падрабіцца пад народную песьню, але у народным духу, прыклад чаго даў Каганец у сваім „Кобзарэ“.
Проці першага спосаба многа можна сказаць. Напісан верш, катораго ад народнай песьні і не адрожніш. Гэта — трыумф пісьменніка, стаўшаго на такую пуціну. Але на што той верш? Ці ж за мала было народных песьняў і без яго? Далей, — мы жэ радзіліся аб развіцьці народнай паэзіі, а тут у лепшым прыпадку становімся уровень з ёй, аб развіцьці-ж німа і мовы. Ешчэ адно: круг сюжэтоў песьні ня шырокі, ён хутка будзе пройдзен увесь да канца, і тады пачнуцца прыкрые паўтарэньня старога, ужо сказанага, [творчасьці] пісьменьніку будуць звязаны скрыдлы, паэзія упрэцца чалом у сьцену. Урэсьці-ж, — адна рэч песьня, другая — верш; песьня пяецца, і гэтае робіць да яе такіе вымогі і надае ёй такіе прыкметы, удаваць каторые у вершу было-б слепатой.
Астаецца апошні шлях. Ісьці па яму справа верная, але ня бязпечная. Бо што такое той „народны дух“? На ім німа ані клейна, ані плёмбы, а таму пад яго [імянем лёгка можна] прыкрыцьцем канечне будуць занасіцца у нашу пісьменнасьць і насьледаваньня з велікарускай ды ўкраінскай народнай паэзіі, пад уплыв каторых так лёгка падпасьць, [ці то] і ўласные нікчэмные выдумкі, і ешчэ шмат што. Ізноў скажу — шлях верны, але не бязпечны. Думаецца, пакуль мы робім першые крокі, трэба нам трымацца народнай песьні, як сьлепы трымаецца плота, трэба стаць бліжэй да першаго з абодвых спосабоў творчасьці; але пры гэтым мы павінны памятаць, што ён добры толькі для пачатку працы, што на ім далека не зайдзеш, і што [трэба] раней або пазьней мы павароцім на шырокі, у бязмежную даль пралёгшы шлях. Дзе яго шукаць — мы ўжо гаварылі.
∗ ∗
∗ |
Мы падайшлі к канцу. Астаецца сказаць усяго некалькі апошніх слоў.
Намагаючыся зрабіць нашу паэзію ня толька мовай, але і духам складам твораў шчыра беларускай, мы зрабілі-б цяжкую памылку, калі-б кінулі тую выучку, што нам давала сьветавая (найчасьцей эўрапейская) паэзія. Гэтая апошняя праца павінна ісьці поўным ходам. Было б горш, чым нядбальствам, нічога ня ўзяць з таго, што соткі народаў праз тысячы год сабіралі у скарбніцу сьветавой культуры. Але занасіць толькі чужое, не развіваючы свайго — гэта ешчэ горш: гэта значэ глуміць народную душу. Да таго ж адні жабракі могуць праз усё жыцьцё толькі браць. Трэба жэ і нам [калі нябуд] бяручы чужое калі-не-калі даць нешта сваё. А свайго, як мы бачым, мы давалі меней, чым маглі.