Старцы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Старцы
Верш
Аўтар: Янка Купала
1905—1907
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/903



З торбай кажны, з думкай важнай:
        «Дадуць — не дадуць»,
Даўным сьледам дзед за дзедам
        На кірмаш ідуць.

Як дарога к хаце Бога,
        Або й так аб што,
Не пытаюць, добра знаюць,
        Звон пачулі — й до!

Быццам горбы, іхні торбы
        Выдаюць парад;
На кірмашы старцы нашы
        Садзяцца у рад.

Кожны прэцца ў лепша мейсца…
        Чуй! аж во калі,
Ўтройцы, ўпарцы хрыпла старцы
        Песьню завялі.

Той там зь лірай у тры шчыра
        Струны задае,
Той з кантычкі, той з прывычкі
        Модлы дзьме свае:

За змарлыя, за жывыя
        Душкі, за жыцьцё,
За скацінку, за збажынку
        І за ўсё, за ўсё…

Гэй, малітвам, быццам бітвам,
        Стар’ё аддалось,
А з-пад воку глядзяць к боку,
        Ці дадуць хто штось.

Во пасьледні у абедні
        Кончыўся «падай»;
Сыплюць людзі, што-та будзе, —
        Старча, намагай!

Неспакойна зь сілай двойнай
        Песень гул памкнуў,
І ўвесь гэты рой расьпеты
        Рукі працягнуў.

Дыдак густа й хлеба лусты
        Сыпяцца, прычом
Разам з хлебам — за што трэба
        Маліцца дзядом.

Час праходзе… Годзе, годзе
        Глядзець на полк наш!
Пайшлі людзі, што-та будзе, —
        Кончыўся кірмаш.

З торбай кажны, з думкай важнай:
        «Ці дзе больш дадуць»,
Даўным сьледам дзед за дзедам
        Зь кірмашу ідуць.

(1905—1907)