Перайсці да зместу

Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/II/Думы/142

З пляцоўкі Вікікрыніцы
141. Упалі з грудзей пана бога 142. Краю мой родны! Як выкляты богам
Верш
Аўтар: Максім Багдановіч
1927 год
143. ⁂ Халоднай ноччу я ў шырокім, цёмным полі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Краю мой родны! Як выкляты Богам…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




142.

КРАЮ МОЙ РОДНЫ! ЯК ВЫКЛЯТЫ БОГАМ…

Краю мой родны! Як выкляты богам —
Столькі ты зносіш нядолі.
Хмары, балоты… Над збожжам убогім
Вецер гуляе на волі.

Поруч раскідалісь родныя вёскі.
Жалем сьціскаюцца грудзі! —
Бедныя хаткі, таполі, бярозкі,
Ўсюды панурыя людзі…

Шмат што зрабілі іх чорныя рукі,
Вынесьлі моцныя сьпіны;
Шмат іх прымусілі выцерпець мукі
Пушчы, разлогі, нізіны.

Кінь толькі вокам да гэтага люду —
Сьцісьнецца сэрца ад болю:
Столькі пабачыш ты гора усюды,
Столькі нуды без патолі.

Песьня пяе, як удовіна сына,
Янку, каханьне згубіла;
Там, дзе панура схілілась каліна,
Беднага хлопца магіла.

Ў гутарках-казках аб шчасьці, аб згодзе
Сэрца навін не пачуе.
Сьціснула гора дыханьне ў народзе,
Гора усюды пануе.

Хваляй шырокай разьлiлась, як мора,
Родны наш край затапiла…
Брацьця! Ці зможам грамадзкае гора?!
Брацьця! Цi хваце нам сiлы?!

Увагі

[правіць]

142. Краю мой родны, як выкляты богам. Першы раз друкаваўся ў „Нашай Ніве“ 1909 год № 38, але перадрукоўваўся некалькі разоў: у „Беларускім Календары Н. Н.“ 1912 г., у газэце „Беларускія ведамасьці“ 1921 г. і інш.
Варыянты „Н. Н.“:
1Край мой радзімы!..
Рукапісныя варыянты (VI, 35):
1Край мой радзімы! Ці проклят ты богам —
2 Толькі няма табе долі…
3Боры, балоты…
5Радам віднеюцца родныя вёскі,
6Сталі ў балотах, у брудзе;
10Вынесьлі вагі іх сьпіны;
12Боры, пяскі ды трасіны.
14…сэрца ад жалю…
16Столькі нуды і пячалі.
17Песьня гаворыць, як ўдовіна сына,
19Там, дзе панура хіліцца каліна.