Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/I/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
2. Ноч 3. На чужыне
Верш
Аўтар: Максім Багдановіч
1927 год
4. З цыклю „Эрос“. Ў космах схаваліся кветы
Іншыя публікацыі гэтага твора: На чужыне (Багдановіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Верш „На чужыне
З аўтографу 1908-га году.

3.

НА ЧУЖЫНЕ.

Вакол мяне кветкі прыгожа красуюць.
Маркотна між іх я хаджу адзінок,
Аж бачу — мне сіняй галоўкай ківае
Наш родны, забыты ў цяні васілёк.
«Здароў будзь, зямляча!» чуць бачны ў даліне
Панура, нявесела шэпча ён мне:
— «Ўспамянем, мой дружа, ў багатай чужыне
Аб беднай, далёкай сваёй старане».

1908.

Увагі[правіць]

3. На чужыне. Верш першы раз друкаваўся ў „Нашай Ніве“ 1909 г. Захаваўся ён і ў аўтографе (папка VI, № 23).
Наогул, у I разьдзеле ёсьць вершы, якія друкаваліся ў „Нашай Ніве“ і захаваліся ў рукапісах поэты. Усе гэтыя вершы („На чужыне“, „Лясун“, „Прывольная цёмная пушча“) — № 11, „Пугач“ — № 13, „Асеньняй ноччу“ — № 14, „Зьмяіны цар“ — № 23) друкуюцца ў выданьні з тэксту „Нашае Нівы“ з тае прычыны, што тэкст вершаў у „Н. Н.“ больш апрацаваны. Кім рабіліся папраўкі ў вершах поэты, што друкаваліся ў „Нашай Ніве“, Літаратурнай Камісіі невядома. В. Ластоўскі ў сваім лісьце ад 12-II-26 г. гаворыць, што папраўкі ў вершах, якія прысылаліся у „Н. Н.“, павінен быў рабіць Я. Купала. Мажліва, што вершы М. Багдановіча былі выпраўлены Я. Купалам ці кім-небудзь іншым з складу рэдакцыі „Н. Н.“, але магло быць і так, што гэтыя папраўкі выпадкова рабіліся і самім поэтам. Напрыклад, нам вядома, што ў лісьце да рэдакцыі „Н. Н.“ ад 31-VII-1912 г., у якім поэта просіць надрукаваць у „Вянку“ свае пераклады з Вэрлена, ім-жа, між іншым, прысланы папраўкі да вершаў: „Рыцар Няшчасьце“ і „О, сум, усьні ў душы маей“.

Таму, што рукапісных тэкстаў вышэйпералічаных вершаў з аўтарскімі ці іншымі рэдакцыйнымі папраўкамі Літкамісія ня мела, дык для друку яна прымушана была браць друкаваны тэкст „Нашае Нівы“, як больш выпраўлены. З гэтае прычыны і верш „На чужыне“ друкуецца з „Нашае Нівы“.

У аўтографе верш задатаваны 1908 годам і падпісаны „Максім Крыніца“.

Рукапісныя варыянты:
1Навокала пышна цьвяты расьцьвятаюць…
4Наш родны, забыты ў цяню васілёк…

В. напамінае пераклад з А. Крымскага (гл. V разьдзел № 286).

Да в. „На чужыне“ даецца копія аўтографу, як характэрнага па пісьме да першых гадоў творчасьці поэты.