Перайсці да зместу

Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/503

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

II.

АПІС РУКАПІСАЎ М. БАГДАНОВІЧА І МАТАР‘ЯЛАЎ ДА ЯГО БІОГРАФІІ.

У схове рукапісаў пры Катэдры гісторыі беларускае літаратуры Інстытуту Беларускае Культуры архіў М. Багдановіча займае XIV папак. Большая частка архіву (ХІІІ папак) была перадана ІБК бацькам пісьменьніка А. Ю. Багдановічам, які выратаваў рукапісы сына ад пажару. З яго слоў Я. Л. Дыла аб гэтым здарэньні перадае наступнае ў сваім артыкуле „Знойдзеныя скарбы“ („Савецкая Беларусь“, 1923 г. № 87): „У часы Яраслаўскага белага паўстаньня, калі пры штурме места загарэўся і пачаў палыхаць Яраслаўль, бацька поэты, маючы на руках неапублікаваныя яшчэ рукапісы свайго сына, зразумеў, што яму трэба перш за ўсё захаваць для працоўных мас Беларусі гэтыя скарбы. Не ратуючы рэчаў сваёй малой рухомасьці, пакідаючы ў небясьпецы сваю значную бібліотэку, якая дашчэнту, на жаль згарэла, ён паклаў у скрынку рукапісы і перапіску пісьменьніка-сына і выскачыў з гэтым на двор. Ня было ўжо калі закапаць скрынку ў зямлю, як рабілі гэта іншыя. Стары Багдановіч успомніў аб склепе, залітым вадою, і затапіў у ім скрынку. Вярнуўшыся на пажарышча праз некалькі дзён, ён сунуўся да склепу. Сіла гарачыні пры пажары была такая, што згарэў і склеп, выварылася ўся ў ім вада, але толькі верх скрынкі абгарэў. Усё іншае захавалася ў цэласьці, толькі верхнія матар‘ялы крыху былі апалены“.

Як урэшце выявілася, частка рукапісаў значна абгарэла (напр. папка ХІ), некаторыя аўтографы папсаваліся ад вады (напр. паасобныя аркушы п. IV і інш.).

У часе атрыманьня рукапісаў ад А. Ю. Багдановіча інстытутам Беларускае Культуры быў укладзены апіс, які камісіяю для выданьня твораў пісьменьнікаў у асноўным захованы пры разьмеркаваньні ўсіх матар‘ялаў па папках і іх распрацоўцы да акадэмічнага выданьня твораў М. Багдановіча.

Рукапісы поэты захаваліся галоўным чынам на паасобных, разрозьненых старонках памерам у палову і чвэртку аркуша, сярод іх параўнальна рэдка пападаюцца цэльныя сшыткі.

Усяго ў акадэмічным выданьні з аўтографаў выдрукавана 156 вершаў, 6 апавяданьняў і 16 артыкулаў. Апроч таго значная колькасьць іх выкарыстана ва ўвагах да I-га тому як варыянты да вершаў, якія перадрукованы з „Вянка“ і розных пэрыодычных выданьняў.

Частка расчытаных аўтографаў не надрукавана, бо ўяўляе сабою вельмі нязнячныя ўрыўкі вершаў і артыкулаў. Магчыма, што да іх будуць знойдзены дадаткі, і тады яны могуць быць выдрукаваны. У камісіі ёсьць падстава думаць, што ў некаторых асоб яшчэ захаваліся невядомыя камісіі аўтографы поэты, так напр. ужо пасьля таго, калі тэкст I-га таму быў надрукаваны, у камісію даслалі аўтограф вершу на беларускай мове „Ты ночкаю каляднай варажыла“, які быў выдрукаваны ва ўвагах да разьдзелу „Зеленя“ (гл. т. I, стар. 489).

Нявыкарыстанымі засталіся таксама некаторыя пераважна алоўкавыя, нячытэльныя накіды і нататкі поэты. Наогул трэба заўважыць, што почырк