Перайсці да зместу

Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/472

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

II.

Вянок“.

1909—1912.

У другім разьдзеле выданьня зьмяшчаюцца вершы Багдановіча, якія былі выдрукаваны ў асобным зборніку „Вянок“. (Вільня 1913). На другой старонцы зборніку далей тлумачыцца: „Вянок на магілу С. Е. Полуяна“ (памёр 8-га красавіка 1910 г.).

З ліста В. Ластоўскага ад 12-11-26 г. відаць, што аўтарам зборнік быў названы: „Кніжка выбраных вершаў“; назву-ж „Вянок“ і затым дапіску „на магілу С. Е. Полуяна“ даў зборніку В. Ластоўскі з тае прычыны, што поэта быў у блізкім знаёмстве з Полуянам. Поэта вельмі быў здаволены прыдуманым Ластоўскім загалоўкам для свайго зборніку. Гэтая назва („Вянок“) пакінута Камісіяй і ў даным выданьні.

Зборнік, як вышэй было зазначана, прысьвечаны Полуяну.

Студэнт Кіеўскага унівэрсытэту С. Е. Полуян быў талентным беларускім пісьменьнікам. З 1909 году ён супрацоўнічаў у „Нашай Ніве“. Полуян з надзвычайным захапленьнем сустрэў першыя вершы М. Багдановіча і дабіўся, каб яны былі выдрукаваны ў „Нашай Hіве“ (1909 г.). З С. Полуянам поэта завязаў частую перапіску на нацыянальна-культурныя і літаратурныя тэмы, але цягнулася яна нядоўга, бо 8-га красавіка 1910 г. С. Полуян скончыў жыцьцё самагубствам.

„Вянок“ зьяўляецца адзіным зборнікам поэты, які быў выдрукаваны, але ў поэты было наогул імкненьне ўкласьці свае творы ў зборнікі. Аб пахаджэньнi „Вянка“ і іншых зборнікаў, якія проектаваліся, але выдрукаваны ня былі, поэта гаворыць у сваім лісьце (п. IX, № 1): „Праглядаю гэтымі днямі свой „Вянок“. Недахватаў рожных — гібель, ды і кніжка гэта зусім маладая: вершы яе пісаліся з паловы 1909 да паловы 1912 г. г., калі мне было 17—20 год. Але ў ёй усё-ж такі ёсьць і творчасьць, і натхненьне, і сур‘ёзная праца. Узяў я карандаш, палавіну вершаў выкасаваў зусім, другую прабую абгладзіць. Дадам да гэтай другой палавіны лепшыя з вершаў 1912—15 г.г., і выйдзе зборнік „Маладзік“ або „Красавік“… У 1913 г. я асабліва ахвотна пісаў, кажучы вялікарускае слова, „ізящные“ вершы; з іх бадай што ні адзін друку ня бачыў. Выйдзе яшчэ адзін зборнічак „Пярсьцёнак“. А з вершаў апошняга часу і трэці — „Шыпшына“. Укласьці гэтыя кніжачкі, пэўна, не пасьпею, але думаць аб іх прыемна…“

Як поэта прадбачыў, ніводнага зборнічку з памянёных ён укласьці не пасьпеў, але плян да „Красавіка“ і „Шыпшыны“ ім складаўся. У сьпісе твораў да „Красавіка“ поэтам прыведзена сорак дзьве даты. Пры ўстанаўленьні году напісаньня вершаў, якія зьмяшчаюцца ў выданьні, Літаратурнаю Камісіяю ўсе гэтыя даты выкарыстаны, што і зазначаецца ў паасобных увагах да вершаў.

Пры ўстанаўленьні тэксту Камісія карысталася двума экзэмплярамі „Вянка“.