Старонка:Shlubski adnosina rasiiskaga urada.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

9. Далей перад намі вельмі цікавае здарэньне. У верасьні 1863 г., калі, пасьля прыдушэньня паўстаньня, дваранства падносіла цару адрасы з выражэньнем сваёй лёяльнасьці, маршалак дваранства Меншчыны Прашынскі "написалъ окружное посланіе на бѣлорусскомъ языкѣ съ выраженіемъ своихъ убѣжденій"[1].

10. У гэтым самым 1863 г. ў Вільні вышлі офіцыёзнага характару „Разсказы на бѣлорусскомъ нарѣчіи“[2].

Раней перад намі быў цэлы шэраг заяў аб тым, што беларуская мова была забаронена ў час прыдушэньня паўстаньня 60-х гадоў, але у беларускай літаратуры вядомы і зусім інакшыя погляды; напр., Вольны піша: „З мэтай агітацыі сярод беларускага народу карысталі беларускую мову і прадстаўнікі чарнасоценнага лягеру, як, напр., віленскі ген.-губернатар Мураўёў, прызываючы давіць польскае паўстаньне ў 1863 г.[3]. А Жылуновіч адзначае: „Мураўёў беларускімі проклямацыямі нацкоўваў беларускіх сялян наогул на ўсіх палякаў“[4]. Крыніцы, адкуль узяты гэтыя даныя, адсутнічаюць, як наогул іх нідзе няма ва ўсёй літаратуры, што мае адносіны да справы забароны беларускага слова.

Разглядаючы русіфікацыю Беларусі, Я. Лёсік кажа, што „ў гэты час зьявілася безьліч песень, у каторых народ выкладаў сваё гора і цешыўся ў пару ліхалецьця. Было ўтворана шмат песень з грамадзянскім зьместам. Яна (Вялікарусь) загадвала паслушным пісакам перарабляць народныя песьні на свой лад, ды пашыраць іх сярод народу…[5]. Друкаваньне такіх песень адзначаюць акад. Карскі[6] і М. Гарэцкі[7].

  1. Мосоловъ, А. Н. Виленскіе очерки 1863-1865 г.г. Спб. 1898; стар. 85-86.
  2. У 1912 г. у „Нашай Нівѣ“ (№ 38) быў зьмешчаны артыкул: „Пашкадуйце дзяцей“ за подпісам Г. Б., у якім, кажучы аб патрэбе навучаньня ў школах на беларускай мове, аўтар піша: „прызнавалі калісь нават і тутэйшые ўласьці [навучаньне дзяцей беларускае мове]: у 1860-ых гадох віленскі учэбны округ ня меў нічога проці таго, каб беларускіх дзяцей вучылі спачатку пабеларуску, а ўжо тады, як яны пачынаюць усё добра разумець, знаёмілі-б іх з расійскай мовай. Дзеля гэтага ў 1863 годзе віленскі округ надрукаваў дзьве кніжкі для народных школ: „Разсказы на простонародномъ нарѣчіи" ўся па беларуску — і „Книга для чтенія въ народныхъ училищахъ Виленскаго учебнаго округа“, у каторай частка стацей была напісана народнай гутаркай.
    Матар'яламі, якія падае "Наша Ніва", як відаць, карыстаўся аўтар артыкулу: „Гутарка аб беларускай мове“ („Змаганьне“, Менск. 1920, № 7), у якім нават фігуруе міністар Галовін, пры якім нібы вучылі дзяцей беларускай мове. Артыкул „Нашай Нівы выклікаў увагу акад. Карскага: Изслѣдованіе этого вопроса [аб беларускай мове у пачатковых школах], однако, показало, что авторъ этой статьи введенъ въ заблужденіе. Въ Вил. [енской] публ. библіотекѣ имѣется два издания (1863 и 1864) „Книги для чтенія въ народныхъ училищахъ Вилен. учебн. округа“, и оба они не имѣють статей на бѣлорусскомъ нарѣчіи. Другая изь названныхъ въ „Нашей Нівѣ“ книгъ имѣется; точное ея заглавие: „Разсказы на бѣлорускомъ нарѣчіи“. Вильна, 1863... Неизвѣстный авторъ этой брошюры всѣ русские народные говоры, употреблявшиеся въ предѣлахъ Вилен. учеб. округа, считалъ бѣлорусскими. Поэтому въ его брошюрѣ есть статейки на бѣлорусскомъ нарѣчіи и па польскомъ говорѣ малорусскаго“ (Бѣлорусы, т. 2. в. 3; стар. 323). Пасьля некалькіх прыкладаў мовы, Карскі сканчвае: „Какъ можно судить по содержанію и по способу изложенія, и это не школьная книга“ (іbіd., с. 324).
    Гэтыя, а часткай раней прыведзеныя, матар'ялы паўтарае А. Цьвікевіч y сваёй рабоце: „Пагляд П. Бязсонава на беларускую справу“. Коўна. 1922.
  3. „Савецкая Беларусь“ Менск, 1920, № 4 (14).
  4. Жылуновіч, 3. Беларуская пісьменнасьць і этапы яе разьвіцьця („Каляндар на 1923 г. „Праца“, Менск, 1923; стр. 47“).
  5. "Вольны Сьцяг", Менск; 1921, № 5; стар. 27.
  6. Бѣлорусы, ІІІ, 3; стар. 99.
  7. Гіст. бел. літ.; стар. 78.