Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/469

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

I.

ГІСТОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ І КРЫТЫКА.

1910—1916.

У першы разьдзел увайшло семнаццаць сабраных Камісіяй для выданьня твораў беларускіх пісьменьнікаў артыкулаў М. Багдановіча па гісторыі беларускай, украінскай і расійскай літаратуры, а таксама і па крытыцы. З іх дзевяць нумароў друкуецца з аўтографаў і восем — перадрукоўваецца з газэт, „Нашая Ніва“, „Голос“, з часопісу „Украинская Жизнь“ і зборніку „Калядная Пісанка“, Петр. 1913 г. З тых твораў, якія друкуюцца з аўтографаў толькі адзін — „Забыты шлях“ (№ 8) быў ужо выдрукаваны ў 1918-м годзе у газ. „Вольная Беларусь“. Іншыя-ж восем узятыя з аўтографаў артыкулы, як відаць, нідзе не друкаваліся.

Усе артыкулы данага разьдзелу разьбіты на тры падразьдзелы: беларуская літаратура — восем нумароў, украінская літаратура — пяць нумароў і расійская літаратура — чатыры нумары.

Пабеларуску напісана шэсьць артыкулаў, адзін — паукраінску і дзесяць — парасійску.

Аўтарскае даты ніводзін з гэтых артыкулаў ня мае, а таму датуюцца яны ці на падставе розных даведак фактычнага характару, ці тым годам, калі яны былі ўпяршыню пры жыцьці пісьменьніка выдрукаваны. Да выдрукаванага пасьля сьмерці поэты артыкулу „Забыты Шлях“ (№ 8), які ў выданьні друкуецца з незадатаванага аўтографу, устаноўлена дакладная дата — 1915-ты год (гл. увагу да артыкулу № 8).


Артыкулы пра украінскую літаратуру паводле просьбы Камісіі былі прагледжаны П. П. Філіповічам; некаторыя заўвагі да паасобных месц тэксту гэтага-ж разьдзелу былі дадзены М. А. Драй-Хмараю, А. К. Дарашкевічам і М. К. Зеравым.

1. Ів. Няслухоўскі. Няскончаны артыкул. Друкуецца з аўтографу (1, 3.).

У адным з сваіх лістоў (IX — № 4) М. Б. піша: „пачаў крытычную стацейку аб Няслухоўскім“. Ліст даты ня мае, але са зьместу можна лічыць, што ён напісаны быў яшчэ да падарожы пісьменьніка ў Вільню, мабыць у 1910-м годзе.

Да 3 стар. Перадрукоўваўся ўзята ў дужкі, як папраўка, дапушчаная Камісіяй (у аўтографе стаіць „перадруківаўся“). — Зьявілася колькі ксёнжачак Ельскага. Ельскі беларускі пісьменьнік і культурны дзеяч (1834—1916); яму належаць пераклады, некаторыя ўласныя вершы, популярна-асьветныя брошуры і выданьні народных твораў. Выраз Надта-ж яно міла думаць думкі, і як дзеці, пушчаць пузыр з мыла… узяты Багдановічам з вершу Няслухоўскага „Надта салодкія думкі“ („Вязанка“. Петр. 1903, ст. 19).

2. Глыбы і слаі. Перадрук з „Нашае Нівы“ 1911 г. №№ 3, 4, 5, дзе артыкул быў выдрукаваны з подпісам „М. Б. Ярасласлаўль“.