Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/I/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
51. Дзед 52. Купідон
Верш
Аўтар: Максім Багдановіч
1927 год
53. На могілках
Іншыя публікацыі гэтага твора: Купідон.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




52.

КУПІДОН.

Ад спомінаў дзіцячых лет
Ў маёй душы астаўся сьлед.
Я помню, як бывала рада
Мне сэрца плітцы шакалада,

Абгорненай з усіх старон
Паперкай яркай з візэрункам:
Там па «загадачным малюнкам»
Пытаньне йіпло: «Дзе Купідон?»

Я не забыў, як доўга з ёй
Сядзеў я ў комнатцы маёй,
Страх зацікаўлены загадкай,
Хоць закусіўшы шакаладкай.

Бо тут-жа, тут хаваўся ты!
Бо можа з сетак малявідла,
Што ўжо даўно вачам абрыдла,
Твае праглянуць мне чэрты,

І ўстанеш ты перада мной
З крылатай, гостраю стралой,
Мне ў сэрца мецячай, і з лукам,
Пяяць гатовым поўным згукам!

Ды ўсё-жа быў ня бачан ён,
Хоць я і сьлёзы ліць прымаўся.
Што-ж ты вачам не паказаўся,
Ўладар каханьня, Купідон?

З часоў тых многа лет прайшло,
Прайшло — і зельлем парасло,
І зноў забытае пытаньне
Ўстае ў сувораму чаканьні.

Я Купідона зноў шукаць
Бяруся сквапна і рухава,
Ды так няскладна гэта справа,
Што лепш аб ёй маўчаць.

1913.

Увагі[правіць]

52. Купідон. Перадрук з „Нашае Нівы“ 1913 г. № 26-27.
У 4-ым радку „Н. Н.“ выдрукавана „маё сэрца“. Слова „маё“, якое не ўкладаецца ў рытм, Літ. Камісія палічыла за друкарскую памылку і замяніла яго на „мне“.
У 5-ым радку „візэрункам“ — полёнізм.
Русіцызм: „чэрты“ (зам. „рысы“) у 16-ым радку.
Як неапрацаваны па форме зварот трэба зазначыць у 20-ым радку „пяяць готовым поўным згукам“. У „Н. Н.“ ў 28-ым радку вершу было выдрукавана: „Устае ў сувораму чаканьні“. Падобны няправільны зварот сустракаецца і ў іншых вершах Багдановіча, напр.: у „нуднаму рыпу“ (№ 181, 16-ты р.), „ў цудоўнаму сьне“ (№ 182, 5 р.). Камісія была прымушана пакінуць бяз зьмены гэтае напісаньне для захаваньня мэтрыкі вершу. — У вапошнім радку („Што лепш аб ёй маўчаць“) не хапае аднаго складу; лепей было-б сказаць: „Што лепш аб ёй і памаўчаць“.

Гл. тэкст гэтага вершу на расійскай мове ў разьдзеле „Зеленя“ № 303 пад загалоўкам „Скерцо“.