Першы экзэмпляр — аўтарскі (№ 1), крыху абгарэлы, з паказаньнем ершавальных памераў, з невялічкімі папраўкамі і з зазначэньнем даты апісаньня некаторых вершаў.
Другі экзэмпляр „Вянка“ цэлы (№ 2). Ён знаходзіўся ў Ялце ў апошняе падарожжа туды поэты. На гэтым экзэмпляры рукою аўтара напісана: „Милому человеку и товарищу по работе Николаю Григорьевичу Огурцову от автора. Ярославль 1914-20/III“. Відаць кніга ня была адаслана Огурцову і засталася ў аўтара. На гэтым экзэмпляры поэтам зроблена шмат паправак як чарніламі, так і алоўкам. У гэтым-жа экзэмпляры закасована рукою поэты пятнаццаць наступных вершаў.
1)*** У небе ля хмары грымотнай (№ 97).
2)„Прывет табе, жыцьцё на волі“ (№ 29).
3)*** „Блішчыць у небе зор пасеў“ (№ 100).
4)*** „Вечар на захадзе ў попеле тушыць“ (104).
5)*** „Плакала лета, зямлю пакідаючы“ (106).
6)*** „Ноч. Газьніца гарыць, чырванее“ (109).
7)Зімовая дарога (110).
8)Романс „Зорка Вэнэра“ (115).
9)„Сумна мне, а ў сэрцы“… (118).
10)„Ня кувай ты, шэрая зязюля“ (119).
11)Ян і маці (120).
12)*** „Сэрца ные, кроіцца ад болю“ (121).
13)Думы. С. Е. Полуяну (139).
14)Каганцу (140).
15)Трыолет (173).
З прычыны таго, што новага тэксту да гэтых вершаў поэта ня даў, яны зьмяшчаюцца ў выданьні з тэксту „Вянка“.
З выкарыстаных Камісіяю двух экзэмпляраў „Вянка“ ў паасобных выпадках у друкаваны тэкст вершаў уведзены некаторыя зьмены на падставе аўтарскіх паправак. Уводзіліся яны толькі ў тых выпадках, калі давалі ўзоры больш дасканалага тэксту і лексыкі, якая болей адпавядае сучаснай літаратурнай мове. Ува ўсіх выпадках, калі да асноўнага тэксту ўнесены аўтарскія папраўкі, зроблены заўвагі да кожнага вершу паасобку, у якіх да адпаведнага месца прыводзіцца тэкст „Вянка“, пры гэтым уведзены ў тэкст варыянт друкуецца ўверсе (курсывам), а тэкст „Вянка“ — зьнізу. Прыкладам, да в. „Чуеш гул“ (гл. ўвагу № 91) у радку шостым: „Ці казаць ад чаго пацямнела рака“ — тэкст, прыняты Камісіяю, выдрукаваны ўверсе, а розначытаньне „Вянка“ — „І ці трэба казаць, чаму сьціхла рака“ — зьмешчана зьнізу.
90. Вы, хто любіце… Напісаны ў 1912 годзе, як зазначана рукою аўтара ў экзэмпляры „Вянка“ № 1.
Блізак тэмаю да вершу „Пэўна любіце вы, пане“ (гл. 1-шы разьдзел № 31).
У „Вянку“ пасьля вершу № 90 („Вы, хто любіце натрапіць“…) цераз старонку выдрукавана:
„1.Малюнкі і сьпевы.
Этот листок что иссох и свалился.
Золотом вечным горит в песнопеньи.
А. Фет“.
91. Чуеш гул? Перадрук з тэксту „Вянка“ з наступнымі аўтарскімі зьменамі, узятымі з экзэмпляру „Вянка“ № 2.
У 3 р. „навяваючы“ зам. „разважаючы“.
6 | Ці казаць, ад чаго пацямнела рака. | |
І ці трэба казаць, чаму сьціхла рака. |