Перайсці да зместу

Гутарка аб беларускай мове

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гутарка аб беларускай мове
Артыкул
Аўтар: Сымон Рак-Міхайлоўскі
1919 год
Крыніца: [1]

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Кожнаму даводзілася спатыкаць з паміж, так званых, інтэлігэнтаў і з паміж простых людзей такіх, што мала ня з ненавісьцю глядзяць на беларускую кніжку, а ўжо пра змаганьне шчырых беларусаў за сваю школу, то і казаць няма чаго.

Адны з гэтых інтэлігэнтаў, што стаяць за стары дзяржаўны лад, хацелі-б сілай прымусіць усе народы быўшай Расіі пакінуць сваю мову і перавучыцца на маскоўскую. Гэтыя „истінно-русские люди“ пастаянна крычалі, што павінна быць адна вера і адзін народ. Гэтакія людзі калісь катавалі, палілі людзей на вагні, за веру выразалі цэлыя краі, але не дабіліся аднэй веры. Розныя народы засталіся, жывуць і жыць будуць. Гэтак сама ніхто нідзе не дабіўся, каб усе гаварылі аднэй мовай.

Ня дзіва, што быўшыя расійскія чыноўнікі стаяць за абрусеньне, бо для іх ідзе пра тое, каб яны са сваёю маскоўскай мовай маглі служыць і ў Польшчы, і на Літве, і на Украіне, і ў нас, на Беларусі;

каб усе іх разумелі, каб ім ня трэба было вучыцца мовы таго народу, сярод якога яны жывуць. Навет большай частцы расійскіх пісьменьнікаў ці выдаўцом расійскіх кніжак ды газэт выгадней, каб усе гаварылі расійскай мовай, каб іх кніжкі і газэты купляліся ды расходзіліся ня толькі паміж маскоўцамі, а і паміж іншымі народамі.

Але ёсьць шмат паступоўцаў і соцыялістаў, якія так сама дбаюць пра тое, каб хутчэй зьвяліся ўсе мовы, каб быў адзін народ, адна нацыя, бо быццам тагды ня будзе тых варожых адносін, якія ёсьць цяпер паміж рознымі народамі. Ня кажуць яны толькі пра тое, каб згінула расійская мова. Свайго шкада...

З паміж простых людзей ёсьць шмат такіх, што падвучыліся трохі маскоўскай мове ў салдатох, або на службе ў месьце, і лічаць сябе чымсьці вышэйшым за „необразованнаго мужика“ з пагардай глядзяць на сваю родную мову, навет сьмяюцца з яе, уважаючы яе за „мужычую“. Пра тых людцоў, каторыя саўсім адбіліся ад народу, я ня буду гаварыць: я хачу расказаць сваю размову з селянінам, які, жывучы ў вёсцы сярод беларускага народу, стаіць за расійскую мову і даводзе. што нам трэба хутчэй пакінуць сваю мову і перавучыцца на расійскую.

У нашай вёсцы ёсьць адзін дзядзька сярэдняга веку, сярэдняга дастатку. Калісь служыў ён у салдатох, чалавек разумны удумчывы і навет, я сказаў-бы, начытаны, бо, пачынаючы з 1905 г., ён перачытаў шмат расійскіх кніжак, пераважна рэвалюцыйнага або звальняючага зьместу, якія даставаў ад рабочых у месьце. Але дзіўна, што ад чытаньня беларускіх кніжак і газэт ян няначай ухіляўся, а каб разумець расійскія кніжкі; — прыдбаў сабе слоўнік чужамоўных слоў. Ён часам заходзіць да мяне па ўласных справах, або так, пасядзець. Аднаго разу ён мне кажа:

— Вось вы складаеце свае кніжкі, пішаце ў газэту павашаму, пабеларускаму. Добрыя яны, а былі-б яшчэ лепшымі, каб былі напісаны парасійску...

— Што-ж яны, незразумелы? — пытаюся.

— Не, ня тое! Ведаеце, я так мысьлю, што нам трэба пакінуць сваю мову, трэба хутчэй перавучыцца на расійскаю, ці на польскую.

— На што-ж гэта?

— Во мова наша — мужыцкая. На службе намучыўся я цераз яе, пакуль перавучыўся на расійскую. Цяпер так сама ня мала клопату набярэшся, як давядзецца, часамі, мець дзела ў судзе ці з якім начальствам На што ўжо — почта, а і там

абыходзяцца з табою, як з сабакам. ГІроста, аж злосьць цябе бярэ. Вось ёсьць тут у нас Лаўрышын, — можа знаеце? Басячок такі. служыў у месьце, пракраўся, цяпер жывець дома. Прыдзець ён на почту ці на вакзал, загавора парасійску, дык начальнік яму скажа, ці „подождите", ці што там іншае, але ўсё палюдзку, на „вы“. Ну; а прыду я — гаспадар, скажу слова панашаму, дык ён мне зараз „тыкае“ ды крычыць, як на скаціну. Бо мова ў мяне мужыцкая, — дома за дзесяць гадоў ізноў перавучыўся на нашую „простую“ мову.

Ды на начальства яшчэ не такая злосьць бярэ, як на свайго брата, мужыка, што пацёрся трохі ў месьце каля паноў, навучыўся усім гэтым „да-с“, „нет-с“ і ўжо дзярэ нос угару, лічачы сябе за пана. Яшчэ па службе я зацеміў, што калі прыгоняць навабранцаў, дык стары салдат з жыдоў, з татараў, з чаркесаў зараз загавора да земляка пасвойму, распытваецца, навучае яго. як трэба трымацца на службе, як гаварыць. Ну, а наш — зараз пачне сьмяяцца з цябе. перакрыўляць, перадражняваць".

— А гэта цераз тое, што ў жыдоў, татараў ці чаркесаў і багатыя і бедныя. і паны, і простыя людзі — усе гавораць аднэй мовай: у іх няма мовы панскай ці мужыцкай. А нашы людзі бачаць, што паны ды чыноўнікі і ўсе асьвечаныя, адукованыя людзі гавораць іншай мовай, дык і яны намагаюцца гаварыць так сама і пачынаюць сароміцца свае мовы, бо кожнаму хочацца быць чалавекам, а не мужыком, якога ўсе зьневажаюць. Мала ня кожны школьнік у нас, што хоць трохі пахадзіў да школы, ужо саромяецца гаварыць так, як гавораць яго бацькі, бо ў школе яго навучылі, што наша мова — мужыцкая, перакручаная расійская ці польская, што яна горшая за тую, якой вучаць у школе і якой гавораць адукованыя людзі. Ось-жа найбольшае гора нашага народу, што асьвечаныя людзі пакінулі яго і прысталі да іншай нацыі. За часы польскага панаваныія яны перанялі польскую мову і парабіліся палякамі, а потым, пад Маскоўшчынай, некаторыя сталі рабіцца расійцамі, а вясковы народ застаўся пры сваёй старадаўняй мове. А тым часам наша старадаўняя беларуская мова саўсім не папсаваная польская ці расійская мова, як гэта кажуць пашыя адшчапенцы. Людзі вучоныя даводзяць, што наша беларуская мова — саўсім асобная мова і мае такое-ж самае права на жыцьцё, як і польская ці расійская, або іншыя. Калісь, у старыя часы, і нашы паны і меськія людзі гаварылі такой-жа самай мовай, як і простыя людзі і адзежу насілі гэтакую самую, як і сяляне, толькі, ведама, лепшага гатунку, а цяпер засталося гэта толькі ў нашых сялян“.

— Ну, дык вось, — нам, як я кажу, трэба хутчэй пакінуць сваю мужыцкую старадаўнюю адзежу ды мову.

— Адзежу то лёгка пакінуць: купіў на рынку дый годзе, а мову ня так-то лёгка. Вось вы кажаце, на службе навучыліся па- маскоўску, а паміж сябе дома, дык і забыліся.

— Вось-жа я і кажу, што ня трэба пісаць кніжак ды газэт панашаму. Трэба скрозь пазаводзіць такія школы, каб усе дзеці, хлопцы і дзяўчаты вучыліся даўжэй, каб лепей навучаліся расійскай мовы, а найбольш здатных пераводзіць на скарбовы кошт у вышэйшыя школы. Тагды скарэй увесь народ перавучыцца.

— Не, гэта немагчыма. Няхай і дзесяць гадоў нашае дзіця вучыцца ў расійскай школе, але калі яно дома, на вуліцы і скрозь чуе сваю мову, то яно не перавучыцца на чужую, а будзе гаварыць па свойму. Вось паглядзеце на гімназістаў ці на вучняў духоўных, або вышэйшых пачаткавых школаў па невялікіх гарадох і мястэчках, дзе ўсе гавораць пабеларуску. Там вучні вучацца і з настаўнікамі і начальствам гавораць парасійску, а паміж сабою — найчасьцей па свойму. Нельга перавучыць увесь народ на іншую мову; магчыма перавучыць паасобных людзей, але ня цэлы народ, ды і то не надоўга.

— Як-то не надоўга?

— А так, бо між тымі, што добра навучыліся гаварыць парасійску, часта зпойдуцца такія, каторыя не адчураюцца гаварыць і пісаць пасвойму. Цяпер у нас з кожным годам усё больш і больш такіх людзей варочаецца да свае народнай мовы, — гавораць самі і дзяцей сваіх навучаюць гаварыць і пісаць пабеларуску; пішуць кніжкі, выдаюць газэты. Адны цераз тое, што лічаць сябе за беларусаў, у каторых павінна быць свая літэратура, навука і, наагул, культура, як і ў іншых народаў; другія проста цераз тое, што любяць сваю мову, і толькі ў ёй могуць выліваць сваю душу, а іншыя цераз тое, што жадаюць, хутчэй прасьвяціць свой народ. А ўжо даўно даведзена, што навука найлягчэй даецца на тэй мове, на якой дзіца гаворыць дома. Вось дзеля чаго ўсе, хто шчыра хоча прасьвяціць свой народ, дамагаюцца, каб школа была ў роднай мове. Вучоныя расійскія пэдагогі, як Ушынскі, Пірогоў, Корф, Вахтэраў і іншыя пастаянна гаварылі і пісалі аб тым, што ў школах на Украіне, Беларусі і Літве трэба вучыць дзяцей у роднай матчынай мове. Колісь у нас былі свае беларускія школы; быў час, посьле скасаваньня паншчыны, што навет расійскія міністры (Галавін) не забаранялі вучыць пабеларуску і дзеля гэтага былі выдрукаваны беларускія падручнікі на скарбовы кошт, але потым расійскі ўрад саўсім забараніў ня толькі беларускую школу, але й друкаваньне беларускіх кніжак.

— Я гэта чуў. Толькі я мысьлю, што беларускія школы будуць на шкоду народу, бо няйначай хочуць, каб ён навекі застаўся мужыком. Дагэтуль, усё-ж такі, некаторыя з нашых сялян, каму пашанцуе, навучыцца ды йдзе за пісара, ці кандуктара, а хто мае дастаткі, той вуцыцца далей і выходзіць за доктара, настаўніка, адваката. А калі школа будзе беларуская, то куды-ж ён пойдзе з гэткай навукаю?

— Усюды. Але калі школа пачаткавая будзе беларуская, то трэба і такіх школ, дзе вучаць самых настаўнікаў; трэба і вышэйшых школаў, дзе вучацца тыя, што потым вучаць настаўнікаў; трэба, каб і ў гімназіях і ў унівэрсытэтах вучылі пабеларуску. Так было ў Аўстрыі, прыкладам, у Галічыне, дзе жыве міліёны са тры украінцаў. Спачатку там завялі украінскую мову толькі ў народных, пачаткавых школах, а ўсе вышэйшыя школы былі польскія або нямецкія, а пазьней там ужо пазаводзілі украінскія гімназіі і ў Львоўскім унівэрсытэце профэсары сталі выкладаць навуку паукраінску. А цяпер па ўсёй Украіне вучэньне ў школах выкладаецца у народнай украінскай мове, якую дагэтуль шмат хто лічыў мовай простай, мужыцкай.

— Добра. Значыцца, там у школах мужыцкая, або, як цяпер кажуць, украінская мова, а ўсе чыноўнікі ды паны гавораць папольску, ці панямецку?

— Не, там украінская мова ўжываецца і па судох і на почце, на чыгунцы і па ўсіх канцэлярыях. На якой мове чалавек падасьць просьбу ці загаворыць, на тэй мове чыноўнік павінен даваць яму адказ, на тэй мове і судзяць яго, каб ён мог усё разумець, што па яго справе гаворыцца на судзе. А ў нас часта было, што людзі праігравалі сваю справу на судзе толькі цераз тое, што не разумелі мовы, якою іх судзілі. Калі ў нас беларуская мова хутчэй завядзецца па ўсіх школах і ўстановах, тагды ўсе чыноўнікі будуць гаварыць пабеларуску і тагды мова наша ня будзе ўжо звацца мужыцкай.

— Дык ці захочуць-жа чыноўнікі перавучвацца на нашу мову?

— Яны павінны будуць ведаць тую мову, якой гаворыць народ, бо чыноўнікі — для народу, а не народ для чыноўнікаў. Так, як было, ня можа быць далей, - яно мусіць перамяніцца. Скрозь было так, што пакуль народ бяспраўны, то чыноўнікі трымаюць яго ў цемры і прымушаюць перавучвацца на казённую мову, а калі народ выб'ецца на вольную сьцежку, то ў яго праяўляецца любасьць да свае старасьветчыны і да роднай мовы. У такія часы народ разьвіваецца, прасьвячаецца ў дзесяць разоў скарэй, чым пад камандай чыноўнікаў.

Так было прыкладам, у Аўстрыі ня толькі з украінцамі, а і з чэхамі і іншымі славянамі. Немцы, бадай, саўсім анямечылі іх: чыноўнікі, паны ды меськія людзі ўжо ўсе гаварылі панямецку, і толькі цёмныя вясковыя мужыкі гаварылі сваёй роднай мовай. А як настала ў Аўстрыі праўдзівая констытуцыя і сяляне трохі прасьвяціліся, яны пачалі дабівацца свае мовы ў школе. Грамады сялянскія пісалі прыгаворы і падавалі іх у парлямэнт, ці, іначай, у свой Сойм. Выбіраючы дэпутатаў у Сойм, яны наказавалі ім, каб тыя дамагаліся свае школы. Склікалі мітынгі, ці вечы, на якіх выносілі пастановы аб патрэбе школ у роднай мове. Раз-за-разам успаміналі пра гэта сваім дэпутатам лістамі ад грамад, гурткоў, саюзаў. Урэшце ўсе народы у Аўстрыі прымусілі такі Урад завесьці, замест нямецкіх, свае школы, а чыноўнікаў — гаварыць на роднай мове; і цяпер там усе прасьвечаныя і простыя людзі гавораць сваёй нацыянальнай мовай, цяпер там ужо няма моваў мужыцкіх і панскіх. Так сама паўскрасалі народныя мовы ў Норвэгіі, Гіталіі, у Фінляндыі, на Украіне, у Літве, у эстаў, у латышоў; так сама шырока адраджаецца наша Беларусь, уваскрасае наша беларуская мова. Паслухайце, што кажа аб гэтым адзін з прасьвечаных латышоў. Гадоў колькі назад неяк зяехаў да аднаго майго знаёмага вучыцеля, шчырага беларуса, адзін латыш, інжэнер, які рабіў артэзыяскія студні (калодзежы), і, пачуўшы ад настаўніка беларускую мову, кажа мне: „Вось ужо я тры гады працую ў Беларусі і толькі сярод сялян я чую беларускую мову, але ніколі ня чуў яе ў інтэлігэнтнай сям'і; першы раз пачуў тут. Вось так калісь-то было і ў нас. Наша інтэлігэнцыя і ўсе меськія людзі саўсім ужо было анямечыліся, бо ўсе школы. ад пачаткавых да Унівэрсытэту у Дэрпце (Юр‘еў), былі нямецкія; толькі па глухіх вёсках, сярод простых сялян чутна была чыстая латышская мова ды можа у двух- трох сем'ях інтэлігэнтных латышскіх патрыотаў, якія з любасьці да свайго народу, вывучылі яго мову і пісалі на ёй. Калі расійскі Урад, пабачыўшы небязпечнасьць з боку остзэйскіх баронаў, пачаў сціскаць немцаў, заводзіць абрусеньне, то ён скрозь пальцы глядзеў на тое, што інтэлігэнтныя латышы працуюць над адраджэньнем латышскай мовы. Урад бачыў, што калі латышом не рабіць перашкоды, яны куды жвавей будуць самі змагацца з немцамі. I, сапраўды, прайшло ня так ужо шмат часу, як у нас пазаводзіліся латышскія школы, пачалі выходзіць свае газэты і кніжкі. Неўзабаве і меськія людзі пакінулі нямецкую мову і пачалі гаварыць сваёю роднаю латышскаю моваю. Сяляне дзівіліся, што месьскія паны пачалі гаварыць памужыцку; ім спачатку здавалася, што паны кпіны строяць, сьмяюцца з іх, але хутка праканаліся, што гэта ня сьмешкі і з таго часу пачалі шанаваць сваю родную мову. Потым урад расійскі стаў ціснуць і латышоў, але позна: нішто ўжо ня можа спыніць латышскага нацыянальнага адраджэньня.

Калі - кажа ён — і ў вас, беларусаў, пачаўся сярод інтэлігэнцыі гэты рух, то неўзабаве ён перакінецца у сялянскія масы, гдзе яшчэ добра захавалася родная мова; тагды і ў вас скрозь запануе народная беларуская мова.

— А мне здаецца, лепей было-б, каб усе народы у кожнай дзяржаве гаварылі яднэю моваю: усіх можна-б разумець, і цябе скрозь разумелі-б.

— Бачыце, па ўсіх рознапляменных дзяржавах, побач з мяйсцовай, народнай,

вучаць і дзяржаўную мову. Так было ў Аустрыі, так робіцца ў Швайцарыі, Англіі; так трэба было-б зробіць і ў нас. Дзяржаўная мова патрэбна дзеля зносін народаў паміж сабою; на гэтай-жа мове гавораць і ў парлямэпце, бо пемагчыма кожнаму ведаць мовы ўсіх народаў, што насяляюць дзяржаву.

Калі-б па школах вучылі на мяйсцовых мовах, тагды-б і чужую лягчэй было-б вывучаваць, бо граматны чалавек на сваёй мове, лягчэй зразумее чужую. Вось вы паглядзеце на жыдоў: яны у сваіх хэдэрах (школах) вучацца пасвойму, а потым лёгка вывучуюцца, скажам, і папольску, і па- расійску, і панямецку. Ёсьць вядома, зручней было б, каб ня толькі на абшарах аднэй дзяржавы, але каб і па ўсім сьвеце была толькі адна мова. Але-ж гэта немагчыма. Ніякі народ на сьвеце не пакіне свае мовы і не перавучыцца на чужую. Вось, прыкладам, ангельцы, гэты найкультурнейшы народ ува усёй Эўропе: яны ў працягу колькі сотак гадоў намагаліся усімі праўдамі і няпраўдамі, каб абанглічыць ірляндцаў. Урэшце ужо здавалася, што мова ірляндзкая саўсім счэзла, бо зкрозь у Ірляндыі усе гаварылі паангельску, хіба толькі ў горах, у самых глухіх куточках, куды не даходзіла ніякая культура, гаварылі людзі паірляндзку. I вось, калі ў Англіі былі скасованы ўсялякія нацыянальныя перашкоды, некаторыя з прасьвечаных ірляндцаў пачалі вывучаваць гэтую старадаўнюю мову, пісаць на ёй кніжкі; цяпер гэтая мова заведзена ўжо па школах і на ёй пішуць ды гавораць і па гарадох... Забарона роднай мовы па школах толькі затрымлявае разьвіцьцё народу.

Пачытайце гісторыю нашага народу і вы пабачыце, што калісь-то у старыя часы, як наш народ меў сваю школу, ён быў шмат культурнейшы і здальнейшы, чымся народ велікарускі. Калі цары маскоўскія захадзіліся прасьвячаць свой народ, яны набіралі на Беларусі і на Украіне настаўнікаў: Так было пры цару Аляксею і пры яго сыну Пётры І. Калі-ж пазаводзілі ў нас маскоўскія школы, наш народ нібы застыў на аднэй меры і стаў можа яшчэ цямнейшы за маскоўцаў. Ды яно і ня дзіва: нашым дзяцём прыходзілася перавучаваць мову і разам вучыцца чытаць. Вось праз што нашы дзеці мусяць даўжэй вучыцца ў школе за тых, хто вучыцца ў роднай мове. Праз гэта-ж самае далёка ня ўсе дзеці канчаюць школу, хоць вучыцца пачынаюць многія. Ды і то канчаюць у нас школу толькі тыя хлопцы, якіх бацькі загадзя адзначылі аддаць на службу ў горад, на чыгунку, альбо ў пісары, а на сёлах астаюцца толькі тыя, што навучыліся сяк-так чытаць па складох. Дзеля гэтага рэдка хто ў сяле і чытае, бо ўсё роўна нічога не разумее. Народ прасьвячаецца і разьвіцьцё мае тагды, калі ён чытае кнігі ды газэты, а ў нас выходзіць так, што чалавек, вывучыўшыся ў школе парасійску, не разумее ні расійскай, ні свае газэты ды кніжкі.

— Вось гэта праўда. Пакуль ня было беларускіх газэтаў, дык іншы з нашых бывала гаворыць: „Вось як-бы была газэта панашаму, а то расійскую чытаеш — пятае цераз дзесятае“. А цяпер ёсьць і нашы газэты, але ёсьць словы часамі незразумелыя. Ну, але панашаму усё-ж яно панятлівей. Вось, скажу за сябе... Я і школу скончыў і на службе, здаецца, добра наламаўся, а вазьму, бывала, расійскую газэту, так пятае цераз дзесятае разьбяру. А ў сваёй дык хіба сотага слова не разьбяру і то мусіць праз тое, што ў нас, па сёлах, пазабываліся людзі старажытных словаў, а шмат такі і новых словаў цяпер выгадавалася.

— Праўда, трохі народ забыўся, а шмат словаў і ня знаў, бо ў непрасьвечанага сельскага люду ня было словаў на ўсё тое, пра што цяпер пішуць у газэтах. На ўсё, што ёсьць у сяле, навет на самую драбнічку ў возе, ці ў сасе, народ мае ўсе словы, а на тое, што дзеецца за сялом, у селяніна

слоў няма; таму і ў газэце ён некаторых словаў не разумее.

— А хіба ня можна пісаць кніжак ды газэт такою моваю, як напісаны, прыкладам. казкі Сэржпутоўскага, ці некаторыя вершы Якуба Коласа. Тамака для мяне незразумелых словаў няма, а ў газэте шмат выдуманых...

Так, але як ня можна цяпер расійскай газэты напісаць, скажам, мовай Пушкіна, так сама ня можна нашай газэты пісаць мовай казак Сэржпутоўскага, бо ня хопіць словаў. Разьвіваецца жыцьцё, разьвіваецца і мова, вырабляюцца свае словы, успамінаюцца старыя, ці пазычаюцца чужаземныя. Так яно робіцца з усімі мовамі. У расійскай мове чужых словаў так многа, што ўжо ёсьць, як вы знаеце, слоўнікі „иностранных слов“ лікамі у колькі дзесяткоў тысячаў' словаў. Але за гэта ніхто ня ганьбіць расійскіх пісьменьнікаў ды вучоных за гэтыя незразумелыя словы, бо людзі звыкаюцца з імі яшчэ ў школе. I ў нас, каб вучыліся ў школах на роднай мове, дык ня было-б ніякай труднасьці чытаць газэты і кніжкі.

У нас, у Беларусі, нашы людзі рабілі толькі самую чорную работу, а такіх людзей, як настаўнікаў, розных чыноўнікаў, урад прысылаў з Маскоўшчыны, бо маскоўцы канечна наляглі абмаскаліць нас. А нашаму чалавеку калі і здарвалася атрымаць адукацыю, ён павінен быў шукаць сабе службы далёка ад свае радзімы і павінен быў забывацца аб сваім народзе. Таму-то нам і трэба дбаць, каб прасьвяціць наш народ. Трэба шырыць свае кніжкі, газэты ды заводзіць нашу мову ў школах, як гэта рабілі людзі па іншых дзяржавах.

Перачытайце аб мінулым жыцьці ўсіх народаў і вы пабачыце, што толькі прасьвета ў сваёй роднай мове прабуджае народ ад векавога сну, выводзе яго з цемры і заняпаду на ясны сьвет, да лепшага жыцьця. І жыцьцё нашага беларускага народу толькі тагды расьцьвіцё, як мы разам з дамаганьнем зямлі і волі будзем праводзіць у жыцьцё народу здабыткі агульна-эўропэйскай культуры ў роднай мове. Тагды толькі народ наш з пашанаю будзе адносіцца да свайго нацыянальнага „Я“, зразумее патрэбу свае дзяржаўнасьці і ўвойдзе ў сусьветную сям‘ю народаў, як роўны з роўным.

Аб тым, як адзін хлопец апавядаў казку дый ня скончыў яе.

(Казка Карафіята).

Стары жук апавядаў сваім жучанятам:

— Адзін хлопец ішоў са школы, другі ішоў па траву, трэці ішоў у лес па грыбы, а чацьверты нікуды ня йшоў. Ён сукаў тату кнаты і пайшоў толькі прабегацца.

Зыйшліся яны каля самае цагельні тагды, як пачалася бура і лінуў дождж. як з вядра. Мусілі схавацца ў цагельно. Яна была парожная. Быў там толькі адзін заяц, дый таго яны спудзілі. Яго кажух мусіў такі добра змокнуць, але заяц лепш хацеў ісьці на дождж, чымся застацца з такімі хлопцамі пад аднэй страхой.

Дождж доўга не пераставаў і сукач прамовіў:

— Я вам нешта раскажу.

— Кажы, але толькі праўду.

— А ўжо ж, праўду. Было тое тагды, як зайцы выбіраліся ў чужы край. Сабралася іх больш чым саранчы.

— Што ты гаворыш! Ды гэта-ж немагчыма!

— Чаму немагчыма? Усюды ўсё было ўкрыта аднымі зайцамі, сунуліся яны ўпя

род, як рака. Ды што там рака? — як вялізнае мора. Сабакі іх баяліся і хаваліся, а як адзін ускочыў між іх, дык прапаў.

— Але што ты гаворыш! Сабака прапаў між зайцамі?!

— А чаму-ж бы і не? Заячая паводка пацягпула яго і ён, хоцькі-ня-хоцькі, мусіў бегчы з імі. Што можа зрабіць адзін сабака, калі зайцоў больш як саранчы? Спачатку сабака бег пасабачаму, але зайцы бязупынна скакалі яму на хіб. Што-ж сабака тагды зрабіў? Пачаў скакаць і сам як заяц.

— Але што ты нам апавядаеш? Ды гэта-ж зусім няпраўда.

— Пачакайце, дык яшчэ ня тое пачуеце. Прыблуталася да тых зайцоў, каза. Спачатку яна сама па зайцох скакала і хапала іх на рогі, але ўрэшце мусіла ісьці з імі. Што здолее зрабіць каза рагатая, калі зайцоў у сто тысячаў раз больш чым у яе валасін на целе! Спачатку яна бегла па-казінаму, але зайцы ўсё скакалі ёй на хіб. Што яна тагды зрабіла? Пачала скакаць з імі па заячаму.

— Ужо-ж скажа! Школі каза ня будзе скакаць так, як заяц.

— Чаму ня будзе? Як прыдзецца казе скрутна, дык будзе рабіць, чаго з роду не рабіла. Аднак-жа пачакайце, што далей пачуеце. Не адсюль, не адтуль зьявіўся перад зайцамі леў. Не спадабалася яму, што яны выбіраюцца. Ён зароў так, як толькі раве разьюшаны леў, што аж усё птушства зжаханулася і пяяць кінула. Потым ускочыў паміж зайцоў і стаў ён іх разрываць цэлымі дзесяткамі ды навет сотнямі і яшчэ больш. Але ўсё падходзілі новыя і новыя хвалі зайцоў. Леў нарэшце так стаміўся, што ўжо нічога ня мог зрабіць. Зайцы яго пацяглі за сабой, і ён мусіў ісьці за імі.

— Не, вось гэта ўжо мана. Леў ніколі ня дасца, каб зайцы вялі яго.

— О, як-бы то і ня даўся! Кароль можа, толькі тагды караць, як зайцы хочуць быць паслухмянымі. Але, як леў адзін, а зайцоў міліёны, і яны на нішто не зважаюць, нічога ня чуюць і толькі хочуць ісьці далей, то няма па сьвеце такога лева, каб яго зайцы не павялі, як авечку. Яшчэ спачатку, дык бег па львінаму, але зайцы ўсё скакалі ды скакалі яму на хіб. Што-ж ён меў рабіць? Пачаў і сам скакаць як заяц.

— Але хто-б то слухаў такое! Гэта, ўжо саўсім мана, — сказаў той хлопец, што ішоў з школы, а за ім і той, што ішоў па траву, і абодва выбеглі з цагельні, бо дождж перастаў ісьці, і сонца ізноў засьвяціла. У цагельні застаўся сукач і той што ішоў па грыбы.

— Ці тое яшчэ доўга будзе?

— О, ды я-ж толькі што пачаў.

— Ну, дык я не магу даслухаць гэтага да канчатку, бо пакуль даслухаю, дык усе грыбы вызьбіраюць у лесе.

— Застаўшыся адзін, сукач так і не даказаў усяе казкі да канчатку. Дзеля таго і мы павінны пакінуць яе не даказаную.

Жучаняты слухалі, і казка ім спадабалася, але не спадабалася тое, што яна ня скончана.

— Татачка! Усё-ж т‘кі яны маглі-б пачакаць, пакуль ён скончыць казку.

— А ўжо-ж. Але той, што ішоў з школы, меў кавалак хлеба і ўжо прагаладаўся, а двое тых мусілі ісьці за сваймі справамі.

— Але-ж шкода! Так мы і ня ведаем, як гэта скончылася.

— Я мысьлю, што той сукач і сам ня ведаў. Людзі часта пачнуць што-небудзь і на ўмеюць скончыць.

— Але-ж, татачка, хто-небудзь такі-ж знаў, як яно скончылася. Чаго тыя зайцы выбіраліся?

— Ну, у казках то ня ўсё тлумачыцца. Кожны мусіць сам дагадацца.