у 1861 г. па загаду магілеўскага губэрнатара друкуецца на беларускай мове кніжка пад загалоўкам: „Бясѣда старого вольника зъ новыми, пра ихнае дзѣло"[1]. А ў наступным 1862 г. у „Могилевскихъ Губернскихъ вѣдомостяхъ“ (№№ 51, 60, 61) друкуецца вершамі на беларускай мове „Рѣчь Старовойта къ крестьянамъ о свободѣ" і „Рѣчь Старовойта[2]. Для нас у даным выпадку ня мае значэньня казённа-тэндэнцыйны зьмест і напрамак пералічаных трох твораў; нам больш цікава тое, што хоць і няздатныя з боку літаратурнага, але ўсё-ж яны былі выдрукаваны на беларускай мове паводле загаду прадстаўнікоў ураду, чаго не магло-б здарыцца пры забароне беларускае мовы. Зразумела, памянёныя творы былі выдрукаваны літарамі маскоўскага альфабэту.
Далей у тым самым 1862 г. ў Варшаве з дазволу "русской свѣтской" і каталіцкай духоўнай цэнзуры вышла на беларускай мове кніжка: „Elementarz dla dobrych bzіetok katolіkou"[3]. Памянуўшы гэты „Elementarz", акад. Карскі кажа аб навучальна-асьветнай літаратуры 60-х гадоў у беларускай мове, якая была дазволена цэнзурай: „издавались еще и отдѣльные листы съ буквами и молитвами на бѣлорусскомъ языкѣ. Авторомъ ихъ быль Алекс. Валицкій, печатались они въ Минскѣ, Несвижѣ и Варшавѣ“[4]. А. Мілавідаў сьведчыць, што ў Вільні да 60-х гадоў XІX ст. кожны год польскія друкарні выпускалі ў сьвет па некалькі тысяч беларускіх лемантароў; спасланьні аб гэтым ён робіць на справы Архіва Віленскага Генерал-губернатара за 1863 г. № 205 і за 1864 г. № 1740[5]. Выданьне у Вільні беларускіх лемантароў памінае і памоцнік „Попечителя Виленскаго учебнаго округа А. Бѣлецкій"[6].
Вядомы русіфікатарскі „Вѣстникъ Западной Россін" Гаворскага ў 1866 г. адзначае наступныя кніжкі на беларускай мове: „Намъ извѣстно только нѣсколько книжечекъ на бѣлорусскомъ нарѣчіи: — Катихизисъ, Науки парафіяльныя, да пять, шесть пѣсней духовнаго содержанія“...[7].
- ↑ Аўтарам „Бясѣды“. Карскі называе Апанаса Кіселя ("Бѣлорусы," ІІІ, 3, стар. 91); між тым на паасобніку гэтае кніжкі, якая захоўваецца ў Дзяржаўнай бібліотэцы ў Менску (Б 2693) знаходзіцца надпіс: "Авторъ прот. Андрей Чоловскій, настоятель Могилевской Барисоглѣбской церкви". Магчыма, што апошнія даныя больш праўдападобныя. Вестку аб Кіселю Карскі атрымаў ад Р. Земкевіча, які аб гэтым у лісьце да А. Шлюбскага ад 9 кастрычніка 1926 г. піша: „акад. Карскаму весткі аб аўтары кніжкі „Бясѣда“ ... я падаваў. Седзячы ў 1913 і 1914 г.г. у Магілеўшчыне я аб'ехаў двары больш выдатных памешчыкаў і там мяне некалькі старых асоб запэўнялі, што аўтарам гэтае брашуры быў Апанас Кісель, калісьці „камиссар по крестьянским делам", вядомы ўсім памешчыкам як заўзяты мысьлівы―браконьер у чужых лясох".
- ↑ Карскій. Бѣлорусы, ІІІ, 3; стар. 91-94; т. II, стар. 321-322.
- ↑ Карскій. Бѣлорусы, ІІІ. 3; стар. 129. Leon Wasіlewskі, Lіtwa і Bіałorus, Kraków; стар. 274.
- ↑ Карскій. Бѣлорусы, ІІІ, 3. стар. 130.
- ↑ Миловидовъ А. Краткій исторический очеркъ Виленской Публичной библіотеки ("Отчеть Виленской публ. биб. и музея за 1902 г. Вильна, 1903, стар. 4).
- ↑ Бѣлецкій, А. Сборникъ документовъ музея гр. М. Н. Муравьева. т. І, Вильна, 1906; стар. XXІV.
- ↑ "Вѣстникъ Западной Россіи", 1866, т. ІV, кн. XІ, аддзел ІV, стар. 156. Прыведзеная цытата зусім не адзначае таго, што К. Гаворскі спачуваючы адносіўся да беларускае мовы, як літаратурнае. А. Пыпін, кажучы аб нападах Гаворскага на украінскую літаратурную мову, піша: „Если бы въ Бѣлоруссіи было какое-нибудь мѣстное движеніе въ видѣ оживленія народной массы пробужденіе ея изъ вѣковой умственной спячки какою-нибудь книжкой на доступномъ для нея языкѣ, "Вѣстникъ" [Гаворскага], очевидно, усмотрѣлъ бы и здесь "руку"―во первыхъ, діавола, а во-вторыхъ, польской интриги (А. Пыпинъ. Исторія Русской Этнографии. т. ІV, стар. 94.).