а таксама слуцкія паясы, якія ён па некалькі разоў пераглядаў. („Матар‘ялы“ А. Е. Багдановіча).