Перайсці да зместу

Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/II/Старая Беларусь/124

З пляцоўкі Вікікрыніцы
123. Летапісец 124. Перапішчык
Верш
Аўтар: Максім Багдановіч
1927 год
125. Кніга
Іншыя публікацыі гэтага твора: Перапісчык (Багдановіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




124.

ПЕРАПІШЧЫК.

На чыстым аркушы, прад вузенькім вакном,
Прыгожа літары выводзіць ён пяром,
Ўстаўляючы паміж іх чорнымі радамі
Чырвоную страку; усякімі цьвятамі,
Рознакалёрнымі галоўкамі зьвяроў
І птах нявіданых, спляценьнем завіткоў
Ён пакрашае скрозь — даволі ёсьць знароўкі —
Свае шматфарбныя застаўкі, і канцоўкі,
І загалоўкі ўсе, — няма куды сьпяшыць!
Парой ён спыніцца, каб лепей завастрыць
Пяро гусінае, і гляне: сьветла сонца
Стаўпамі падае праз вузкае ваконца,
І круціцца у іх прыгожы, лёгкі пыл;
Як сіняваты дым нявідзімых кадзіл,
Рой хмарачак плыве; шырокімі кругамі
У небе ластаўкі шыбаюць над крыжамі,
Як жар гарашчымі, а тут, каля вакна,
Малінаўка пяе, і стукае жаўна.
І зноў ён схіліцца, застаўку зноў выводзіць
Няяркім серабром; нячутна дзень праходзіць;
Ўжо хутка будзе ноч, і першая гвязда
Благаславіць канец прыгожага труда.

Увагі

[правіць]

124. Перапішчык. Верш напісаны ў 1912 годзе, як зазначана рукою аўтара ў экзэмпляры „Вянка“ № 2.
Першы раз быў надрукаваны ў „Н. Н.“ 1912 г. № 26.
Чарнавы варыянт (IV, 13, 8):
4Чырвоную страку прыгожымі цьвятамі.
Русіцызм: 4 — „страку“, 7 — „знароўкі“.
Пераклад на расійскую мову гэтага вершу зьмяшчаецца ў VI разьдзеле пад № 316.