У аўтографе невядома кiм зроблены папраўкі ў радкох: 13, 17 i 22-м. Папраўка 13-га і 17-га радкоў прынята Камісіяй („Там далёка, у краю родным“). Прынята таксама і папраўка 22-га радку „Зродзіш, край, ты чалавека“, зам. „Ты зродзіш, край, чалавека“.
209. Сонет Арвэра. Выдаецца з чарнавога рукапісу з папкі IV, № 8, 10.
Арвэр (Arvers Alexis-Felix) францускі пісьменьнік; радзіўся ў 1806 г., у Парыжы, памёр у 1850-м г.
Літаратурнай Камісіі, за адсутнасьцю твораў Арвэра ў Менску, не ўдалося ўстанавіць, чым зьяўляецца „Сонэт Арвэра“, — перакладам вершу ці насьледаваньнем.
Варыянт з чарнавога адрыўку з папкі IV, 6, 15:
6Самотны, на‘т калі-б і з ёй ішоў.
У апошнім радку русіцызм „жэншчына“.
У рукапісах поэты захаваўся той-жа верш у расійскай мове (IV, 13, 1), які тут прыводзім:
СОНЕТ АРВЕРА. Святую тайну глубь моей души скрывает, — Ее господь создал и нежной и не злой. |
Пераклады з Вэрлена друкуюцца з дзьвёх крыніц. Дзевяць нумароў — з газэт (№№ 223 і 230 з „Нашае Нівы“ 1913-га г.; №№ 211, 213, 215, 216, 219, 220, 224 — з „Нашае Будучыны“ 1923 г.; астатнія дванаццаць нумароў — чарнавых аўтографаў. Усе яны канчаткова да друку былі падрыхтаваны поэтам ў 1912-м годзе (ліст А. Луцкевіча ад 3-VI—25 г. з копіямі некаторых вершаў і лістоў поэты). Парадак друкаваньня перакладаў прыняты Літаратурнай Камісіяй той, які быў вызначаны самім поэтам у пісьме да рэдакцыі „Н. Нівы“ ад 31-VII-1912 г. (дадаткі да ліста А. Луцкевіча ад 3-VI—25 г.). З пералічаных поэтам у гэтым лісьце вершаў не знашлося толькі аднаго — „Ракаўкі“, а ў канцы групы перакладаў з Вэрлена дадзены яшчэ адзін пераклад („Млоснасьць“ пад № 216), перадрукаваны з „Н. Н.“ 1913-га году, якога няма ў сьпісе поэты.
Пераклады з Вэрлена зроблены месцамі добра і з боку перадачы зьместу і з боку набліжэньня да мастацкага стылю орыгіналу. Але некаторыя месцы павінны быць прызнаны ня зусім закончанымі і нават няяснымі ў сэнсе, што прыходзіцца аднесьці часткаю на орыгінал, часам даволі складана скомпанаваны, а часткаю на няўдалы пераклад. Да гэткіх ня зусім ясных месц у ўвагах даецца роўналежны тэкст з орыгіналу па выданьні „Euvres complètes de Paule Verlaine. Tome premier. Paris. 1911.“